Выбрать главу
Але-ж ты, чароўнасьць сноў і дум, угібаная у хлуд хаўрусны... Мне хварбуеш, дзе й куды ні йду, і штодня брусьнічным сумам вусны.
Кастрычнік 1955
3.Грахі
Разышліся, як дарогі ў полі, супраць ветраў і вятром наўсьціг. Не сьпяшаліся, ішлі паволі — вельмі-ж не хацелася ісьці.
Адплывалі хутары і вёскі за прыцьмелы дымам далягляд... Распластаная, пчаліным воскам пахла беларуская зямля.
Сухатвары белы сьвет, няблізкі, навашчыўшы поўсьці жоўтай хіб, сустракаў нас жованым агрызкам невідзі за нашыя грахі...
Кастрычнік 1955
4.Пракалоліся вочы жалю
Я нічога зь сябе ня выжаў, а суседзі даўно зажалі... На іржэўніку іхным — рыжым — пракалоліся вочы жалю.
Не хварэю. Ці шмат, ці мала — не свае-ж, а чужыя копы. Вось яны і пад сонцам вялым пакаціліся-б жоўтым снопам.
Не змаўчаў-бы. «Прыемна, выжал, што ня маю да трупа жалю? Не прапаў я, — бяз хлеба выжыў, а вы — самі сябе зажалі...»
Лістапад 1955
5.Шлях
Ня ўлукаткі, а проста — напрасткі, адмерваючы вёрсты крокам спорным, кладзецца шлях на жорасьце хрусткім перад вачыма зайздрасьці супорнай...
Настойліва імкнуцца урачы, а ён, каб з прытаптаным не спаткацца, у сховінах рабінавай начы глянцуе спрыт, што ў даўнасьці намацаў.
Паўдзённая Амэрыка, кастрычнік 1955
З цыклю
ЖУРБОТНЫЯ СТРУНЫ
1. Вусны і песьні
Прачніцеся, вусны і песьні, каб думак у сэрцы ня сплесьніць,
каб подых вятроў і рэклямаў дарожкі вузюткай ня спляміў,
ня гэтай, што топчам і полем, тае, што шлюбуецца з болем,
няходжанай, з пахам чабору, дзе вербы з жытамі гавораць,
дзе сочыцца ў мякішы ночы халодны рабінавы почат
і плачуць па восені руннай завеяў журботныя струны...
Прачніцеся, вусны і песьні, каб думак у сэрцы ня сплесьніць.
Вэнэцуэля, кастрычнік 1949
2.Неспадзявана
Неспадзявана сьцішылі хаду. Спыніліся. Ля вогнішчаў гарачых варушыць ноч ня першую жуду над чарапамі жоўтымі няўдачы.
Тугой брыняюць снасьці і чаўны... Шчапаюцца раздвоеныя маршы, і водгалас у пошчаку лясным губляецца на ганьбу плыні нашай...
_____
Мінаюцца кварталы і слупы, паўторваюцца фарбы і рэклямы... У роспачы ад вымыслаў скупых малярскі квач палотнішчы папляміў...
Хвалююцца сябры. А гледачы падлічваюць нячуваныя кошты... Вазьму, бадай, я брамы на ключы, каб ня дзівіліся і ня пыталіся — навошта...
_____
Хацеў пісаць ня вершы, а лісты, ды словы глейкім сумам наліліся. Упаў з-пад рук пазычаны кастыль і рану цяжкую у грудзях высек.
Упартая ад болесьці, яна ня лечыцца, як модна ні залечвай, — шчыміць. Дрыжыць напятая струна па ростані і няблізюткай стрэчы.
Брэмэнгафэн, верасень 1947
3.Далей і далей
Хвалі ад берагу — далей і далей... Чым іх усьцешаць туманныя далі? Спыняць, расьціснуць на сьпінах наплываў дугаў тугія зялёныя грывы, пенаю жоўтай на мелях затокаў вецер прыгорне у краі далёкім, буры сівыя глыбінь безьязыкіх век закалышуць на поўначы дзікай... Лепей употай на пальмавай высьпе пэрлавай занізьзю рос было высьпець, кроплямі цёплымі — дожджыкам чыстым — спорна разьліцца над краем вячыстым, краем, што стогне і б’ецца у русе... Гора-ж і ім і маёй Беларусі...
Карыбскае мора, ліпень 1950
4.На ганьбішчы славы
Прыляж да зямлі і паслухай, як кліча апошняя змрочная часу гадзіна... Ля Сожу, Дняпра, каля Сьвіслачы, Пцічы калоцяцца грудзі падбітай Радзімы;