Выбрать главу
Кожным гукам зьвіні, пладзі песьню-красу. Ты — жыцьця майго скарб і аснова! Як малітву, цябе у сусьвет панясу — Беларускае роднае слова!
Сьнежань 1962
ЗЬ НЕЗАВЕРШАНАГА
_________
Хоць у сьне ты мне, вазёрная, прысьніся, неспакой свой сном мо’ сяньня супакою. Я-ж крывёю на каменьнях долі высек несьмяротнае, як сьвет, імя такое — Беларусь. Ад менскіх дымных камяніцаў пачынаўся шлях мае хады ўпартай. Зоры неба сінія, звон лозаў ніцых гартавалі дух і сьцераглі ад хмар тых...
_________
Там, на Радзіме, ля Пцічы-ракі, з-пад муру бруіцца крыніца, на золаку, чуў я, пад шэлест ракіт крывёю туман там імгліцца.
...У засені вербаў скланяўся мой дзед і кленчыў ля даўняга крыжа... Рака на’т сьцішае імклівы свой бег, да муру зварачвае бліжай, зялёныя хвалі на ейным ілбе ступелыя выступы ліжуць.
Бывае, прыймае разьятраны вір ахвяру чарговае сыці. І цела на дне, багавіньне і жвір у вечны спратоньваюць прыцем.
У прыцеме прашчуры маюць спачын у хораме водных глыбіняў;
іх духі на бераг круты уначы выйходзяць да зорнае сіні.
Маўкліва ўзіраюцца ў польны прасьцяг, у глыб старадаўняе пушчы, чужынец адчуў дзе на собскім гарбе іх сілы змагарную вушчунь...
_________
Перада мною новыя лісты, я атрымаў іх поштай адмысловай... У беларускай мове і прытым — са спэцыяльным націскам у словах. А слоў ці мала — тысячы са дзьве, не рахаваўшы, вызначыць бяруся, і, безумоўна, — «Беларусь жыве» і — «не загіне слава Беларусі»...
_________
З табою, родны, блізкі і далёкі блакітны край. Жыві, змагайся і расьці на зайздрасьць воражай спакусе. Твае з крыві мы і касьці — сыны блакітнай Беларусі.
_________
Скажыце, дзе вы бачылі такое, каб, як у нас, зьвінелі сокам травы і усьміхаліся каліны над ракою. А журавіны сьпелыя...
_________
Вось і вуліца тая і ліпа, чорны камень здалёк відзён, нават дзесьці гармонік захліпаў, а ён, бедны, жыцьцю жадзён... _________
Ад маленства і жыў і рос там... Навальніцы, трывожны шум... І спатканьне дарыў, і ростань — расьпякалі яго душу...
_________
Дзьверы — насьцеж. Я выходжу ў сад. Сад бялюткі, як калісьці быў ён...
_________
За горадам, як выдзьмуты пухір, гайдаўся месяц. Цяжка галасілі, расколваючы жнівеньскі сухі прастор, званы, зьвярэджаныя ў сіле...
_________
На зялёныя лісткі селі моўчкі матылькі. Пагайдаліся часінку, потым іншую галінку упадобалі й прыпалі, каб лісткі яе ня спалі.
На сінюткі васілёк сеў бялюткі матылёк. — Васілёчак, васілёчак, — цябе кліча матылёчак...
_________
...І давядзецца мо’ калі адведаць бацькавы вуглы, прыйду і не пазнаю хаты і клеці зь ліпаю, хлява... _________
Як ласку матчыну, у думках калышу ўспаміны сьветлыя на зло спакусе...
_________
Пра што-ж я раскажу табе, калі пра ўсё ўжо сказана, толькі ня мной... Хіба, пра тое, што баліць, што вырвана з-пад рук, з-пад ног — вайной?.. _________
Ля сініх вазёраў спаткаліся мы, і ўпоруч ісьці давялося. На кожнай вярсьце наравіла размыць залою шляхі нашы восень.
Свайго хацеў броду кірунак знайсьці, а ты мяне вабіў і клікаў схіліцца над грудамі сьвежай касьці пасьля перамогі вялікай...
І я ўпяршыню ’шчэ пачуў ад цябе пра клясы і ўсякія масьці, што нейкія клясы ў ліхой барацьбе крывёй здабылі сабе шчасьце...