Выбрать главу

З увядзеннем ваеннага становішча большасць беларускіх арганізацый спыніла сваю дзейнасць. Выходзілі аднак два перыядычныя выданні — «Наша ніва» і «Беларус».

«Наша ніва» да мабілізацыі і прагандысцкай падрыхтоўкі да вайны паставілася без энтузіязму, змяшчаючы публікацыі, якія паказвалі яе лютасць і бяссэнсавасць. Каталіцка-кансерватыўны «Беларус» да дзеянняў расійскіх улад паставіўся са зразуменнем, падкрэсліваючы іх намаганні накіраваныя на запэўненне бяспечнасці краіне і яе жыхарам.

Паражэнне расійскіх армій ва Усходняй Прусіі ў канцы жніўня 1914 г. схіліла ўлады да рэвізіі палітыкі ў заходніх губернях, да змякчэння некаторых абмежаванняў ваеннага становішча і пошукаў падтрымкі з боку элітаў, прадстаўляючых паасобныя нацыянальнасці. У красавіку 1915 г. віленскія губернскія ўлады дазволілі заснаваць Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (БТДПВ), якога маршалкам стаў Вацлаў Іваноўскі, а намеснікамі — Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве аддзелы Таварыства паўсталі ў Мінску, Вілейцы, Друскеніках, Полацку, Гродне. У выдадзенай у чэрвені 1915 г. лістоўцы «Да грамадзян Беларусі» БТДПВ заклікала насельніцтва прыйсці з дапамогай асобам, якія страцілі маёмасць, сем’і, здароўе. Таварыства, як легальная арганізацыя, было таксама зручнай шырмай для вядзення нацыянальнай дзейнасці. У вялікай меры структуры БТДПВ выкарыстоўваліся беларускай інтэлігенцыяй для вядзення дзейнасці не зусім згоднай са статутам.

У выніку наступлення нямецкіх войскаў летам 1915 г. лінія фронту перасунулася на тэрыторыю Беларусі. Адступаючыя на ўсход расіяне распаўсюджвалі несапраўдныя весткі аб здзеках нямецкіх салдат над праваслаўным мірным насельніцтвам. Пад уплывам прапаганды, распаўсюджваемай таксама ў цэрквах, агромная лавіна людзей рушыла на ўсход. Сяляне загружалі вазы рухомай маёмасцю і падаваліся ў напрамку найбліжэйшай чыгуначнай станцыі, ўказанай уладамі. Згодна з прынятай тактыкай спаленай зямлі, расійскія салдаты падпальвалі апусцелыя будынкі.

Невядомы дакладныя даныя аб маштабе бежанства. У палове 1916 г. на тэрыторыі Расіі прабывала 1,3 млн. чалавек з беларускіх губерняў, а ў маі 1918 г. было іх на мільён больш. Пераважную большасць бежанцаў складалі праваслаўныя жыхары Гродзенскай і Віленскай ды заходніх паветаў Мінскай губерняў. На захад ад лініі фронту, які праходзіў праз сярэдзіну Беларусі, засталіся перш за ўсё католікі і яўрэі, якія не паддаліся істэрыцы, выкліканай расійскімі ўладамі, і не пакінулі сваіх вёсак і мястэчак. Католікі, якія звычайна ў штодзённым жыцці карысталіся беларускай мовай, знаходзіліся аднак пад уздзеяннем кліру, які кіраваўся польскімі інтарэсамі, а тыя не патрабавалі пакідаць зямлю з прычыны змены акупанта.

Большасць бежанцаў з Беларусі папала ў Курскую, Разанскую, Екацерынбургскую, Харкаўскую, Саратаўскую і Самарскую губерні ды ў Маскву і Петраград (назва Пецярбурга ад 1914 г.).

Восенню 1915 г. фронт замацаваўся на лініі Дзвінск- Баранавічы-Пінск. Па абодвух баках гэтай лініі стаяла каля 2,5 млн. салдат. Наяўнасці такой колькасці войска спадарожнічалі рэквізіцыі коней, быдла, свіней, збожжа, знішчэнне пасяўной плошчы ў шырокай прыфрантавой паласе. Пагоршвала гэта становішча астаўшагася на месцы мірнага насельніцтва, якое абедзве арміі прымушалі працаваць на сваю карысць — капаць равы, будаваць дарогі, даваць падводы.

У канцы 1915 г. у нямецкай акупацыйнай зоне, нягледзячы на спрыяльную палітыку новых улад, беларускае нацыянальнае жыццё значна паслабела. Немцы падтрымоўвалі сепаратысцкія імкненні паасобных нацый, якія пражывалі ў Расійскай імперыі. На акупаваных немцамі абшарах хутка ўзнікалі структуры польскіх і літоўскіх грамадскіх, палітычных, культурных і асветных арганізацый. Беларускі рух не быў так дынамічны перш за ўсё з прычыны бежанства праваслаўнага насельніцтва. Беларусы-католікі, інакш чым палякі, у выніку нямецкай акупацыі былі пазбаўлены кантакту з большасцю свайго народа. Частка дзеячаў БТДПВ на чале з Вацлавам Іваноўскім выехала ў Расію, у Вільні засталіся працягваць дзейнасць браты Луцкевічы, Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч і Вацлаў Ластоўскі. У снежні 1915 г. удалося ім сарганізаваць настаўніцкія курсы, а неўзабаве адчыніць школу з беларускай мовай навучання.