Выбрать главу
Гулі мядзяныя званы... Усьцяж дарог стагналі людзі: «Як жыць бяз князя рай наш будзе? Як будзем жыць цяпер адны? О дух сьмяротнае напасьці, вярні у рай наш сонца шчасьця!»
Між тым у хораме ля скал за васямнаццацьцю замкамі, дзе збуцьвянеў ад часу камень, сядзеў з дружынаю Аскал і вёў таемную размову. Ніхто ніводнаму на’т слову ня сьмеў пярэчыць, бы ня чуў... І толькі грэшная княгіня, каб посьпех справы не загінуў, паліла жоўтую сьвячу ад першых зораў і да зораў, каб не наслаў Бог толькі мору на князя. «Сьвятаслава, кажу вам, хутка можа стацца цэнтраляй сьвету і зямлі ўсяе на цэлым белым сьвеце. Адно уцямце вы, што я, памёршы, мушу уваскрэснуць, што на зямлю прыйду ізноў караць жывых зямлі і мёртвых... Пераканаць вам трэ’народ, што я памёр, а дух жыве мой, і каб маліліся усе за паварот мой найхутчэйшы. Але-ж пра гэта — толькі тут, на нашых землях, зразумейце... А там — за межамі — жыву і доўга жыць і княжыць мушу...
А я, тым часам, спакушу народы сьвету і дзяржавы, што жыць нам трэба надалей усім у злагадзе і дружбе... Які вялікі, цяжкі грэх я на душу бяру, мой Божа, калі ад заўтрашняга дня ператвару сябе у Бога».
12 Вартуе цемра зьвера цень, а зьвер — бліжэй, бліжэй да мэты.
Што-ж сьніцца беднай сіраце пад дахам зор у момант гэты?
...Крутая сьцежка. Грузкі брод. Вазёры ліштвамі абшыты... Вялікі чорны калаўрот прадзе кустоў густых ракіту.
Спыніўся: мякішам мяздры шнуры ягоныя набраклі. Лускою счахлае зары частуюць цені племя грака.
На балі гэткім, на карчы, жывое з глузду можа зьехаць. Ля пня, укопаны, тырчыць расьпечаны драцяны вехаць...
Нахлынула смуга. Прылёг, стуліўшыся, хлапец ля куста. Ашчэрыўся асельнік-лёх, злачынны валадар распусты:
— Ты стойма маеш сьцерагчы асеці зорныя і пушчы... Сівая ведзьма на карчы зубамі шкла табе налушчыць.
Гарбуля — гнеўная Яга, — як што на прысмакі ты ласы, сьпячэ зь ігліцай пірага, а з вухналямі зварыць квасу...
— А што... а што, калі сюды... калі пастукае у дзьверы?.. — дрыжэў прад воблікам блядым хлапец ля ног калматых зьвера.
— Дзядусь надыдзе... Аднаму мне крыху вусьцішна. Баюся... Каму-ж паскардзіцца, каму, калі Яга мяне укусіць?
— Дзядусь! — Маўчы! — Хутчэй сюды!.. — Якога клічаш сюды дзіка? — Я... — Чуеш нейчыя сьляды? — Я дзеда роднага паклікаў...
— Клянуся чортам, абмінуць няхай увагу зьвера крокі, прымушу выпіць бруду муць із самай лужыны глыбокай...
Як вецер сьлед мой заграбе, магу цяпер ужо прызнацца: смалой на кволым тваім лбе з уцехай выпеку «13».
Э, ліха думак! Сьцеражы спакой балотаў зыбкіх, кручы... Засьнеш-жа — выкалю крыжы на жываце ражном пякучым, —
сказаў такое хлапчуку вядзьмак, крывёй наліўшы жылы, крутнуўся двойчы на суку, і цемра сьлед заваражыла.
— Што зьвер двухногі мне чаўпе? — падумаў, сеўшы каля прызбы. Ад страху дзікага цяпер, здаецца, камень перагрыз-бы.
Сядзіць, і мроіцца яму, што сам смакуе саду сьлівы... — Дзядусь! Я птушку перайму... Дзядунька, я не палахлівы...
Прамчаўся нехта па траве і прылабуніўся ля плоту. — Дзядусь!.. Страшэнны чалавек сьвідруе цемру носам крота...
Дзядунька, срэбра на расе убачыў... Забаўка якая!..
_____
Сякерай горла перасек двухногі. Ліпкая, гляўкая сьціскае грудзі кроў... — Вядзьмак... — Якая злосная, Яга, ты...
Расьцьвіў, здалося, сіні мак і зьнік над пушчаю рагатай.
Злы дух у цемры рагатаў, і цені стукаліся лбамі...
Прыліп, як клешч, да жывата вядзьмак счарнелымі губамі.