Выбрать главу
1944
КЛЯТВА ДУХУ
Паэма

Прысьвячаю любай

і дарагой мне Маці

1 Час ізноў мае думы пакратаў і наструніў пад грукат гарматаў.
Думы песьняй вазьму апрану я, няхай песьня настрою пільнуе;
няхай цешаць пульсацыяй вёснаў гукі музыкі звонка-узьнёслай.
Яны сэрца крануць і расчуляць, маці боль свайго сына адчуе.
Калі-ж песьня мая зьіржавее, думы вецер дашчэнту разьвее;
гукі музыкі, любай і шчырай, адлятуць у няведамы вырай;
і настрой, хоць і сьлёзна заплача, гэтай страты ніяк ня зьіначыць.
Дык расьцеце, і думы, і песьні, узьлятайце у сінь паднябесься!
У нястрыманым вашым развоі радасьць словамі сум перакроіць.
Я скажу ўсім: ідзеце сюды вы слухаць песьні жыцьця агнявыя, песьні працы і песьні змаганьня — думы блізкага, сьветлага раньня!
Гэта час мае думы пакратаў і наструніў пад грукат гарматаў.
2 Калісьці сокамі грудзей паіла продкаў ты, зямліца, і мы, каб род не парадзеў, прыйшлі пітва твайго напіцца.
З маленства сьнілася у сьне, было мацункам нам адзіным. Яму, як сонцу і вясьне,
маліцца хочам на Радзіме.
Тут ветры ў песьнях шалясьцяць, а песьні — палкія, жывыя. Драбніца кажная жыцьця усімі вызнана навылет.
Пакуты цяжкія радні, разбою воражага грукат, уцехі выпітае дні і радасьць даўняга — адчуты.
Тут нылі з посьніцы бацькі, і самі скораму ня зналі. Ішлі, узяўшыся за кій, у сьвет шляхамі чэрствых даляў.
Ня год які мо’ і ня два у край чужы ішлі нясьмела. Сухая, гойстрая жарства пякла ног струджанае цела.
Ня мелі болю чым уняць сыны твае у дзікім сьвеце:
халоднай поўначы штодня калечыў сэрца льдзяны вецер.
Цяпер зірні: перад табой стаім на варце ганаровай. Скажы — і рынемся у бой усе, ня вымавіўшы слова.
Пакуль-жа сокамі грудзей, як продкаў некалі, зямліца, напой, каб род не парадзеў, каб ніцма целам не зваліцца.
Прыймі да споведзі! Вазьмі прысягу шчырую. Прычасьці не пашкадуй — сваймі грудзьмі цябе заслонім ад напасьці.
3 Пасьля доўгіх і цяжкіх разлучын радасьць стрэчы кальнула балюча.
На парозе часіны інакшай скрыжаваліся погляды нашы.
І мацней ’шчэ браты мае, сёстры горасьць вычулі прыкрага посту...
У зьняважанай бацькаўскай хаце частавала сыноў сваіх маці.
Спаласкалі атруту былога хмелем моцным пітва дарагога.
Кроплі дзіўныя першае чары абдалі цела палкасьцю вару.
Гэта, збыўшы пакуты разлучын, радасьць стрэчы кальнула балюча.
4 Каля сьвятыні на пагосьце, пад бел-чырвона-белым сьцягам, усе знаёмыя і госьці зышліся выслухаць прысягу.
Быў цёплы чэрвенеўскі вечар, а неба ўходзіла у прыцем. Сьвяточныя гарэлі сьвечы, і месяц слаўся у блакіце.
Ўсе тройчы ўкленчылі ўрачыста і пакляліся моцна, гучна адолець сілы дух нячысты, што пнецца зганьбіць нашу лучнасьць;
што мкнецца край цудоўны, любы і скарбы велічныя краю аддаць на зьдзек людскі, на згубу у стан разбойнай, хіжай зграі;
і даўнасьць — сэрца асалоду — зьняславіць квапіцца, расьцерці, і дух адроджаны народу расьпяць на пляцы і усьмерціць.
І пакляліся моцна потым каля сьвятыні на пагосьце адпомсьціць часу за сіротаў, за кроў, за бацькаўскія косьці.
5 Сіла клятвы, о, сіла сьвятая, дух ваяцкі, бы птах, узьлятае:
узьлятае на крылах і кліча войска грознага лік павялічыць.