Выбрать главу

Па адбыцьці кары ў канцлягеры скіравалі ў Сярэднюю Азію, у г. Ташкент. Прытулкам былі сады й узьбекская чайхана. Часова працаваў у якасьці літаратурнага работніка ў газэце «Фізкультурнік Узьбекістана». Дапамагла малярыя: захварэў і дамогся праз год звароту на Бацькаўшчыну.

Ведамыя мае каты зь Менскага НКВД загадалі асесьці ў г. Віцебску. У гэты час экстэрнам здаў экзамены за ВПІ і атрымаў годнасьць выкладчыка беларускае мовы й літаратуры ў сярэдніх школах. Напачатку працаваў стылістым у рэдакцыі газэты «Віцебскі пралетары», а далей выкладаў беларускую мову й літаратуру ў сярэдніх школах, Мэдычным рабфаку і Пэдагагічным інстытуце.

У 1939 г. па загаду Віцебскага абкому партыі быў адхілены ад настаўніцкай дзейнасьці за тое, што не патрапіў забясьпечыць партыйнасьць пры выкладаньні беларускае мовы й літаратуры. Пад пагрозай арышту вымушаны быў пакінуць горад. Паўгода мусіў хавацца ў розных мясьцінах Беларусі й Расіі.

У 1940-41 годзе працаваў выкладчыкам беларускае мовы й літаратуры ў Курасоўшчынскім Вэтэрынарным Тэхнікуме каля Менску.

Цікавасьць да мастацкае літаратуры прачнулася яшчэ ў народнай школе. Глыбокую любасьць да літаратуры выхаваў выкладчык беларускае мовы й літаратуры ў сямігодцы паважаны сп. Ігнат Зянько.

Першыя вучнёўскія пробы пяра адношу да дванаццацігадовага веку, аднак, у меру шмат якіх прычынаў, друкавацца пачаў даволі позна — у 1937 годзе. Гэты час і ўважаю за пачатак свае сталае паэтычнае працы.

Уладзімер Дудзіцкі

ВЕРШЫ. ПАЭМЫ

Стынуць хвалі і цяжэюць быццам, па-над імі — ў полымі пажару — гнецца моўчкі, прагнучы напіцца, стан калін чырванатварых.
1929
Дарэмна прамяняў я сон начы на пошукі нязнанай, сьвежай тэмы: знаёмая прыйшла — «Маўчы, маўчы!..» І верш такі: кароткі ён і немы.
1930
І мала слоў...
І мала слоў, каб выказаць настрой: мая туга — бяз краю і бязь меры. А кажуць мне: «Душу вазьмі, настрой і песьняй бі ў няходжаныя дзьверы»...
А дзе-ж яны, такія дзьверы, дзе, скажэце мне, дасьціпныя дарадцы? Нялёгка, знаю, сэрцу без надзей чырвоным цьветам маку загарацца,
а песьні-вольніцы зьвінець у сьне, адольваць сум душы, галодны лямант... Як мор, упарта, моўчкі па вясьне паўзуць здальля густыя часу плямы.
І мала слоў, каб выказаць настрой: і шлях сьвятла, і праўды сьвет зачынен. Ня плацяць ані гроша за пастой, а йсьці наперад сяньня — немагчыма.
Сьляпянка, травень 1931
А я — наадварот...
Вы кажаце, што не?.. А я — наадварот: і вас люблю, і вашыя парады... Як любіць вас і край мой, і народ, якому не дасьцё ніяк вы рады...
Гаворыце — мана? Зірнеце на мяне: які упэўнены юнак і шчыры! Хіба-ж такога хто калі сагне, і змоўкне дзе душы такая ліра?
Ды дзе вы бачылі? Ніколі і нідзе... Ад тапара прыйшоў — хлапец вясковы. У дзень, як край, здалося, маладзеў, мой дух юнацкі сонцам быў раскован.
І ліра — вольніца: зьвініць яна; крані — гудзе, бы звон, сьцірае зрады сьцені. І слухаюць яе сівыя камяні і людзі, ранячы жарствой калені...
Ня верыце пакуль? І сьмеяцеся ’шчэ!? О, сьмешныя і дзіўныя няверцы... І вас яна, я ведаю, пячэ і вашае крыху кранае сэрца.
Няпраўда, скажаце, найноўшыя майстры? Ага, вы — людзі адмысловай маркі... І нож, відаць, прабуеце гастрыць, каб шнур жыцьця майго расьцяла Парка?
Нялюба вам, ці што? Мо’ праўдаю мару? І сам нялёгкую нясу я вязку.. Яна у петлях спрытных вашых рук прымусіць дзесьці кайданамі ляскаць.
Усьцешаны цяпер? Вы — прагнеце крыві, ад караля прастуеце да туза... А лёс наважыў, бачу я, скрывіць ваш хісткі, коўзкі шлях на Сіракузы...
Вы кажаце, што не? А я — наадварот: і крыльле вам, багі зямлі, у рукі... Усе, валок што край мой і народ, на горб ваш пакладу цяжкія мукі.