Выбрать главу

Заслона

Дзея другая

XI

Суд інквізіцыі.

Інквізітар. Прозвішчы?..

Скарына. Францыск, сын Скарынін.

Інквізітар (Адверніку). Тваё?..

Адвернік. Не вялікі гонар знаёміцца. Так што не будзем тыкацца, разам свіней не пасцілі.

Біскуп. Скарыся, раб Божы, Гасподзь міласэрны!

Інквізітар. Трэба думаць не пра міласэрнасць Боскую, а пра паслушэнства яму. (Кату.) Дапытваць да таго часу, пакуль не з’явіцца жаданне пазнаёміцца. (Кваліфікатару.) Зачытайце пастанову святога судзілішча.

Кваліфікатар (зачытвае). «Мы, Боскай міласцю Інквізітар святога судзілішча, уважліва вывучыўшы матэрыялы справы, узбуджанай супраць ерэтыка, які не хоча назваць імя свайго, і ўлічваючы, што ён блытаецца ў сваіх адказах…»

Адвернік. Блытаюся? Я ж яшчэ нават імя свайго не назваў…

Кваліфікатар. «…што ён блытаецца ў сваіх адказах і што маюцца дастатковыя доказы яго віны, жадаючы пачуць праўду з уласных вуснаў яго і з тым, каб больш не зневажаліся вушы суддзяў, пастанаўляем і рашаем прымяніць да зацятага ерэтыка катаванне».

Скарына (да прысутных). Спыніцеся, малю вас!

Адвернік. Кінь, Францыск, прыніжацца. Хіба не бачыш, як чорныя крумкачы паленага мяса чакаюць?

Стражнікі бяруць Адверніка пад рукі, а ён знянацку б’е іх ілбамі адзін аб аднаго і шпурляе на стол святога судзілішча. Кат апускае ланцуг на галаву Адверніка.

Скарына (падхоплівае Адверніка). Юрый!

Адвернік. Нічога, братка. Жылі мы з табой адным жыццём, а смерць у кожнага будзе свая.

Кат валачэ Адверніка ў катавальню. Стражнікі становяцца за спінай Скарыны.

Інквізітар (Скарыне). Пакляніцеся, што будзеце гаварыць толькі праўду!

Скарына. Можаце быць упэўнены, я вас і без клятвы не ашукаю.

Iнквізітар (Кваліфікатару). Зачытайце падсуднаму тэкст клятвы!

Кваліфікатар (зачытвае). «Я, Францыск, сын Скарынін, у навуках вызваленых і лекарстве доктар, клянуся і абяцаю да таго часу, пакуль змагу, праследаваць, выкрываць, садзейнічаць арышту і дастаўцы інквізітарам ерэтыкоў любой асуджанай секты, іх прыхільнікаў, іх памагатых і абаронцаў, а таксама ўсіх тых, пра якіх я ведаю ці думаю, што яны ерэтыкі, у любы час і ўсякі раз, калі выяўляю іх». Падпісвайце!

Скарына. Гэтай мярзоты не падпішу.

Біскуп. Работа на карысць святой інквізіцыі палегчыла б ваша становішча.

Скарына. Хопіць святой інквізіцыі і той ганебнай работы, якую выконвае на яе карысць ваша прападобнасць.

Iнквізітар. Назавіце нам сваіх духоўных настаўнікаў.

Скарына. Усіх назваць ці асноўных?

Інквізітар. У нас ёсць час. Пералічвайце і асноўных і ўсіх.

Скарына. Асноўны — дзяк Мяфодзій з Полацка.

Сенатар. Нездарма кажуць: якія настаўнікі, такія і вучні.

Скарына. Дарэмна спяшаецеся. Сярод маіх настаўнікаў, пан Сенатар, быў не толькі дзяк полацкі, але і кароль дацкі, у якога я меў гонар быць за сакратара. Сярод настаўнікаў любімых я назваў бы Арыстоцеля і Авіцэну, сярод асноўных — Сенеку і Цыцэрона, Галена і Гіпакрата. Добрымі дарадчыкамі былі мне Платон і Пталамей. Сёння сэрца маё належыць Франсуа Рабле і Эразму з Ротэрдама, Томасу Мору і…

Iнквізітар (перапыняе). Ці не занадта вялікае ў вас сэрца, каб умясціць у ім адразу так многа ерэтыкоў?

Сенатар. I ці не знайшлося ў ім месца для Яна Гуса і іншых богаадступнікаў, адлучаных ад царквы і спаленых на кастры?

Скарына. Сэрца чалавечае вялікае. Яно можа змясціць у сабе ўвесь свет.

Біскуп. Суд чакае ад вас раскаяння і толькі таму цярпліва выслухоўвае вашы дзёрзкія заявы.

Скарына. Пра раскаянне я з вамі яшчэ не дамаўляўся.

Інквізітар. Дамовімся, як толькі вызваліцца Кат.

Сенатар. Як вы трапілі ў Італію і чаму?

Скарына. Было б дзіўна абысці край, слава якога грыміць універсітэтамі Балонні, Сіены і Падуі!

Iнквізітар. Слава Італіі ў славе яго святасці Папы.

Скарына. Папы смертныя. Слава ж Італіі ў бессмяротнасці Дантэ Аліг’еры і Мікеланджэла Буанароці, Леанарда да Вінчы і Рафаэля Санці, Петраркі і Бакачыо, Джарджоне і Тыцыяна.