Выбрать главу

Як толькі Адвернік з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, надзяваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Iахім неўзаметку назірае за гэтым.

III

Частка вузкай келлі адгароджана шырмай. На жэрдцы, што яе падтрымлівае, вісяць мужчынская сутана і адзенне манашкі. Перад шырмай — невысокі стол. На ім віно і розныя стравы. За шырмай смех, шорах. Мужчынская рука забірае бутэльку. У келлю ўваходзіць Кваліфікатар са стосам скарынінскіх кніг. Голас з-за шырмы: «Хто?»

Кваліфікатар (незадаволена). Хто?! Кваліфікатар святога судзілішча, святы айцец.

З-за шырмы высоўваецца напалову распрануты Нунцый.

Нунцый. А ты не думаеш, Кваліфікатар, што пасля гэтага візіту я павінен буду спаліць цябе на кастры за нагавор на Нунцыя, які нібыта схільны да грэхападзення?.. (Знікае за шырмай і сцягвае з жэрдкі сутану.)

Кваліфікатар. Усе пад Богам ходзім. Толькі данос у мяне надзвычайнай важнасці, святы айцец. Францыск Скарына Рус, з якім вы так хацелі сустрэцца ў Празе, з’явіўся ў Вітэнбергу ў карчме нашага даносчыка Джавані, каторы зараз Іахім. Лютэр не стаў чакаць раніцы і паслаў па Скарыну ў карчму… А гэта кнігі доктара Скарыны.

Нунцый выбягае з-за шырмы, апранаючыся на хаду.

Нунцый. Не ў час ты, Кваліфікатар, не ў час, але з навіною радаснай! Пра тое, што будуць гаварыць Скарына з Лютэрам…

Кваліфікатар. Вы будзеце ведаць усё, святы айцец. Але…

Нунцый. Інквізіцыя не церпіць ніякіх «але»!

Кваліфікатар. У горадзе аб’явіўся некі Мікалай Гусавіяні. Піша вершы, п’е віно, нанёс візіт Скарыне і выклікаў на дуэль яго спадарожніка.

З-за шырмы выходзіць Мануэла, зашпільваючы гузікі.

Мануэла. Ой, як гэта цікава! (Нунцыю.) Можа, возьмем абодвух? У нашай катавальні яшчэ ніколі не падсмажвалі паэтаў.

Кваліфікатар. Аднаго ўжо ўзялі.

Нунцый. Дык вазьміце і другога. (Іранічна.) Цябе ж дама просіць.

Кваліфікатар. Другі едзе з польскім пасольствам ад яго святасці Папы.

Нунцый (катэгарычна). Другога не браць! Ідзіце!

Кваліфікатар. Слухаю, святы айцец! (Выходзіць.)

Мануэла (капрызна). Калі нельга паэта, то давай спалім Кваліфікатара, каб не соўгаўся куды не трэба.

Нунцый (заклапочана). У другі раз, у другі раз, маё золатка… А пакуль Гасподзь і без таго міласціў: спачатку паслаў мне цябе, потым Кваліфікатара, а зараз і самога Скарыну.

Мануэла. Усё роўна Кваліфікатара трэба спаліць!..

Нунцый (ходзіць па келлі). Спалім, спалім… З Боскай дапамогай усіх, каго трэба, спалім…

IV

Лютэр у сваім пакоі прымервае прафесарскую мантыю. З’яўляецца Эльза.

Лютэр. Ну?

Эльза. Іахім тут, а госць чакае ўнізе.

Лютэр. Праводзь яго сюды.

Эльза затрымліваецца.

Што яшчэ, Эльза?

Эльза. Мануэла толькі што перадала: Нунцый зацікавіўся гэтым доктарам, яго спадарожніка інквізіцыя ўжо ўзяла.

Лютэр. Дзякую. (Цалуе Эльзу ў лоб.) Дзякую. Гэта надзвычай цікава. (Адлічвае некалькі манет.) Для Мануэлы.

З’яўляецца Іахім. Ён чуў апошнія словы Лютэра. Эльза выходзіць.

(Іахіму.) Будзь паблізу.

Iахім кланяецца Лютэру і знікае за парцьерай. З’яўляецца Скарына ў суправаджэнні Эльзы.

Скарына. Мір дому вашаму!

Лютэр. Блаславі вас Гасподзь, доктар Скарына. Вельмі, вельмі рады. Прашу вас… (Запрашае ў крэсла, сам садзіцца ў другое, разглядае Скарыну.)

Скарына (каб перапыніць доўгую паўзу). Вельмі крануты вашай увагай да маёй сціплай асобы.

Лютэр. Не трэба залішняй сціпласці, доктар, яна шкодзіць і, як вы зараз пераканаецеся, дазваляе мне на правах гаспадара адразу ж абвінаваціць вас…

Скарына. Калі ёсць мая віна, схіляю галаву…

Лютэр (пад добразычлівую ўсмешку). Як жа ёй не быць? Знакаміты рускі вучоны з’яўляецца ў самым дэмакратычным горадзе Еўропы, ці, як цяпер кажуць, у самым сэрцы Рэфармацыі, і, замест таго каб даць пра сябе вестку, інкогніта, на ўскрайку горада жыве ў нейкага Іахіма, не думаючы пра тое, што Марцін можа пакрыўдзіцца.