Выбрать главу
Яно прыйдзе і стане із намі, сіла духу дзе б’ецца крыламі, дзе ў пякельных агнёх навальніцы сінь крывёю гарачай імгліцца.
Яно прыйдзе шляхамі крутымі, клятвы помнячы словы сьвятыя:
— Для цябе, беларускі народзе, сіла збройная шчасьце народзіць;
ахрысьці на ахвярныя чыны у змаганьні за славу Айчыны!
Аніякай навале ніколі не скаваць, не змагчы нашай волі!
Сіла клятвы, о, сіла сьвятая, дух ваяцкі, бы птах, узьлятае.
6 Грымяць і грымяць цягнікі у бляску крывавых усхліпаў. У спрыце вар’яцкім такім трывога да шыбаў прыліпла.
Сьціраюць марозны узор із вокан далонямі людзі. Мігценьне агністае зор цяпло выціскае і студзіць.
А шлях не кароткі яшчэ... наперадзе шмат кілямэтраў. Імчацца, здаецца, шпарчэй калёсы наўсуперак ветру.
У воблік дрыготкай начы вачыма ўпіваюцца воі. Ў тугую ляцяць далячынь і іхныя думы-настроі.
Грымяць і грымяць цягнікі у бляску крывавых усхліпаў. У спрыце вар’яцкім такім трывога да шыбаў прыліпла.
7 Зышліся у грозным баі вялікія, грозныя сілы. Краіна на варце стаіць, да сну анікога ня хіліць.
Да сьцежак прыцёртых прыляж, да плітаў — часіну паслухай...
Дрыжыць пад нагамі зямля, прыймаючы радасьць і скруху.
Расчулены месяц пасе падзеі напятыя сутак. Няпрошанай госьцяй прысеў ля крыжа збуцьвелага смутак.
Тут кліча прачнуцца, устаць сыноў дарагая Матуля і вобраз вялікі Хрыста да сэрца гарачага туліць:
— Зірнеце, сыночкі, з магілак сырых на сьвет гэты Божы, на наскі!.. Малюся і плачу, каб нашай зары ізноў не пасеклі на часткі...
8 Ні матулі, ні горкага плачу і ня чуюць сыны, і ня бачаць,
ані сонца, ні зораў, блакіту, ані медзі ня бачаць ракітнай.
І сьмяротны узьлёт навальніцы не згадаецца ім, ня прысьніцца. Прыняла іх зямліца ў пасьцелю, вецер лісьцем курганы усьцеле.
Пракувае зязюля ураньні пра ахвяры цяжкога змаганьня.
Неба хмары сівыя падоіць і напоіць сыноў сырадоем...
9 Сьпеце, славы крывіцкай героі, дух ваяцкі клянемся патроіць.
Пасьля гнеўных баёў і адплаты прыйдуць любыя вашы дяўчаты.
Пакладуць яны кветкі жывыя, плачам цьвіласьць курганную змыюць
і вяночкі із ружаў паложаць — яны любасьць былую памножаць.
Росным раньнем улетку і ўвесну прасьпяваюць вам сьлёзныя песьні:
Дзе ты, любы сокал, дзе ты, чарнавокі? Я цябе шукаю, клікаю, гукаю... Любы, адгукніся!
Ой, ды знаю, знаю... Сорам, што гукаю... Ты за цёмным борам ды за сінім морам... Любы, адгукніся!
Вернешся дадому пад вясёлы гоман... І у роднай хаце стрэну я і маці... Любы, адгукніся!
Ой, ды знаю, знаю... Сорам, што гукаю... У сырой ты сьпіш зямельцы, кажа маё сэрца. Любы, адгукніся!
Будуць дні і цалюткія ночы гаварыць аб нядолі дзявочай.
Шчасьце з даляў сваё будуць клікаць па усёй па краіне вялікай.
...Я-ж кахала цябе, мая радасьць... Помніш росныя сьцежкі у садзе?
Помніш рэчку, крынічка дзе звоніць, ты прыходзіў ды з кветкай півоні.
Хвалі беглі, каціліся ў далі, квола кветкі-півоні гайдалі...
Ўспамінаюцца дні тыя, ночкі... Дзе ты, кветка уцехі дзявочай?
Я-ж кахаю цябе, мая радасьць... Помніш росныя сьцежкі у садзе?
Сьлед каханьня, цяпла не заліпне і крывёю гарачых усхліпаў.
Сьпеце, славы крывіцкай героі, дух ваяцкі клянемся патроіць.
10 А часамі гавораць гэтак: «Нам сваё наймілей бывае...
Няхай восень сабе ці лета узьвівае свой сьпеў над краем».