Адвернік. Бедны Кат! Ты ўжо беражыся! Як жа яны без тваіх залатых рук?..
Кат. Яны без рук не будуць. (Праз паўзу.) Пайду піва прынясу. Люблю пасядзець з пацыентам на развітанне. (Выходзіць.)
Адвернік. Францыск… Вазьмі мой крыж, Францыск, а мне аддай свой. Пабратаемся. (Мяняюцца нацельнымі крыжамі.) Рад я, брат мой, што не пахіснулі яны моцнага духу твайго. Не сагнулі непаклоннай галавы! А тут падумаць сорамна — канчаецца маё доўгацярпенне.
Скарына. Трымайся, брат мой, ужо не доўга…
Адвернік. Пэўна, і Маргарыту і Пятра недзе катуюць… Францыск, ты сказаў ім усё, што хацеў… Можа, зараз пакаемся… для прыліку… каб лягчэй памерці… каб не плявалі… я ўжо не кажу пра абцугі…
Скарына. Мы памрэм не першыя і не апошнія. I не смерць наша ім патрэбна. Рукамі і сумленнем нашым авалодаць хочуць, каб павярнуць на сваю карысць і на шкоду славянскаму брацтву. За святое паміраем, дружа.
Праходзіць Iахім і непрыкметна кідае Скарыне пакуначак. Той разгортвае яго.
Скарына (чытае). «Гэта атрута. Падсыпце яе ў піва Кату. Калі ўсё будзе скончана, я выведу з турмы таго з вас, хто…»
Адвернік (пасля паўзы). Чытай далей, Францыск…
Скарына маўчыць.
Чытай, дружа, і ратуйся, калі ёсць магчымасць. Я той з нас, хто сам не выйдзе. Ці ж не так там напісана?
Скарына. Так! Але я цябе не кіну!
Адвернік. Заві Ката! Не марудзь! Ратуйся! Ты жыць павінен! Сцяпанка жыць павінен! Справа наша жыць павінна!
Скарына. Я не здолею загубіць чалавека.
Адвернік. Чалавека?! Чалавек жа забіў мяне!..
Адвернік памірае.
Скарына (крычыць). Эй! Эй! Хто там ёсць?! Паклічце Кваліфікатара.
Уваходзіць Кат з куфлямі піва.
Кат. Малайцы! Так многія: пакутуюць да апошняга дня, а перад кастром каюцца. I вам добра, і мне лепш заплацяць. (Скарыне.) А вас яшчэ і доктарам пры мне ў катавальні пакінуць могуць. Я калі ўваходжу ў смак, ерэтыкі да кастра паміраюць. Тут без доктара нельга. (На Адверніка.) А яго — не! Яго спаляць! (Ставіць куфлі з півам і вывозіць Адверніка.)
Уваходзіць Кваліфікатар.
Кваліфікатар. Клікалі?..
Скарына (падае Кваліфікатару пакуначак.) Забярыце гэта назад і труціце сваіх катаў самі.
Кваліфікатар чытае запіску.
Кваліфікатар. Знаёмая рука. Ай, Джавані, Махмуд, Іаан, а мог бы яшчэ пажыць… (Скарыне.) А можа, усё ж атруцім Ката? (Выходзіць.)
Скарына (пасля паўзы чытае па памяці).
(Надоўга замаўкае, нібы пагружаецца ў сон.)
З’яўляюцца прывіды Максіма Грэка, Мікалая Каперніка, Томаса Мюнцэра.
Грэк. Суровы час. Мы таксама захлынаемся ад злобы ўладароў і цемры натоўпу.
Скарына. Хто — мы?
Грэк. Я, Максім Грэк, і браты твае па духу.
Капернік. Я, Мікалай Капернік.
Мюнцэр. Я, Томас Мюнцэр.
Скарына. У чым жа віна ваша?
Капернік. Мы апярэдзілі свой час, якім пакуль кіруюць жорсткасць і цемра.
Мюнцэр. Я пераходжу ад слоў да мяча! Усёй маёй камуне павінна належаць улада мяча!
Капернік. Мой меч скіраваны супраць ворага знешняга — магістра крыжаносцаў Альбрэхта.
Мюнцэр. Марцін Лютэр схіляе магістра Альбрэхта прыняць яго вучэнне.
Грэк. Магістр Альбрэхт шукае саюза з вялікім князем маскоўскім, каб развязаць сабе рукі супраць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.
Капернік. Калі я ўзначаліў абарону Варміі ад тэўтонскага разбою, у нас была магчымасць разграміць ордэнскую Прусію і назаўсёды пазбавіць славянскія народы ад пагрозы крыжакоў. Але наш кароль Жыгімонт не дае ў крыўду пляменніка Альбрэхта і тым самым даруе жыццё Ордэну. Нерашучасць Жыгімонта выкарыстаў імператар Карл V. Ён кінуў супраць нас многія тысячы наймітаў. Баязліўцы і здраднікі з Альштынскага капітула пакінулі мяне ў асаджаным замку. Толькі жменька верных воінаў усяляе ў мяне надзею…