Выбрать главу
Каму паскардзішся, каму, каму жывое скажаш слова? Вазьму лепш плач я перайму вятроў і звон лістоў кляновых...

Гэты плач і звон, што, здавалася, даносіліся з Бацькаўшчыны, былі жывільнай стравай душы, крыніцаю будучае творчасьці ў новым часе, калі былі-б у стане прачнуцца і зьняволеныя «песьні і думы»...

_________

Прайшлі, прамінулі гады. Зарубцаваліся раны, але ня сплямілася перажытае. Душа беларуса жывучая, ня ўмее маўчаць ні ў часіны радасьці, ні смутку. Яна сьпявае і вядзе напярэймы жаданьням, а жаданьнямі гэтымі ёсьць шчырасьць і праўда жыцьця, ці гэта на Бацькаўшчыне, ці, як суджана ізноў злым лёсам, — на чужыне.

Бэрлін, 9 верасьня 1944

Тайніцы Сьляпянскага лесу

За Менскам, на шостай вярсьце ад Парку Культуры й Адпачынку, у лесе Малой Сьляпянкі, пахаваны вялікія тайніцы жыцьця. Сьляды страшэннага злачынства пазарасталі даўно мохам і травою, але памяць часам ня сплямілася.

Я хачу расказаць пра тое, што бачыў на собскія вочы, і тое, што гаварылі мне жывыя сьведкі ды апавядальнікі чутага ад іншых. Ня ведаю, дзе цяпер гэтыя людзі. Бальшыня зь іх, напэўна, загінула ў канцэнтрацыйных лягерах Сібіру, а косьці іншых, магчыма, буцьвеюць у тым самым Сьляпянскім лесе... Пра гэтую праўду не напіша ніколі ні маскоўская «Праўда», ні менская «Зьвязда».

1932 год. Студэнты Менскага Пэдагагічнага Тэхнікуму імя Ўсевалада Ігнатоўскага адбывалі на Дасьледчай Станцыі ў Малой Сьляпянцы сваю месячную сельскагаспадарчую практыку. Дырэктар станцыі папярэдзіў: «За дзьвесьце мэтраў ад баракаў пачынаецца ваенная зона, хадзіць туды забараняецца!»

Аднаго дня наказалі мне, што бацькоў выгналі з калгасу, а старэйшага брата пасадзілі ў турму. Хацелася йсьці на край сьвету. Надвечар я паклікаў блізкага сябра Сяргея Русаковіча, маладога беларускага пісьменьніка, і мы, нікому нічога ня кажучы, падаліся ў лес. «Стары Барыс, што корміць канадыйскіх карпаў у сажалках, кажнага досьвітку бачыць «чорнага ворана», а тая ў лесе камяніца, кажа ён, ня дом адпачынку, а нейкая катавальня...» — гаворыць Сяргей. «А Рачыцкая, дачка камісара, гаворыць, што там поўна хворых», — заўважыў я. Розныя ходзяць чуткі... Каля забалаці, улева ад чыгункі Менск-Масква, мы прачыталі напісанае чырвонымі літарамі: «Конскі могільнік. Небясьпечна!» Мноства засыпаных і незасыпаных ямаў. Кавалкі гліняных трубаў, кучы хваёвых слупоў і скруткі калючага дроту. «Гэта, гаворыць сябра, для адводу вачэй... Барыс ведае ўсё чыста, папытайся толькі яго»...

Лес гусьцеў і рабіўся цямнейшы перад заходам сонца. У подыху вільгаці пахла трупной гнілотай. І вельмі блізка... Пачалі шукаць. «Бачыш?» — з жахам зьвярнуўся я да Сяргея. Дагэтуль не даваў веры, што можа ледзянець цела й заміраць сэрца. На плашчыні нейкіх трох гэктараў, паміж радамі пасаджаных у 1925 годзе хвоек, жаўцелі, размытыя пазаўчарашнім дажджом, маленькія курганкі і велікаватыя насыпы. Было іх нешта каля шасьцідзесяці на першым пляне, а далей — яшчэ... і яшчэ... Шмат якія былі заваленыя ламаччам.

Весткі з дому і пах магільнай, чалавечай гнілі адурманілі галаву. Я адарваў вокладку Марксавага «Капіталу» і напісаў: «Пад якімі-ж курганамі буцьвянеюць косьці маіх братоў: Якава, Уладзімера, Андрэя і Вінцэся?» Вокладку насадзіў на сук галіны, што абдымалася з аброслым травою курганам. «Ты звар’яцеў, ці што?» — з трывогаю крыкнуў Сяргей Русаковіч. Мне таксама хацелася крычаць і клікаць людзей шукаць родных і блізкіх. Пакідаючы месца вялікага бойнішча, гэткія словы вырваліся з маіх грудзей: «Пачакайце, бальшавіцкія далакопы»...

На скрыжаваньні лясных сьцежак убачылі мы некалькі мужчынаў з рыдлёўкамі ў руках, абкружаных чырвонагаловымі энкавэдыстымі з сабакамі. Нельга было ўцякаць: перад намі стаяў ужо чалавек з аўтаматам. У вобразе гэтага двухногага зьвера я пазнаў рабатварага Васіля, Гіцля Бессардэчнага, як празвалі яго людзі маіх родных Дудзічаў. «Нешта вельмі шмат коней здыхае ў вас...» — сказаў я не вітаючыся. «Глядзі, разумнік, каб замест каня твая галава ня трапіла ў яму... Ідзі, каб і духу твайго ня было тут... Пагаворым пазьней», — аўтарытэтна выказаў Гіцаль Бессардэчны.