Выбрать главу
Гаіла неба боль пакут. — О, каб дзядусь пра сьмерць праведаў! Прачнуўся, стаў — на лабяку ні ведзьмака няма, ні дзеда.
1944-1955
МАІХ УЯЎ РУЖОВЫХ РАНАК
Паэма
1 Ад болю ўсё яшчэ гудзе разгневанае цела краю... Жыве яно — не памірае: употайкі цяпло грудзей ягоных сьпеліць травы поля, і як ні смаж іх, ні палі, праз скібы чорныя ральлі яны зірнуць-такі на волю, крамянай сьвежасьцю вясны умыюцца. Расой валогі спалошча мораку цьвілога зара усходу сьлед квасны, і усьміхнецца поле хатам, і як ні смаж іх, ні мары, убачаць зноў гаспадары сваіх клапотаў плён багаты.
2 І часам тым у шчыт такі напоўняць плёнам лёхі спрату. За найдарожшыя караты ён не прадасца. Ветракі за рупасьць мелівам заплацяць, і як ні смаж яго, ні праж, сьвяжуткіх печываў ікра — адзнака моцы і багацьця — цалюткі дзень і дзень пры дні да новых жніў, да касавіцы ня выйдзе з хаты, са стальніцы ні у бацькоў, ні у радні. Запас, маўляў, бяды ня чыніць... І як спусьціцца і ня мець у сьвірнах збожжа таго медзь? А ну-ж і дзьверы хто адчыніць...
3 І хмелем паху пульхны хлеб змацуе пах акрас і варыў. І сонца спогаднае хмары — асеньніх днёў жалобны крэп — спатоліць, даўшы волю спору. І як ні смаж іх, ні чарні, праб’юцца спору карані у грунт зямлі, зьнябыўшы морак, напояць сочывам руды асьмяглы, глейкі мякіш глебы, і зашумяць у сінь, у неба шыракалістыя сады, налітыя крамяным воскам... І як ні смаж іх, ні пячы, яны — найлепшы супачын гаспадару — тубыльцу вёскі.
4 Здабыткаў новых, сьветлых дзён — пладоў уцешнай, рупнай працы, за што сам край ішоў змагацца, чаму сам край быў так жадзён, не прыдаверыць край нікому, і як ні смаж яго, ні крой, пары тэй бачу сяньня скрой і ўжо выразна чую гоман вялікай прышласьці. Яна і не далёка ўжо, а блізка, хоць морак ейную калыску і затуляе ад відна. І дзень той сэрцу будзе дораг. І як ні смаж яго, ні гні, не прыгібае больш ані да рук сваіх спакусны вораг.
5 І не спаружыцца з красы краіны зводнік чалавека: лугоў краса, гаі і рэкі, вазёры думныя, лясы — найдаражэйшы скарб прыроды... І як ні смаж яго, ні плюшч, а ён бы той балотны плюшч, расьціме й жыць для насалоды, але-ж ня зьверу, а людству, бо зьвер, як быў, і будзе зьверам... І я ня дам ніколі веры, што мор надыдзе хараству! Усё, жыве і жыць што мусіць, што сьпеліць зорная асець, на хвалях прышласьць прынясе для несьмяротнай Беларусі!
1946
Песьня

Хто-ж ня чуў Цябе і ня жыў Табой, несьмяротная беларуская Песьня! І чулі, і жылі, і самі сьпявалі, і іншых пяшчотнымі гукамі музыкі цешылі. І найлепшым бавеньнем сэрца й душы чалавечай была Ты, цудоўная нашая Песьня...

Удзень і ўначы, у хаце сумной — на Радзіме, і недзе далёка — на землях чужых і варожых, у горы і шчасьці, у дзень нарадзінаў і сьмерці — заўсёды і ўсюды — зьвінеў, не змаўкаў непадкупны, адменны, наструнены голас Зямлі Беларускай.

Расла і ішла Ты ад мора да мора, за стромыя горы і пушчы ставечныя, празь вільгаць туманаў балотных сягала і немарач твані; на крылах вятровых наўсуперак лёсу плыла і мацнела пад сонцам, пад зорамі неба блакітнага сьвету.

І сяньня жывеш — не скараешся, родная, мужная Песьня народу! І толькі часамі Твой голас, сумны і надрыўны, ад болю змаўкае і падае ніцма на жораст, сухі і калючы, каб потым, акрэпшы, напіўшыся соку зямнога, узьняцца вышэй ’шчэ, скрануць няжывога і горам прыбітага брата словам сваім абнадзеіць.

Ні вецер ільдзянага мора, ні сьпёка паўдзённая пустак ня спыняць Цябе, ня скуюць і ня здушаць нідзе і ніколі, дарма што зьняславіць наровяць дзікія, нязвыклыя, прышлыя зыкі. Нямеюць, пачуў я, спакусныя гукі і курчацца зводнікі цёмныя вуліц, адчуўшы Тваю векапомную славу.

І слухаюць людзі, чакаюць, ля крыжа укленчыўшы нема, прыходу збавеньня пад гром навальніцы, дзе стрэлы маланак, агністыя стрэлы, ўядаюцца хіжа у цела жывое, і раніць шаленства атрутай сьмяротна з уцехай на сьцежках прыцьмелых істоту.