Выбрать главу
Дык бывай... Няхай восень сабе гаспадарыць і цешыцца ў хаце. Зразумеў я, што трэба глыбей любіць край свой і родную маці.
Няхай вяне той жмук асакі, не шкадую яго і ня плачу: можна ў шэлесьце кволым ракіт днямі восені радасьць пабачыць.
2 Дагарэла сонечнае лета, адцьвіло — і сьлед яго прастыў... На красу апаленую кветак квола палі жоўтыя лісты.
У пакоі стала неяк пуста, ня узрушыць словам цішыні... І на верш кладзецца суму згустак, нечаканага зусім, ані.
Прэч, няпрошаны, нялюбы госьцю! Клікаць я цябе ня клікаў, не... Вызнаў шмат такога ў маладосьці — рытму вершу яд твой не кране.
Няхай тлее жоўты ліст на доле, лета зноў я стрэну, не бяда... Зашуміць калосьсем сьпелым поле — яму песьні дум сваіх аддам.
1943
Пела мне маці
Помню, у час вечаровы пела мне маці калісьці... Песьняў тых дзіўныя словы чутны у шэлесьце лісьця.
Пела мне маці калісьці песьні пра шчасьце і волю, песьні пра іхняе прыйсьце ў гомане чутны кляновым.
Песьні пра шчасьце і волю ў подыху чутны прастораў. Сьпевам жытнёвага поля край мой цудоўны гаворыць.
Помню, у час вечаровы
пела мне маці калісьці песьні пра сьветлы і новы Дзень найвялікшага Прыйсьця.
Красавік 1943
Хутчэй, хутчэй...
З-пад сьнегу першы ’шчэ храсток пабачыў першы раз я ўчора. Хутчэй, хутчэй, о хараство, пратні кару дарогаў чорных!
Зірні, ўжо шэры красавік ідзе, набракшы сокам глебы. Навошта-ж сэрцам мне крывіць, вясна, як хлеб, народу трэба.
Таму й хвалюе так храсток, з-пад сьнегу ўбачыў што учора. Хутчэй, хутчэй, о хараство, пратні кару дарогаў чорных!
Красавік 1943
Не зракуся
Хіба шмат такіх вось нашых раніц ёсьць дзе-небудзь у якой краіне? І раса сьлязою ногі раніць, і сады цьвітуць пад небам сінім.
У гаі альховым, каля млыну, улагодзіўшы ўчарашні клопат, дзіўны россып песьняў салаўіных абуджае соннае балота.
Прачынаюцца двары і хаты, і ўжо дзесьці каля вёскі нейкай хтосьці першы раз яшчэ пакратаў струны пастуховае жалейкі.
Ветрык спуджаны з кустоў вільготных выбег — лісьцем зашасьцеў нясьмела. Бабы б’юць кужэльныя палотны на мурожным беразе аселіц.
Не, ніколі ні ў ваднэй краіне не знайсьці такіх цудоўных раніц! Не зракуся іх і не пакіну, хоць і сэрца моцна хто параніць.
1943
І думы, і словы, і сны
Былі яны, словы і думы, і думы, і словы, і сны... Усё, не дабітае глумам, прачнулася ў шуме лясным: і думы, і словы, і сны.
І шум узьвіваецца ўгору... Луска цьмяна-шэрай кары ля пнёў старажытнага бору смуглее на сонцы, гарыць луска цьмяна-шэрай кары.
Ня сокам — апаленай медзьдзю сплываюць з галінаў лісты. На змроку адчуў я, угледзеў іх боль і асеньнюю стынь — сплываюць з галінаў лісты.
А словы сьвятыя і думы, і думы, і словы, і сны — усё, не дабітае глумам, прачнулася ў шуме лясным: і думы, і словы, і сны.
Травень 1943
Упаў блакіт З настрояў ля Нёману
Упаў блакіт на шкло ракі, і сонца зь ім упала... Празь цень густы глядзяць лісты, як сонца твар купае.
Ляжыць блакіт на шкле ракі, плынь зыбкая гайдае. Рачное дно мне ўсё відно, краса і неба краю...
Дрыжыць блакіт на тле ракі, хмурынкі — далей, далей... Сачу іх сьлед на срэбным тле і раптам — хвалі, хвалі...