«Дзе-ж вы, сёстры, браты, засмучоная бедная
маці?...
Я-ж з маленства такі з вамі шчыры і сэрцам вам
заўжды адданы...
Хіба-ж мелі калі мо’ такое багацьце у хаце,
якім сяньня найменшы гасьцямі нязнанымі
шчодра убраны?»...
_________
...Зазьвінелі замкі. Ні маністаў, ні зораў...
Прысуд і кайданы...
1933
У жаўталістую, рудую восень
пакінуў дом свой
і пакінуў Менск.
Пласьмя на мур упала,
засталося
юнацтва,
выпітае у турме.
1933
Жывой крыві жывыя цельцы
Гулі вятры... Тае пары
балюча вытканыя мроі
мурамі глум людскі скарыў,
мячамі радасьць перакроіў.
Трымцелі цяжка на мячах
жывой крыві жывыя цельцы...
І жах начы на тварах чах,
і мы — вязьніц глухіх асельцы.
Маўчалі сьцены камяніц,
бы скамянелы жоўты прывід.
На зябкім полымі брусьніц
туга сукала думак грывы...
_____
Каму паскардзішся, каму?
Каму жывое скажаш слова?
Вазьму лепш плач я перайму
вятроў і звон лістоў кляновых.
Трывожны звон і цяжкі плач,
і вечару суценак руды
на зломе спадаў і няўдач
жыцьця цалуюць сьцежак груды...
1933-1934
Мая родная, любая, кволая...
Іншых слоў для цябе ня маю.
І цяпер між вагнём і полымем
доля цела тваё трымае.
І ты плачаш сьлязьмі гарачымі,
сьлёзы буйныя, як брусьніцы,
ды крывёю — здалёку бачу я —
абмываеш муры вязьніцы.
Ці таму, што пяшчотнай, шчыраю
і гасьціннай такой была ты,
на журботным узьлёце выраю
прыкунежылі сэрца краты?
Расказалі мне хмаркі лёгкія
(падружыліся думкі зь імі),
што упалі на сьцежкі вогкія
майго шляху сьлязьмі тваімі.
Знаю: раны тугой ня выгаю,
большым болем спаўюцца грудзі.
Над сьвятою начамі кнігаю
за цябе я маліцца буду.
Ня журыся! Як месяц выпяты
абдымае чужыя сьцягі, —
тройчы сьлёз сваіх горкіх выпі ты,
каб ня ўпасьці пласьмя ад смагі.
1933-1934
На небе — зоры й месяц. За вакном —
пажар рабінавы... І мне здаецца,
што, чэшучы ручайкі валакна,
у сенцах маці неўзабаве азавецца.
«...Ці мала працы ўсякай на таку,
а ты штодня на гэтыя вячоркі...»
Як запаведзь, на зломаным вяку
трымаю ў сэрцы матчыну гаворку.
1933-1934
Зь першых вершаў
1
Каму-ж паскарджуся і напішу,
як не табе і не сабе самому?
Пра ўсё: чым жыў, жыву і што нашу
па сьвежых сьцежках пералому —
раскажа верш праўдзівы мой. Душу
раскрыў яму на зайздрасьць часу злому:
мой супакой часовы у бядзе,
мо’ ён да ладу думкі давядзе.
2
Цяпер і я пазнаў сваю віну:
стаіць перад вачыма чорнай плямай...
Ня выкуплю, напэўна, ня міну
учынку грэшнага...
Да сьмерці самай
на грудзі ўпаў цяжар такі... Крану —
тужэй сьціскаецца: на моцны клямар
прымкнула дні праклятая віна,
і цяжка выбрацца душы на шлях відна.
1933-1934
Маўклівасьць дум
Песьні выгнаньня
Бывае так, што думаеш адно,
на справе — іншае і не такое
насустрач вынікне, і так яно
душу і сэрца непакоіць.
Стаіш на ростані —
маўклівасьць дум,
і песьні прарастаюць плачам;
няўжо спачыну, ласкі не знайду
і сэрца блізкага і любага ня ўбачу?
О, не, ня верыцца...
Навошта сум?
Я крокі новага выразна чую,
убачу край і родную красу,
і стрэча гэтая да сьлёз расчуліць.
І зноў я буду там,
дзе медзі бродзіць шум
абветранага восеньскага лісьця,
аддам сябе і кволую душу,
як не даваў раней яе, калісьці.