Выбрать главу

Лютэр (хмура). У кожнага нунцыя свой густ. (Прыхінуў да сябе Эльзу.)

XIV

Суд інквізіцыі.

Інквізітар (да суддзяў). Панове суддзі! Угаворы нашы словам Божым, як вы пераканаліся, не змаглі скіраваць ерэтыкоў да хрысціянскай набожнасці. Каб паршывыя авечкі не заразілі ўсё стада, каб спакуслівы прыклад не пашкодзіў усёй хрысціянскай абшчыне, каб нас не спасцігла кара і гнеў Божы, мы, па пільным абмеркаванні абставін, пераходзім да прыгавору. Прывядзіце другога падсуднага.

Пісар выходзіць і вяртаецца з Катам. З’яўляецца Нунцый.

Кат. Найшаноўнейшыя суддзі! Пасля таго як я заняўся ім, ён, здаецца, памірае.

Інквізітар. Тым больш ён павінен быць тут.

Стражнікі цягнуць ледзьве жывога Адверніка.

Нунцый (Скарыне). Вы ўсё-такі загубілі яго. А маглі выратавацца абодва. (Кваліфікатару.) Працягвайце!

Кваліфікатар (чытае). «Мы, пайменаваныя па міласэрнасці Божай асобаўпаўнаважанымі святым прастолам, прызваўшы імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і яго славутай Маці Дзевы Марыі, прыйшлі да наступнага прыгавору: асуджаем і аб’яўляем доктара Францыска, Скарыніна сына, русіна, і яго саўдзельніка, імя свайго не назваўшага, і якія не пакаяліся, настойлівымі, непахіснымі, упартымі і зацятымі ерэтыкамі. Мы адлучаем вас ад нашай святой веры і царквы, міласэрнасці і літасцівасці якой вы аказаліся недастойнымі. Мы перадаём вас свецкаму суду, каб ён пакараў вас належнай карай. Звыш таго загадваем, каб ад гэтага часу ўсе кнігі Францыска Скарыны, якія знаходзяцца ў святой службе і ў будучым трапяць у яе рукі, былі б унесены ў спіс забароненых кніг, публічна разарваны і спалены на плошчы. Ды будзе так, як мы сцвердзілі».

Нунцый. Амін.

Суддзі выходзяць.

Скарына. Ты праклінаеш мяне, Юрый?

Адвернік. З чаго ты ўзяў?

Скарына. Я загубіў цябе…

Адвернік. Кінь дурную гаворку, Францыск. Ты мяне папярэджваў. Я ведаў, што твая справа небяспечная.

Скарына. Даруй, дружа!

Адвернік. Не трэба. Ты не вінаваты. Я сабе дараваць не магу, што Маргарыту з сабой узяў… Сцяпанку асірацілі. Пагнала ж нас нялёгкая праз Нямеччыну! А думалася, у Вільні паперню паставім, станкі друкарскія справім, з Масквою сувязь наладзім. I загудзе справа кніжная… Такая няўдача! Такая прамашка!

Скарына. Што б там ні здарылася, а тое, што мы пачалі, не спыніцца. Максім Грэк адзінай надзеяй жыве — на Маскве друкарства распачаць. Найстаршы бургамістр Вільні Якуб Бабіч кніжнай справай загарэўся. Князь Канстанцін Астрожскі вялікі міласнік друкаванай кнігі. Не памрэ наша справа. Юрый! Не павінна!.. Толькі б Пётра з Маргарытай выратаваліся.

Адвернік. А нашы зараз да зубрыных ловаў рыхтуюцца. Сапраўднае паляванне на сапраўднага звера… I няма нічога больш справядлівага, як сысціся з ім адзін на адзін.

Скарына (чытае па памяці).

Што да мяне, то сваё паляванне і ловы Адпаляваў я. Адзіная ўцеха ў самоце — Жыць успамінамі. Думкай ляціш быстракрылай Ноччу і днём на радзіму, у памяці сеці Вабіш той час незабыўны, што некалі ў нетрах Родных лясоў разгубіўся, і кліч — не даклічаш… Што ў іх, тых закліках? Час улавіць немагчыма. Гонішся, смертны, за страчаным часам, прыстанеш, Не даганяеш, бо што прамінула — не вернеш. Гэты пясок-плывунец высыпаецца ў вечнасць.

Адвернік. Маргарыту дарэмна з сабой узяў.

Скарына. Хто ж ведаў. Любіць яна цябе надзвычайна, вось і не засталася дома.

Адвернік. Відаць, што любіць.

Скарына. А ты хіба сумняваешся?

Адвернік. Якія сумневы. Як даведалася, што да цябе еду, на хвіліну не адышла. Не возьмеш, кажа, з сабою, памру ад скрухі. Узяў… і загубіў!.. Францыск, братка, ты разумны, добры, але ты сляпы. Маргарыта любіць цябе. Яна толькі прызнацца сабе не можа…

Скарына. Так не бывае, Юрый!

Адвернік. Бывае! Я перад смерцю кажу табе: бывае! Ты будзеш шчаслівы, калі захочаш. Сын у мяне, Сцяпанка… Яму бацька трэба. Падтрымай Маргарыту, Францыск!..

Скарына. Я застануся з табой.

Доўгая паўза.

Адвернік. Пераказаў бы ты мне, Францыск, як там у Гусоўскага пра смерць зубра напісана…

Скарына. Можа, я перакажу што-небудзь іншае?