Выбрать главу

Пад канец 1920-х гадоў усякае праяўленьне нацыянальнай самасьвядомасьці бязьлітасна каралася і выкаранялася бальшавікамі. У выніку жорсткай барацьбы савецкай улады з нацыяналізмам усе народы СССР страцілі свае самыя лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы. Шырокая хваля нацыянальнага адраджэньня спалохала ўлады Беларусі. Першы ўдар быў нанесены па беларускай інтэлігенцыі, дзеячах беларускай культуры й навукі. Ахвярамі рэпрэсій сталі таксама выкладчыкі (Усевалад Ігнатоўскі, Язэп Лёсік і многія іншыя) і студэнты Белпэдтэхнікуму. Разам зь іншымі маладымі беларускімі пісьменьнікамі, сярод якіх былі Сяргей Астрэйка, Лукаш Калюга, Сяргей Русаковіч, Уладзімер Дудзіцкі быў выключаны з Тэхнікуму з «воўчым білетам» як «нацдэм».

Бацькі арыштаванага раней Антона Адамовіча прытулілі Дудзіцкага і яго сяброў. Пра гэты трывожны час, пра гэты гасьцінны дом на вуліцы Гарбарнай успамінаў пазьней паэт у вершы «На папялішчы руж», прысьвечаным Сяргею Астрэйку, аўтару паэмы «Бэнгалія», якая, па сьведчаньню Дудзіцкага, у першай рэдакцыі мела назву «Смарагды кроз».

Зіхцяць «Смарагды кроз» на сьцежках долі карнай. І сум бэнгальскіх рос над вуліцай Гарбарнай п’е чару горкіх сьлёз із поўсьці ночы хмарнай...

Тут, у доме Адамовічаў, хлопцы мелі магчымасьць пазнаёміцца з рукапіснымі творамі Ўладзімера Дубоўкі, Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі, Уладзімера Жылкі і іншых, а таксама з багатай бібліятэкай, у якой былі ўсе забароненыя бальшавікамі беларускія выданьні. На іх грунтавалася далейшае сталеньне «выгнанцаў» з Тэхнікуму. Празь лісты, якія даходзілі з высылак і турмаў да маці А. Адамовіча, паэты яшчэ больш зацясьнялі духоўную лучнасьць са сваімі папярэднікамі, яшчэ больш крытычна ставіліся да палітыкі ўлады. У гэтым зацішным кутку, пад чулай і клапатлівай апекай, разгортваў свае творчыя крылы Дудзіцкі. А куток сапраўды быў абвеяны духам паэзіі й літаратурных традыцыяў...

«Пасьля доўгага й паўгалоднага бадзяньня», як пазьней узгадваў Дудзіцкі, у 1929 годзе яму ўдалося пры дапамозе Лукаша Калюгі і Уладзімера Хадыкі ўладкавацца на працу — стыльрэдактарам газэты «Савецкая Беларусь» і перакладчыкам у Навукова-Тэхнічным Выдавецтве Беларусі. Адначасова ён вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытуту. Здавалася, жыцьцё пачынала наладжвацца. Але... «пласьмя на мур упала, засталося юнацтва, выпітае ў турме...»

Прадчуваньне арышту набывала ўсё больш і больш рэальныя абрысы. «Старога, згорбленага вайною пад самаварнаю Тулаю гаспадара мае кватэры арыштавалі; Хведара, суседа маіх бацькоў, і бацьку сябра Пятруся выгналі з хаты й завезьлі ў шматнацыянальны Котлас; маці-ж мая наказала людзьмі, што "забралі з млыну старэйшага брата Рыгора" і што ён — "як у воду кануў"...» («Успаміны»)

Турмы й высылкі запоўніліся «простымі» людзьмі, такімі, якіх сустрэў Дудзіцкі сярод турэмных асельцаў і партрэты якіх намаляваў, мабыць, у адным зь першых беларускіх раманаў (нажаль, ненадрукаваным і незакончаным) пра савецкія канцэнтрацыйныя лягеры: Мікіта Бурболік — стары ганчар з-пад Таўкачэвіч, аднавокі дрывасек Сялівон, гарбар Калоша, лекар Юдовін, настаўнікі Якуб Церабелец і Цімох Баравец, шацкі рыбалоў Гарбун, садавод Міхал Сырадой зь Вільшчыны.

«Жарты-жартамі, а праўда — чамярыца зь перцам: далёка даўнейшаму да нашага цяперашняга. Даўней (да слова прыйшлося) балацяная Ігуменшчына на пальцах сваіх рыштантаў лічыла, і ўсе брытыя ілбы нешта каля паўгода Кацярынінскім трактам у Сібір пхнуліся, а цяпер і хаты нямашака бяз рыштанта, і дарогі да пядзі ўкараціліся: на месцы людзі ў турэмны сацыялізм паволі ўрастаюць...» («Успаміны»)

Уначы з 22 на 23 лютага 1933 году Дудзіцкі быў арыштаваны НКВД і атрымаў тры гады канцэнтрацыйнага лягеру. Тады-ж быў зьнішчаны і першы яго зборнік — «Песьні і думы».

«Дарэмна цягнула да сяброў. Мы сустрэліся ў сівых скляпеньнях муроў: нас зьвёў суровы лёс жыцьця, жыцьця, якое ішло "от Москвы до самых до окраин"...

Дажджлівым вечарам, у жаўталістую, рудую восень 1934 году, "сацыялістычная індустрыя" імчала нас у далёкія пусткі Сібіру.