4. На парозе пары
Не багацьце і слава, а гонар душы
і цяпер, як калісьці, вядзе.
Чым-жа, дайце параду, ільга ўзварушыць
сэрцы чэрствыя прагных людзей?
Я сягоньня стаю, як і шмат хто із нас,
на парозе пары і скупой і калючай...
Ужо восень прыйшла, а гавораць — вясна...
Каму люба даймаць мяне словам балючым?
Няўжо посьніца духу мілей шчырых слоў
і мінуўшчына краю ня тчэ успамінаў?
Няўжо так, як сягоньня, раней ня было
ні уцехі, ні сьмеху, шчасьлівай часіны?
«Эх, дзівак-чалавек, —
гавару сам сабе, —
хіба сумам ты камень падточыш?
Хочаш жыць — памаўчы,
бо няцяжка згібець,
калі юда-прадаўца рагоча...»
Стрэлы чорныя цела зямлі працялі,
распаўзаюцца,
глянь і паслухай.
Зноў пытаюся шчыра:
«Скажэце, калі
бачыў край такі гнеў завірухі?»
Не, ня бачыў і чуць ’шчэ ня чуў
неўлагоджанай, дзіўнае рэчы...
Можа праўда, мо’ не —
лепш вазьму памаўчу:
словам раны душы не залечыш
і ня выпечаш кропляй гарачай крыві
ані кроплі спагады, ні ласкі...
Не...
Ня буду ніколі душою крывіць
і ад хмелю чужога далонямі пляскаць!
Няхай той, чыё сэрца, як мур камяніц,
увіхаецца хітрай лісіцай;
гэты здольны заблытаць шляхі і скрывіць
і сьлязьмі, калі трэба, па вушы абліцца.
Хай...
Ня слава й багацьце, а гонар душы,
як і ўчора, сягоньня мяне павядзе.
Чым-жа толькі, скажэце, ільга ўзварушыць
сэрцы чэрствыя прагных людзей?
5. Па-над кручай
Стаю па-над кручай. Сівыя гарбы,
нязломнае сілы грамады,
грукочуць і крышаць скал чорных ілбы —
астоі чужацкага ладу...
Сягоньня разгон хай няпоўны яшчэ,
ён заўтра патроіцца, потым...
ушчэнт чужаніцы ярмо расьпячэ,
муры, зьнітаваныя потам.
І песьні нялюбае голас чужы
мінуўшчынай стане заклятай,
адно застануцца нам сьведкай крыжы —
ліхая за шчырасьць адплата.
Іх ладзілі ў шале найміты-майстры,
выносячы сьвету на сорам.
Пад сьцягам варожым чужыя вятры
падменьваюць радасьцю гора.
Сьцякаюць крывёю зямныя пласты
у лёхах няўмольных усходу,
і сэрца сьцінае няўмольная стынь
братом майго любага роду.
Зрываюцца буры з надломаных скал,
каб яркнулі зоры над пусткай,
каб сьлед недаверка навек спаласкаць
рукамі сыноў беларускіх.
Зірнеце пад кручы: сівыя гарбы,
магутнае сілы грамады,
няшчадна зьнішчаюць скляпеньняў ілбы —
астоі чужацкага ладу...
Жыву і ня жыву
Чым акрылю і ўсьцешу чым душу?
Якою песьняй абнадзею думы?
З маленства на гарбе сваім нашу
пакунак немалы людскога глуму.