Выбрать главу

Сенатар. Неверагодна, што ён пляце?! Заткніце яму глотку!

Скарына. Не, неверагодна якраз тое, што Італія спарадзіла не толькі тытанаў розуму і мудрасці, але і кастры інквізіцыі… Італія слухала ўтрапёнага Саванаролу і вальнадумнага Пампанацы. У Італіі знайшоў сваю альма-матэр Мікалай Капернік.

Iнквізітар. Вы і гэтага лічыце разумнікам?

Скарына. Мне заўсёды шчасціла на сустрэчы з разумнымі людзьмі.

Біскуп. Выслухаўшы вас, мы, відаць, не зможам гэтым пахваліцца.

З’яўляецца Нунцый.

Сенатар. Далучаюся да вас, найшаноўнейшы айцец, бо я, як і вы, не магу пахваліцца, што сустракаў многа разумных людзей.

Скарына. «Пяцьдзясят гадоў жыву я на свеце, гадоў трыццаць шукаю разумных людзей і нідзе не знаходжу іх», — сказаў нехта філосафу Эмпедоклу. — «Мой дружа! — адказаў яму Эмпедокл. — Толькі разумныя знаходзяць разумных».

Нунцый (пляскае ў далоні). Брава, доктар Скарына!

Сенатар (нешта з цяжкасцю глытае). Ты, брудны ерэтык, згарыш раней, чым думаеш!

Скарына. Але не раней, чым вы праглынеце апошні кавалак. Інакш святое судзілішча не пачуе ўсёй той праўды, якую я абяцаў, а вы не адолееце адчування голаду.

Сенатар (ускоквае і крычыць). У катавальню яго!!!

Нунцый. Які вы, аднак, нецярплівы, Сенатар. (Да членаў суда.) Рэкамендую ўсім перадыхнуць.

Усе, акрамя Скарыны, выходзяць. Кат прыносіць непрытомнага Адверніка, апускае яго на падлогу.

Кат (спачувальна). Лепш бы не пераносіць. Дурная прыкмета: варта перанесці грэшніка на іншае месца, як ён тут жа памірае.

Скарына (агледзеўшы Адверніка). Вы вырвалі яму рукі?..

Кат (садзіцца на калоду). Я і ногі вырву. I табе вырву… Ды не глядзі ты на яго ногі: якая цяпер ужо розніца — ці я спалю яго па частках, ці адразу? За сябе паклапаціся. Ты думаеш, мне вялікая ахвота расцягваць вас тут ды падсмажваць. Гэты, добра, маўчаў, а іншыя верашчаць, енчаць, галосяць — брыдка слухаць… Мне так здаецца, што і ты спачатку маўчаць будзеш, а пасаджу я цябе на кол ды падцягну разочкі са два, як таго доктара… Калі ерэтык не сазнаўся пасля гадзіннага катавання, значыць, ён надзвычай моцнага здароўя. А залішняя мяккасць… Раз мяккасць, два мяккасць, а там і самога на касцёр пацягнуць… Ты ўжо даруй! На рабоце я. Дарэчы, хлопчыку майму лепш. (Падае Скарыне шклянку вады.)

Скарына. Я вельмі рады… Дзякую вам. (Поіць Адверніка.)

Адвернік (прастагнаў). Францыск, дружа!..

Скарына. Юрый, любы мой! (Прыпадняў, прытуліў да сябе.)

Адвернік. Што ж гэта за суд такі, Францыск?! Гэта ж не святое судзілішча, а зборышча ваўкалакаў. За што ж яны, сыраеды пачварныя, льюць кроў нявінную?.. У нас жа яшчэ пры Вітаўце такіх суддзяў сабакам на корм кідалі. (Пасля паўзы, нібы ў забыцці.)

Пайшоў каток у лясок, Прынёс каток паясок,

Скарына занепакоена прылажыў руку да лба Адверніка.

Пайшоў каток на ганачак, Прынёс каток бараначак.

Скарына (тармосіць яго за плячо). Юрый! Што ты, Юрый?!

Адвернік. Не трывожся, Францыск, я так. Сынок мой, Сцяпанка, любіў гэту калыханачку. (Ціха спявае. Яму дапамагае Скарына.)

Пайшоў каток у лавачку, Прынёс каток булавачку.

З’яўляецца Нунцый, услухоўваецца ў мелодыю.

Пайшоў каток на таржок, Прынёс каток піражок…

Нунцый. Спяваюць? Кат пад іх дровы рыхтуе, а яны спяваюць.

Скарына (пасля доўгай паўзы). Песні гнеў і ярасць утаймоўваюць, мір і пакой чыняць, смутак і скруху адганяюць, жорсткае сэрца мякчаць і слёзы з яго, як бы з крыніцы, зводзяць.

Нунцый. Слязамі касцёр не пагасіш, доктар…

Адвернік. Мы не са слязамі, мы на касцёр з песняй пойдзем.

Нунцый. Калі Кат языкі не вырве. Дарэчы, пакліч Пісара.

Кат. Слухаю, святы айцец. (Выходзіць.)

Адвернік. Язык можна… Песні з душы не вырвеш.

З’яўляюцца Пісар і Кат.

Нунцый (Скарыне). Пройдуць вякі, пакуль нехта даведаецца пра тое, як вы тут трымаліся.

Скарына. I ўсё ж гэтыя вякі пройдуць. Патомкі нашы…