Выбрать главу
_________
Пасьля адліву спадаў і няўдач падрахаваў і мінусы і плюсы... —Тваю бяду і пальцам разьвяду, — сказаў сучасны магік не да ладу. Бывай! Таго, што на віду, зладзеі красьці, ведама, ня крадуць. Каму паскарджуся і раскажу...
_________
Душылі іх майстры адметнай пробы, пазьней вялікі крытык Верхадум знаходзіў цень таемнае мікробы і выцінаў радкі. Ягоны глум яшчэ й дасюль, здаецца, ня прысох-бы... _________
Тасуюцца і плямяцца тузы, і войнік жджэ адказу варажбіткі. Прыліп да губ змардованых язык — цярпеньне напінае кончык ніткі...
_________
Апошні ліст календара перахінуў на год аджыты. Пара, мой верш, табе пара спатоліць сэрца боль сукрыты. Аддаўся голас, горам біты, упраўнай гібкасьці пяра...
ПЕРАКЛАДЫ З ТАРАСА ШАЎЧЭНКІ
Запавет
Як памру я, пахавайце мяне на магіле сярод стэпу шырокага на Ўкраіне мілай, каб палёў шырокіх нівы і Дняпро, і кручы было бачна, было чутна, як раве равучы!..
_____
Пахавайце і паўстаньце, кайданы парвіце, і варожай злой крывёю волю акрапіце! І мяне ў сям’і вялікай, ў сям’і вольнай, новай
не забудзьце, ўспамяніце нязлым, ціхім словам!
(25.12.1845 г.)
Ня грэе сонца на чужыне
Ня грэе сонца на чужыне, а дома-ж надта ўжо пякло. І мне нявесела было і ў нашай слаўнай Украіне.
Ніхто-ж ня вабіў, ня вітаў, і я ня гнуўся ні да кога, блукаў сабе, маліўся Богу, і панства, катаў праклінаў і згадаваў гады ліхія, нягодныя, бы золь, слата: расьпялі вырадкі Хрыста — й цяпер ня ўцёк-бы сын Марыі! Нідзе ня весела ўжо мне і, мабыць, весела й ня будзе і на Ўкраіне, мае людзі, але-ж такі на чужыне хацелася-б... ды з той вымогай, каб ня стругалі маскалі труны той з дрэва ды чужога або хоць крышачку зямлі із-пад Дняпра майго сьвятога вятры сьвятыя прынясьлі. Ды й больш нічога! Гэтак, людзі, хацелася-б... Ды што гадаць... На што ўжо Бога турбаваць, калі па-нашаму ня будзе.
(1847 г.)
Думы мае, думы мае Урывак
Думы мае, думы мае, цяжанька мне з вамі! Што-ж вы сталі на паперы сумнымі радамі?.. Чаму-ж вецер не разьвеяў ў стэпах,як пыліну? Чаму ліха ня прыспала, як сваю дзяціну?..
Бо вас ліха на сьвет на сьмех спарадзіла. Палівалі сьлёзы... Як-жа не ўтапілі, ня вынесьлі ў мора, не размылі ў полі?.. Ня пыталі-б людзі, што ў мяне баліць? Ня пыталі-б, можа, чаму лаю долю, чаму ные сэрца? Што-ж і як зрабіць! Ня кідалі-б кпінаў... Кветкі мае, дзеці! Вас кахаў навошта, песьціў, гадаваў? Ці заплача сэрца адно на ўсім сьвеце, як сам з вамі плакаў?.. Можа і ўгадаў...
(1839 г.)
Мінаюць дні, мінаюць ночы
Мінаюць дні, мінаюць ночы, мінае лета; шалясьціць пажоўклы ліст; згасаюць вочы, заснулі думы, сэрца сьпіць; і ўсё заснула... І ня знаю, ці я жыву, ці дажываю, ці так па сьвеце валачуся, бо ўжо ня плачу й не сьмяюся...
Доля, дзе ты? Доля, дзе ты? Ня чую, ня бачу! Калі добрае жаль, Божа, дай хоць злое, з плачам!
Ня дай спаці хадзячаму, сэрцам заміраці і гнілою калодаю па сьвеце блукаці. А дай жыці, сэрцам жыці і людзей любіці, а калі не... дык праклінаці і сьвет запаліці!
Страшна ўпасьці у кайданы, паміраць ў няволі, а ’шчэ горай — спаці, спаці і спаці на волі, і заснуці навек-векі, і сьледу ня кінуць ніякага: усяроўна — ці жыў, ці загінуў!.. Доля, дзе ты? Доля, дзе ты? Ня чую, ня бачу! Калі добрае жаль, Божа, дай хоць злое, з плачам!