Выбрать главу
Прыслухайся: зноў, як калісьці, нас кліча часіна цяжкая да зброі, да чыну. Ля Сожу, Дняпра і ля Прыпяці, Пцічы калоціцца цела сьвятое Айчыны.
Сакавік 1944
Крывёю купленае права
Сягоньня бачыўся у сьне зь дзівоснай нейкаю праявай: стаіць, здаецца, пры Вясьне крывёю купленае права.
Вясна — такой я не страчаў — Багіняй выдалася нейкай і праву — права мастака перадала на пэндзлі клейкім:
— Ніхто ня зганьбіць, не кране за ролю майстра немалую. Скажы — усьцешаны ці не? Ці фарбы вобраз намалююць?
Багіню выслухаў маляр, прамовіў нехаця, праўдзіва: — Даруй, прыгожая... Мая уцеха сэрца не задзівіць...
Сама ты гэта замалюй і згоду зор у небе сінім. Цябе інакш я ухвалю, каб ты мяне і не прасіла.
Бацькі сказалі нараду: пад сонцам шчасьце не загіне... Інакшай, ведаю, знайду, цябе, нябесная Багіня.
Жыві, Вясна, вякі усе! Мастак нязнаны на мальбэрце стварае вобраз пакрысе, якога й грэшнік ня усьмерціць.
Сягоньня ўбачыў я у сьне крывёю купленае права. Малюся Сонцу і Вясьне, табе — мой Першы новы Травень.
1944
Вільні
Упяршыню сустрэў твае муры, крутыя вулкі, вуліцы, сьвятыні... Ў душы ня стлее ўцеха, не згарыць — абудзіцца мацней і сьлед пакіне.
З драбніцай кажнаю ураньні, уначы маліўся срэбру зорнаму і небу. І гэта быў душы мае спачын, спачын душы, пітво і солад хлеба.
І ціш сівое Вільні і вятры, густыя, кволыя заўжды такія, усьцешаць прышласьць іншае пары і сьлед у сэрцы, у душы пакінуць.
Вільня, травень 1944
Нечакана зусім і проста
Прысьвячаецца Веры Стосуй
Нечакана зусім і проста напаткала такая сустрэча... І здалося, да зор выростаў смуглатвары глыбоцкі вечар.
Сінь вазёраў срабрыстай лускай узьбягала здаля на мелі. Словы ціхія любых вуснаў маё сэрца краналі хмелем.
І ці мог хто калі паверыць, што бывае туга і ростань?.. Нечаканы пачатак, Вера, нечаканы такі і просты.
Глыбокае, чырвень 1944
Веры Стосуй
Пачатак быў толькі такі. — Прашу пазнаёміцца... — Вера... Чамусьці я пальцы рукі балюча паціснуў, няўмеру. А потым ня так, як раней, у вочы глядзеў я нясьмела: баяўся, што сэрца кране агнём не кранутая сьпеласьць. Пачатак быў толькі такі — прыемны і любы надзіва. Крануліся вусны рукі: — З прыемнасьцю, Вера, — Ўладзімер.
Глыбокае, чырвень 1944
Замест разьвітаньня
Нашу радасьць — буйное калосьсе — прывязьлі на захад цягнікі... Разьвітацца нават ня прыйшлося, цёплай не падаць рукі. Думаецца, восень залатая сёлета прыйшла зусім няўчас. Мы бяз вас самотна адцьвітаем, адцьвітаеце і вы бяз нас. Разьвітацца ня прыйшлося... Болей скошанай траве ў лугох ня ўстаць. Горш яшчэ, калі ў жыцьці ніколі немагчыма будзе прывітаць.
Бэрлін, верасень 1944
Ля роднай бацькаўскай мяжы
Ля роднай бацькаўскай мяжы мне доля жыць прываражыла, надзейна там я палажыў учора сноп сваіх зажынак.
Ягоны стан перавязаў удубальт моцным перавяслам. З вачэй гарачая сьляза на сноп упала — не пагасла...