(21.12.1845 г.)
На вечную памяць Катлярэўскаму
Урывак зь вершу
...Праўдзівы мой дружа! Прыймі гэту мову
душы мае шчырай. Прыймі, прывітай!
Ня кінь сіратою, як кінуў дубровы,
прыйдзі да мяне на аднюткае слова
ды пра Ўкраіну яшчэ засьпявай.
Няхай усьміхнецца сэрца на чужыне,
хоць раз усьміхнецца, гледзячы, як ты
славу дзей казацкіх — і словам адзіным —
перанёс у хату беднай сіраты.
Прыйдзі, шызы орле, бо я адзінокі
на сьвеце на гэтым, ў чужацкім краю.
Гляджу я на ростань вод морскіх, глыбокіх,
паплыў-бы на той бок — чаўна не даюць.
Згадаю Энэя, сям’ю і былое,
згадаю, заплачу, бы тое малое.
А хвалі на той бок ідуць і равуць.
А можа, я невук, нічога ня бачу,
злая доля, можа, на баку тым плача —
сірату усюды людзі асьмяюць.
Сьмяяліся хай-бы, ды мора там грае,
там сонца, там месяц — уцеха мая,
там зь ветрам магіла ў стэпах размаўляе,
там не адзінокім быў-бы зь ёй і я.
Праўдзівы мой дружа! Прыймі гэту мову
душы мае шчырай. Прыймі, прывітай!
Ня кінь сіратою, як кінуў дубровы,
прыйдзі да мяне на аднюткае слова
ды пра Ўкраіну яшчэ засьпявай!
(1838 г.)
Каўказ
Урыўкі з паэмы
За горамі горы, хмарамі спавіты,
засеяны горам, крывёю паліты.
Спакон веку Прамэтэя
там арол карае,
штодзень божы дзяўбе рэбры
й сэрца разрывае.
Разрывае, ды ня вып’е
ўсёй крыві жывучай,
яно зноўку ажывае
ды сьмяецца шчыра.
Ня ўмірае душа наша,
ня ўмірае воля.
Ненасытны ня выарэ
на дне мора поля.
Ня скуе душы жывое
і слова жывога.
Не аславіць славы Бога,
Вялікага Бога.
Ня нам на змог з Табою стаці!
Ня нам учынак Твой судзіць!
Нам толькі плакаць, плакаць, плакаць
і хлеб сьлязьмі адно мясіць
штодзённы высілкам крывавым.
Забойцы топчуць нашу славу,
а праўда наша п’яна сьпіць.
Калі ж яна пракінецца?
_____
За горамі горы, хмарамі спавіты,
засеяны горам, крывёю паліты.
А там вось Спогадныя Мы
галодную даўно, да болю
загналі шчырую зьнянацку волю
і ўсё цкуем. Лягло касьцьмі
людзей муштрованых ці мала.
А кроў, а сьлёзы! Напаіць
ўсіх імпэратараў-бы стала,
зь дзяцьмі і ўнукамі ўтапіць
ў сьлязах удоў тых... А дзявочых,
пралітых потай сярод ночы!
А матчыных гарачых сьлёз!
А бацькавых старых, крывавых!
Ня рэкі — вогненнае мора
крыві людское! Слава! Слава!
Майстрам аблаў, гаспадарам
і нашым бацюшкам-царам!
Слава!
І вам, горам сінім, слава,
крыгаю сукрытым!
І вам, рыцарам вялікім,
Богам не забытым.
Змагайцеся — здабудзеце!
Вам Бог памагае!
За вас праўда, за вас слава
і воля сьвятая!
Чурэк і сакля — ўсё тваё,
яно ня з ласкі ў рукі дана,
ніхто ня прыме за сваё,
не павядзе цябе ў кайданах.
А ў нас!.. Навучаныя мы,
пазналі Божыя засады!..
І ад глыбокае турмы
аж да высокага пасаду —
у скарбах — целам сьвецім голым.
Да нас вучыцца! Мы навучым,
па чом і хлеб і соль па чым!
Мы хрысьціяне: цэрквы, школы,
усё дабро, сам Бог у нас!
Нам толькі сакля вочы коле:
ня намі дадзена, а ў вас
чаму стаіць? Чаму-ж мы вам
аўсяны хлеб ваш вам ня кінем,
як косьць сабаку! Платы нам
чаму за сонца не павінны!
Ці-ж гэта ўсё!.. Мы не благія,
мы хрысьціяне — людзі тыя,
малым што сытыя!.. Аднак,
калі-б вы з намі сябравалі,
ці мала-б ведаў атрымалі!
Прастор у нас які... адна,
адна Сібір — краям краіна!
А турм! А люду!.. Што й лічыць!
Ад малдаваніна да фіна —
на ўсіх языках ўсё маўчыць
і пацяшаецца! У нас
Сьвятую біблію чытае
сьвяты манах і навучае,
што цар, пастух сьвінны, прыпас
кабету сябраву й прысебіў,
а сябру збыў. Цяпер на небе!
От бачыце, якія ў нас
сядзяць на небе! Сьмела, бліжай,
сьвятым ня зьнесеныя крыжам!
Да нас вучыцца!.. У нас лупі,
лупі і дай,
і проста ў рай,
хоць і радню вазьмі і кпі!
У нас! Чаго адно ня ўмеем?
І зоры лічым, грэчку сеем,
французаў лаем, прадаем
або у карты прайграем
людзей... ня нэграў... дзе там, не,
хрышчоных... простых... ня мінем.
Мы ня гішпанцы! Крый нас Божа,
каб крадзенае нам скупляць,
нібы жыды: мы па закону!..