Выбрать главу
Менск, чырвень 1931
І так яно ад веку і да веку, спакон вякоў да нашых дзён скупых: стракае і сьцігуе чалавека вачэй няласкавых пагляд тупы.
А дні імчаць на скрут цьвет думак сьпелых, нікім ня звабленых дасюль, — на змор. Чужынец — кат мой анямелы — ўціскае скрытна карак у ярмо.
Ўжо так яно ад веку і да веку, не абысьці, не абмінуць і мне... Спачну, як моцна, шчыльна, векам прычыняць вочы у труне.
1932
Я пазнаў і Эўропу, і Азію... І Аўстралію вызнаць ’шчэ мусіў; думка сэрца маё уразіла: не пазнаў што як сьлед Беларусі...
1932
ПЕСЬНІ НЯВОЛІ
Горкія ўспаміны

Цяжка ўспамінаецца зіма 1933 году... Ноч 26-га лютага абарвала крылатае юнацтва, скавала думкі, рукі. НКВД... Кожнае часіны ўсё новыя й новыя, гэта — мае сябры: студэнты, журналістыя, пісьменьнікі — беларусы.

Калі мінула халодная абыякавасьць, паўстала пытаньне: за што?! Далей думкі ня йшлі: яны прыціскаліся нейчым плачам і крыкам аб ратунку. Чорна-зямлістыя, акамянелыя твары зьняволеных, здавалася, гаварылі: «Не хвалюйся, пашкадуй здароўя, безь цябе яго выматаюць... чалавек жывучы...».

Ішлі тыдні, за імі — месяцы. Твары гаварылі праўду: катнія рукі былі няўмольнымі, голад прыкоўваў да каменнае падлогі. У сэрцы катаў, як у тыя прадоньні, губляліся людскія сьлёзы й пакуты. Чаму? — зноў пытаньне. «Помста за давер і шчырасьць», — адказаў сябра, паэта-юнак.

Далей — цяжкі, далёкі шлях... Сібір. Канцэнтрацыйны лягер. Вузел гора пачаў заціскацца мацней і мацней. Зноў ішлі месяцы, за імі — гады, доўгія, чорныя... Чалавек жывучы...

Перажыўшы і перацярпеўшы нялюдскую пакуту на чужыне, хочацца ад шчырае душы гаварыць сваім людзям праўду пра ліхія бальшавіцкія часы, што згубілі мільёнам самае дарагое — маладосьць і жыцьцё.

Вершы, што друкуюцца ніжэй, напісаныя ў 1934-35 гадах у горадзе Марыінску. Яны — вынік перажытага.

1. Крокі і вёрсты
Сотні вёрстаў прайшоў, а на месцы стаю, падлічаю і крокі, і вёрсты... Клічу з даляў чубатую долю сваю — далі шлюць плач радзімы і лёскат.
О, навошта!.. Нялюбы мне голас такі: сам я маю ці мала такога... Няма долі — прышлеце мне песьняў ракіт і зямлі пах у сьцены вастрогу!
Мілы сэрцу майму балацяны павеў, шум палёў, песьні ветру, туманы — ўсё, чым цешыўся, жыў і цяпер чым жыве край мой родны, ў няволю забраны.
Песьняў, долі — няма. Гора бачу, бяду, нібы жыў у няволі і рос так. Сьцеражэ цішыня. І я далей вяду тыя самыя крокі і вёрсты.
2.На парозе турмы
Ня украў, не зьнявечыў нікога, толькі тое у думках было, каб народу закутага скогат уняць лекамі дум і слоў.
Ня уняў, ня суняў і ня сьцішыў... Скогат іншага сэрца кране. Заўтра, пэўна, вятры закалышуць на чужыне нялюбай мяне.
3. А ратунку ня было й няма
Колер неба хмары ўслалі густа. Цемень цісьне долу. Цішыня. Белы сьвет зьмярцьвеў і стаўся пусткай нябывалай... Рук ня ў стане ўзьняць.
Чую плач, вар’яцкі, дзікі рогат, а ратунку ня было й няма. За плячмі — этапная дарога, прад вачмі — ня першая турма...
І бязьлістая, сівая восень, і пакутная, як пекла, ноч... Мне ў часіну гэтую здалося: пазычаюць зраду праз вакно...
Скамянела, сьцішылася сэрца. Кроплі сьлёз... Разгойданая муць... Няўжо тут цярпеньня боль парвецца? Няўжо тут я сьмерць сваю прыйму?
4. Пакуль песьня яшчэ ня сьпета
Ня пытайся, мой любы дружа, як жывецца у краі гэтым... Спадзяюся як-небудзь здужаць у няволі ’шчэ гэтае лета.
Смутак кволай душы, часіну, што зьвязала мне крыльле-рукі, не заломіш на пень асіны, хоць згінайся ад болю крукам.
Цела ные маё ад болю, і ўжо месяц яно каторы; а штодня ўсё мацней і болей заціскаецца вузел гора.