Думаючы пра маладыя дрэўцы ды іхных шашаляў, хацелася сказаць усяму таму «Камінтэрну» — усім чысьценька:
— Эх, каб нашым Сялівонам волю ды сякеры ў рукі, колькі-б шашаляў-душаедаў перасеклі-б яны тады!.. І мая-ж бо душа, напэўна, грызьмя ня грызлася-б?
У тых днёх меўся было ехаць на нейкі час дадому, пад самую Пціч, разумеецца, каб з маці ды з братамі пабачыцца. Самі разумееце, не ставала нікому паветра тады ў Менску, у нашым — Беларускім Менску. Аднак, кажуць, што ніколі яно ня выходзіць так, як-бы гэта чалавеку хацелася. Гэтак і зы мною сталася. Аднаго таго вечара, як толькі адчыніў гэта я дзьверы, гаспадыня, жонка арыштаванага «гнаяскура» Калошы, зірнула мне ў вочы і, памаўчаўшы, відаць, ёй было вельмі цяжка на сэрцы, паволі сказала«...»
— Якога? Лістаносца, хочаш сказаць?
— Не, што вашую кніжку панёс. Ён, калі вы езьдзілі ў той лес, дзе карпы гадуюцца, да Шчупака прыходзіў. І мама ведае, але ня кажа, баіцца надта.
— А дзе-ж гэты «Шчупак» плавае, што й начаваць ня прыходзіў? — пацікавіўся я, абы нешта сказаць ці зусім не маўчаць.
— Ня ведаю...
Меўся яшчэ нешта сказаць, але Калошыха была пагукала. Я выняў ліст і пачаў чытаць.
«Даруй, што я плачу, пішучы гэтыя словы... Бацькі ўжо нямашака, а маці ў такой гарачцы, што гаварыць не гаворыць нічога... У вашую хату прыязджалі з раёну й забралі твае лісты. Забралі й мае...»
Я ня помню цяпер, колькі разоў браўся чытаць ліст перапалоханае да сьмерці дзяўчыны: можа, і дзесяць, а можа, і пятнаццаць... А тры рэчы, пэўне-ж, не забудуцца: падкрэсленае тры разы слова «ўцякай», няроўныя ад сьлёз сінія плямкі на літарах ды тое, абыякавае, цяжкае й саркастычнае: «Куды-ж?.. Лезьці на яшчэ большы ражон?..» Уцякаць ня было куды, аднак, некуды сьпяшаўся. Хаваў забароненае, выстаўляў наперад Маркса, Энгельса, Леніна й Сталіна і нейкія, цяпер ня помніцца, палітграматы... Думалася, здаецца, што абароняць. Думаў адно, а сталася зусім іншае. Як даведаўся пазьней, выйшла якраз наадварот: тэарэтыкі й практыкі марксызму-ленінізму валяліся ў куткох, а на самым відовішчы ляжалі ўсе «нацдэмы», розныя ўхілістыя і выкапаная, ліха ведае адкуль, кніжка пра нейкі ангельскі шпіянаж... Іншы-б сказаў гэтак: «чалавек клясычна падрыхтаваўся да сустрэчы гасьцей — трапіў як пальцам у неба»...
Пасрабуй давесьці, што ў Бога цялят ня краў і што Богу душой ня вінен.
Ноч, як і заменены ёю вечар, была цёплай і, як кажуць, вельмі-ж прыгожай. Пасьля невялікай адлігі падаў буйны пушысты сьнег, раўнюткі, бязь ветру й подыху, сыпаўся ён, быццам тыя цудадзейныя бялюткія пушынкі, што спадаюць на ружовыя далоні казачных анёлкаў, ці тыя зорачкі — залатыя пялёсткі, што ў вокамгненнасьць і ня больш, як адзін-аднюткі раз на вяку, у сьне, пры найвялікшай чысьціні й супакоі душы, можа ўявіць сабе непазнаная сіла чалавечае ўявы. Гледзячы здалёку на стрэхі будынкаў, на дрэвы й ліхтары, здавалася, што перад вачыма, губляючыся ў далечыні, раскашуюцца ў белым золаце пялёстак неабсяжныя квяцістыя вішнёвыя сады... Зіма нагадвала вясну, а ад тае вясны, што яшчэ трымалася ў памяці, не засталося й сьледу...
Хацелася йсьці, ісьці ў глыбіню й экзотыку гэтае лірычна-рамантычнае, ніколі ня бачанае і ня чутае ў Менску начы. Сьнег усё буйнеў і гусьцеў, і нікога ня відно было: усё, бачанае перад гэтым, страціла ня толькі формы, але й свой убогі зьмест... І толькі яно адно, неспадзяванае ў гэтую дваццаць трэцюю і апошнюю «майскую» ноч у лютым 1933 году, страшэннае «руки вверх!», разбурыла і рамантыку, і экзотыку, і прынесеную сьняжынкамі лірыку... «Вось табе й уцёкі...» — падумаў я сам сабе, горка ўсьміхнуўшыся. «Дагоняць і перагоняць...»
На кватэры ўбачыў я тры чырвоныя галавы і тры даўгія чорныя скуранкі. Першая галава, таўсьцейшая і касаватая, паказваючы рукавом скуранкі ў закуткі пакою, сурова запыталася:
— Это называется любовью к вождям и партии?
Я маўчаў, але прызнацца, глядзеў на павыкіданых правадыроў і напісаны імі-ж камуністычны блуд зь вялікім зьдзіўленьнем. Спачатку не сказаў нічога. Маўчаў, чакаў нечага яшчэ страшнейшага. І яно прыйшло. Можа, гэта й ня было страшнейшым, можа, яно было й зусім нястрашным, але-ж мне здавалася, што ўбачыўшы тое, што толькі цяпер пабачыў сам, зваліцца на галовы сяброў...