Выбрать главу
_________
Цішыню парушылі вятры, гул матораў і асада места. Ля парогу на асінавым кастры я знайшоў нярадасную вестку: «Выбачайце... і самой шкада, што чаўны спыніліся на мелі... Штосьці ’шчэ я думала згадаць, але неяк думкі анямелі»... _________
Гаварыла і «так» і «але». Словы смольна ўеліся ў памяць. Час прайшоў, а на ліпкай смале засталася пажоўклая пляма. Я сьціраў яе колькі разоў — ня сьціраецца, як ні сьцірай ты...
_________
Я ведаю, ты не са мной, — другому дзьверы адчыняеш, мусіць. І ліпень гліцаю лясной нам сьцежак росных не патрусіць...
_________
Месяц ліпень, і места Глыбокае... Ля вазёраў журыліся клёны. Усьміхалася сінявокае раньне полыску хваль зялёных; трапяткое яно і чысьцюткае, нібы сочыва струн крынічных, напаўнялася рознымі чуткамі...
_________
Ня спляміцца і не заліпне у памяці месяц ліпень... Ня тое, што ў снох красуе, у сэрцы сваім нясу я, а сьвежую рану разлому нясу на пацеху злому...
_________
Вечарэла, стомлены, ля ганку слухаў, як зьвіняць і пахнуць мёдам ліпы. Смуглатварая, танклявая цыганка моцным поглядам вачэй сваіх прыліпла: — Сінявокі, журышся?.. Карысьці
з гэтага, павер мне, аніякай. Бацька мой, расказваюць, калісьці слухаў музыку пчаліную і плакаў. Доўга млела кроў яго у жылах, і журбою выцьвіла-б дазваньня, калі-б сэрца не прываражыла хмелівам п’янкім цыганскае каханьне.
__________
Стомлены цяжкімі думамі, ля ганку слухаў, як зьвіняць і пахнуць мёдам ліпы. Маладжавая прыгожая цыганка моцным поглядам вачэй сваіх прыліпла. — Чарнавокі, журышся? Карысьці з гэтага, павер мне, аніякай... Бацька мой, расказвалі, калісьці слухаў музыку пчаліную і плакаў. — Кінь, красуня, на чырвонага валета. Рукі белыя твае пазалачу я, калі сэрца неспакойнае адразу з вуснаў мудрасьць слоў тваіх адчуе. Не хвалюся храбрасьцю вялікай — да маны жыцьцё не прывучыла..
_________
З-пад стэпаў-пустак прытаўкліся жаўтагрывістыя хмары... Ляглі на сінім неба твары — над ліпкай цьвільлю трупнай тлі, тугой, тхнівом пярхотнай гары, брынялым сочывам ральлі, няспорам, сном зялёнай сьпелі — і ўвачавідкі скамянелі... У даўкім вобмегу зямлі на’т камяні і тыя млелі; чаўны спыняліся на мелі, і хвалі сінія гулі ад гневу, хрыплі і нямелі, чарнелі, быццам-бы вуглі, ды, грозна коцячыся ў далі, жуду маўклівую гайдалі... Вятры з заходняй стараны сьпіраліся з наплывам чэрні. А мы ад раньня да вячэрні ўсе чыста — дочкі і сыны — маліліся, каб тыя церні, вянкі разбойнай сатаны, рукамі прышлае напасьці на цемя сатане пакласьці...
__________
Нарадзіліся марудна і дасьпелі думкі тыя... Сталася... Карай, несьмяротны пакараны край — пакланіўся сын Вэнэцуэлі. Вер на слова: вымавіць ня сьмелі вусны слова цяжкага «бывай». Пакідаў цябе, мой родны край, як чаўны спыніліся на мелі... Адцьвілі сады і адшумелі і прыцьмеў у сэрцы сіні май. Нават песьні раптам анямелі, адплываючы ў нязнаны край...
_________
Заставацца — небясьпечна, а пайсьці — бліжэй да згіну. Сьмерць жыўцом хутае плечы, уціскае ў дамавіну... Выскаляецца ад млосьці, кіем стукае у дзьверы... Беларус з крыві і косьці не дае прыблудзе веры...
_________
Праз горы, праз мора, праз акіян нёс жменьку зямлі — чарназёму з-пад Пцічы. Куды? — ня пытайся. Ішлі на кіях, а вёрстаў кіямі ня зьлічыш...
_________
Яшчэ адзін паставіў крок ты... Куды? — наперад ці назад? Скрыпяць пад дахам новым кроквы твайго прытулку, азіят. Мінецца хмель п’янкі удачы, бы хваль халодных пругкі бег. Пачаткам заўтрашняга плачу здаецца сяньняшні твой сьмех...