Выбрать главу

Развіццю беларускага школьніцтва спрыялі распараджэнні акупацыйных нямецкіх улад, якія нерасіянам забаранялі вучыць сваіх дзяцей на рускай мове. Дзякуючы Касцёлу, памешчыкам і інтэлігенцыі павысілася перш за ўсё значэнне польскай мовы. 16 студзеня 1916 г. генерал-фельдмаршал Паўль фон Гіндэнбург выдаў распараджэнне, якое ўводзіла абавязак навучаць на роднай мове. У палове кастрычніка 1916 г. у Свіслачы на Гродзеншчыне была адчынена першая настаўніцкая семінарыя, а ў Вільні аднавіла дзейнасць Беларускае выдавецкае таварыства, выйшла газета «Гоман», якая выступала за палітычную і культурную аўтаномію для Беларусі ў складзе Расіі. Рэдактарам газеты стаў Вацлаў Ластоўскі.

У канцы 1916 г. у Вільні паўстаў Беларускі клуб — арганізацыя накшталт дыскусійнага форуму для асоб, якія прадстаўлялі розныя палітычныя погляды. Клуб перш за ўсё быў месцам абмяркоўвання спрэчных пытанняў у справе будучыні Беларусі. У 1917 г. віленскія беларусы мелі свой тэатр, якім кіраваў Францішак Аляхновіч, кнігарню і бібліятэку. Стварылі яны новыя арганізацыі — Беларускі настаўніцкі хаўрус, Беларускае навуковае таварыства, Таварыства дапамогі бедным дзецям.

Апрача Вільні цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху былі школы. У канцы 1916 г. было іх толькі восем. Некалькі месяцаў пазней працавала ўжо 50 школ, з ліку якіх 46 знаходзіліся ў беластоцка-гродзенскай школьнай акрузе. Аднак была гэта невялікая колькасць у параўнанні з польскім школьніцтвам, якое мела ў сваім распараджэнні сотні школ на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны. Развіццё беларускага школьніцтва ўдачна тармазілася каталіцкім духавенствам, якое найчасцей выказвалася за пасыланне дзяцей у польскія школы. Лік беларускіх школ павысіўся да 350 толькі ў 1918 г., калі з Расіі пачалі вяртацца праваслаўныя бежанцы і настаўнікі, якія працавалі ў расійскай асвеце да 1915 г. Семінарыя ў Свіслачы, хаця і выпусціла звыш ста настаўнікаў, не была ў змозе вырашыць кадравае пытанне беларускага школьніцтва.

19 снежня 1915 г. у Вільні выйшаў «Універсал Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага». Быў ён надрукаваны на беларускай, літоўскай, яўрэйскай і польскай мовах. Яго аўтарамі былі браты Іван і Антон Луцкевічы. «Універсал» напісалі яны ў паразуменні з некалькімі прадстаўнікамі пералічаных народаў, а затым канцэпцыяй аднаўлення Вялікага княства Літоўскага, як самастойнай дзяржавы, прабавалі зацікавіць немцаў і цэнтры польскага і літоўскага палітычнага жыцця. Іх прапановы не знайшлі, аднак, ніякага водгуку ў адрасатаў. І палякі, і літоўцы выказваліся за аднаўленне сваіх нацыянальных дзяржаў, а немцы ў сваю чаргу дзяржаўную прыналежнасць Беларусі абумоўлівалі вынікамі вайны з Расіяй.

Беларускае пытанне ўпершыню паявілася на міжнароднай арэне ў красавіку 1916 г. падчас канферэнцыі народаў Расіі ў Стакгольме. У выніку захадаў прысутных на канферэнцыі беларускіх палітыкаў — Івана Луцкевіча і Вацлава Ластоўскага — быў вынесены пастулат палітычнай і культурнай аўтаноміі для Беларусі ў складзе расійскай дзяржаўнасці.

Сітуацыя ў Беларусі на ўсходнім баку лініі фронту была звязана з ходам падзей у Расіі. І хаця ў 1915–1916 гадах у Мінску і Петраградзе дзейнічалі структуры Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і выходзілі штотыднёвікі «Светач» і «Дзянніца», аднак іх уздзеянне на беларускае грамадства было нязначнае. Арганізаванне месц працы, кравецкіх, пчалярскіх ці агародніцкіх курсаў для бежанцаў і гульняў для іхных дзяцей — гэта ўся дзейнасць, на якую дзеячам БТДПВ дазвалялі расійскія ўлады. З другога боку, служба ў расійскай арміі сотням тысяч беларускіх сялян прынесла паскораную палітычную адукацыю. Былі яны відавочцамі паступовага падзення аўтарытэту ўлады, арміі і расійскай дзяржавы. Лютаўская рэвалюцыя падштурхнула да дзеяння грамадскія і нацыянальныя групоўкі, якія некалькі гадоў раней далёкія былі ад ідэалаў, з якімі цяпер атаясамліваліся.

У Мінску і многіх іншых гарадах Беларусі падзенне царызму ўспрымалася энтузіястычна. Усе чакалі скорага заканчэння вайны. Антываенную атмасферу згушчаў факт прысутнасці ў Беларусі амаль паўтарамільённай расійскай арміі. Для насельніцтва знаходжанне так вялікай колькасці войска было надта значным абцяжараннем, а для расійскіх салдат вайна, пасля некалькіх спроб выгнання немцаў, цалкавіта страціла сэнс. У Мінску і наваколлі стаяла звыш 150 тыс. салдат. Пераняць кантроль над такой масай войска стараліся таксама бальшавікі, якія, так як ва ўсёй Расіі, пачалі ствараць саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Беларусь, аднак, заставалася часткай расійскага палітычнага тэатра, а беларускі нацыянальны рух, хаця пасля лютаўскай рэвалюцыі развіваўся надта інтэнсіўна, знаходзіўся ўсяго толькі на абочыне галоўнага рэчышча падзей 1917 г.