Выбрать главу

Сенатар. А чаму вы так вырашылі?

Нунцый. Каб не здарылася перамяшчэння… Няхай ужо лепш будзе пуста і тут (мацае за лысіну) і ў страўніку. (Рагоча.)

Усе смяюцца і выходзяць.

Значыць, доктар, вы жадаеце стаць святым мучанікам? Вы марыце аб цярновым вянку? Вы шукаеце славы?

Скарына. Я хачу шчасця свайму народу. Хачу, каб ён знайшоў яго не праз кастры і шыбеніцы, а праз асвету, навуку, розум і мудрасць. Мая мара — грамадства справядлівасці, дзе пануюць мір, згода і законнасць. Глыбока перакананы, што месца чалавека пад сонцам павінна вызначацца не яго радавітасцю ці веравызнаннем, а розумам, энергіяй, ведамі і жаданнем быць карысным агульнай справе. Я шукаю гармоніі і дасканаласці ў чалавеку, грамадстве, у свеце. Веру ў чалавека, веру ў яго добры, разумны пачатак. Мудрасць чалавека, розум чалавека ёсць маці ўсіх добрых спраў і настаўнік усякаму добраму ўменню. Абавязак мудрых людзей уз’яднаць Арыстоцелеву і жыццёвую мудрасць.

Нунцый. Мудрасць даецца нам Богам, каб пазнаць Бога, а вы рашылі выкарыстаць яе на тое, каб разбэсціць паству.

Скарына. Мая дзяржава…

Нунцый (перапыняе). Дзяржаў многа, Бог адзін. I мы, яго верныя слугі і воіны, зробім усё, каб вера, як і Бог наш, стала адзінай.

Скарына. Адукацыя, вучонасць, кнігі, а не саюз цэркваў і рэлігій з’яднаюць народы.

Нунцый. Цяпер зразумела, чаму ў вашых прадмовах не сказана пра каталіцкую царкву і веру ні адзінага добрага слова.

Скарына. У маіх прадмовах не ўхваляецца ні адна царква і вера, але і не ганьбіцца ніводная. Бог адзін, а веры розныя. Вы пазнаяце Бога, я яшчэ хачу пазнаць веру і людзей. Мне здаецца, што навука і багаслоўе пайшлі рознымі шляхамі, бо ў іх рознае ўяўленне аб ісціне. Можа, духу разумнасці святой суджана іх уз’яднаць?..

Нунцый. Што яшчэ за дух такі?

Скарына. Дух дабра, чалавекалюбства, справядлівасці, ісціны, подзвігу, самаахвярнай любові да Айчыны.

Нунцый. Інтарэсы сваёй Айчыны вы ставіце вышэй за інтарэсы Бога, царквы і веры?

Скарына. Іменна таму на маёй зямлі за найбольшае злачынства самая цяжкая кара — выгнанне з Радзімы.

Нунцый. Найвышэйшы закон — Закон Божы, і найвышэйшая кара — кара Гасподняя.

Скарына. Найперш за ўсё закон, правы пісаныя, ёсць закон прыродны, усім людзям ад Бога дадзены. Ён напісаны ў сэрцы адзінага і кожнага чалавека. Ён дадзены яму Богам разам з розумам і свабоднай воляй — то чыніць усім іншым, што самому люба ад усіх іншых мець, і таго не чыніць іншым, чаго сам не хочаш ад іх мець. А вы сябра майго і тысячы іншых без суда і дазнання ў магілу зводзіце.

Нунцый. I вы і ваш друг абвінавачваецеся ў ерасі.

Скарына. Абвінаваціць можна і невінаватага, але выкрыць — толькі вінаватага. Асуджэнне ж невінаватага — ёсць асуджэнне саміх сябе.

Нунцый. Я не веру, доктар, што ваша ўпартасць сведчыць аб вашай сіле. Ці вы згодзіцеся на саюз з намі, ці наша суровасць прывядзе да выніку, якога чакае ад нас Бог.

Скарына. Злоба нараджае горшую злобу. Хто ўзяў нож — ад нажа і загіне. Не забывайце пра гэта, святы айцец.

Нунцый. У такім разе суд і Кат прадоўжаць сваю работу. (Выходзіць.)

Вяртаюцца ўсе ўдзельнікі суда і займаюць свае месцы.

Кваліфікатар. Святое Пісанне ерэтык малюнкамі спаганіў. I толькі за гэта заслугоўвае спальвання.

Скарына. Тады і Папа Рымскі заслугоўвае таго ж, бо ён дазволіў Мікеланджэла размаляваць Сіксцінскую капэлу. Мае ж малюнкі ў кнігах змешчаны для таго, каб дзеці малыя і людзі простыя, чытаючы, маглі лепей разумеці.

Сенатар. У вашых малюнках вялікі не Бог, а чалавек!..

Скарына. Гэта не самае горшае ў іх.

Сенатар. I тое, што будаўнікі храма ў вас апрануты ў што папала, таксама не самае горшае?

Скарына. Што ў каго было, тое той і апрануў.

Сенатар. А твары?! (Гартае кнігу.) Вось! У малюнку «Стварэнне свету» ў абліччы Бога, няхай даруе мне Усявышні, няма ніякай святасці, а падпяразаны хітон падобны на звычайны сялянскі армяк. Уся фігура Бога Айца, няхай даруе мне Усявышні, амужычана. Што Бог, што чалавек — ніякай розніцы!

Скарына. Я рызыкнуў на гэта толькі таму, што ў нас нават на Масковіі Андрэя Рублёва за гэта не папракалі. I Бог — чалавек, і чалавек — Бог.