Выбрать главу

Мюнцэр. Альбрэхту дапамагае і Папа Рымскі, і Лютэр. Я падніму народ супраць Рыма і супраць Лютэра. У гэтым свеце павінна ўзяць верх справядлівасць, аднолькавая для ўсіх людзей.

Грэк. Магістр Альбрэхт выступае пасрэднікам у перагаворах Папы з вялікім князем маскоўскім. Пасля падзення Візантыйскай імперыі страцілі спакой іх святасці. З нахабствам бязмежным яны пераконваюць князя Васілія прызнаць над сабой уладу заходняй царквы, за што і абяцаюць «святой» уладай сваёй дараваць маскоўскаму князю каралеўскі тытул… Шчаслівы я, што не без маіх старанняў вялікі князь Васілій Іванавіч дастойны даў адказ Папе. Дзякуй Богу, уразумеў гасудар, што аб’яднанне з Рымам — няволя для Масковіі, не лепшая за татарскую.

Капернік. Горш за ўсё баюся я, каб рэлігійная свара не прывяла да ўпадку культуры, каб не заняпала навука — гэта самае дарагое для чалавека. Прадчуваю жах набліжэння рэлігійнай вайны і неверагодныя пакуты народаў. Прадбачу ў сувязі з гэтым здзічэнне Цэнтральнай Еўропы. Але спадзяюся, што розум і мудрасць прымусяць варожыя бакі быць больш прадбачлівымі перад тварам смерці і спусташэння.

Мюнцэр. Вольна злодзею, калі праціўнік яго абяззброены.

Грэк. Русь прыпадабняю да ўдавіцы, акружанай ільвамі, мядзведзямі, ваўкамі і лісіцамі. А таму ганьбую тых, хто, уладу трымаючы, прыцясняе слабых. Ім жа ў навуку раскрываю небяспечную сутнасць іудзейскага злавер’я, элінскага нявер’я, лацінскай ерасі… Калі ж загіну, то ахвярай сваіх перакананняў. Сабе ж у апраўданне ворагі нашы прыпішуць нам свае памылкі. Прыйшоў час раскідваць каменні, прыйдзе час каменні збіраць.

Скарына. Ты апошні, Максім, хто пакіне мяне. Не рабі гэтага, пакуль не паведаеш пра нашы кніжныя справы. Мы за іх з другам маім на касцёр ідзём…

Грэк. З радасцю вялікай убачыў я, што багаты свет міласнікамі кніжнай граматы. А змяніць букву кніжную страх вялікі. На Маскве паміраюць за адзіную літару «аз». Баючыся лжэвучэння, айцы царквы глядзяць на друкарскую справу як на справу д’ябла. I першая мая спроба пацярпела няўдачу. Але радасць мая ў тым, што друкаваныя кнігі венецыянца Альда Мануцыя, што я прывёз з сабой, захапілі многіх, і асабліва вялікага князя Васілія. Пасля гэтага ён міласціва адкрыў перада мной царскую бібліятэку, у якой я знайшоў незлічонае мноства грэчаскіх кніг і рукапісаў, не перакладзеных яшчэ на славянскую мову. Па волі гасудара распачаў я работу гэту з перакладу Псалтыра.

XV

Ноч. Карчма. За рознымі сталамі сядзяць Лютэр з Эльзай. Нунцый з Мануэлай. Лютэр спінай да Нунцыя.

Нунцый. Вы не любіце Папу, я не люблю вас.

Лютэр. Любіце, не любіце. Я люблю Германію і да вас прыйшоў не на рамонках варажыць.

Нунцый. Мы ворагі, і нам няма пра што гаварыць!

Лютэр. Калі двум разумным ворагам пагражае трэці, яны, гэтыя двое, павінны стаць яшчэ разумнейшымі. Я сказаў бы, мудрэйшымі.

Нунцый. Пакуль я вас не разумею.

Лютэр. Аддайце мне Скарыну пад залог, пра які я вам ніколі не напомню.

Нунцый. Гэта ўжо занадта! Папскі прастол не прадае сваіх ворагаў сваім ворагам.

Лютэр. Навошта ж ворагам? Мы падорым яго нашаму агульнаму другу магістру Альбрэхту, які, як і мы з вамі, не хоча не толькі чацвёртага Рыма, але і больш за нас з вамі робіць для таго, каб не з’явіўся трэці. Гэта найлепшым чынам скампраметуе Скарыну. I на каго б ён пасля гэтага ні працаваў — на мяне, на вас ці на Альбрэхта, — карысць будзе Вялікай Рымскай імперыі германскай нацыі. Трымайце задатак, святы айцец. (Перадае капшук з грашыма. Бачыць Іахіма. Здзіўлена.) Іахім?!

Іахім. Джавані я, ваша светласць. Джавані.

Нунцый. Не здзіўляйцеся, калега. Ён шпіёніў для вас з майго дазволу.

Лютэр. Які мярзотнік!

Іахім. У кожнага святога свой мярзотнік, ваша светласць. (Да Нунцыя.) Ёсць падставы меркаваць, што каля вас, святы айцец, з дазволу пана Лютэра таксама нехта шпіёніць. (Глядзіць на Мануэлу.)

Нунцый (да Лютэра). У такім разе мы спалім яе на вашых дровах.

Лютэр. Згодзен, калега, калі разам з Іахімам. Танней абыдзецца для інквізіцыі — цяпер у Германіі дровы ў цане.

Нунцый. Брава, рэфарматар! Можна і разам. Чаго не зробіш у імя дружбы.