Выбрать главу

— А это что? Контрреволюционная национальная гниль? — з прысьвістам заўважыла найдаўжэйшая скуранка, стукаючы худымі пальцамі па нейкай бляшанай на стале пушцы й пільна гледзячы мне ў самыя вочы.

«Эт, што міру, тое й бабінаму сыну, — падумаў я, — а бараніцца не пашкодзіць — варта, трэба».

— Гэта вы самі, — кажу, — зрабілі ўсё.

На гэта адказала ўжо першая з другога боку самая блішчастая скуранка з шырокімі, як засланка, грудзьмі:

— Не спеши, — времени для рассказа будешь иметь достаточно!..

Каля самых дзьвярэй стаяла, перапалоханая да паўсьмерці, жонка «гнаяскура» Калошы. Яе ні адпушчалі і ні дапушчалі — гэта, каб яна ня выскачыла часам ды чаму-небудзь не пашкодзіла, ды каб не зрабіла чаго-небудзь... Белая нярухомая постаць няшчаснай Калошыхі выдалася мне, немаведама чаму, паточаным Сялівонавымі шашалямі-валасацікамі маленькім слупком, добра прысыпаным перад гэтым дзівосным мяккім сьнегам, які так моцна браў мяне ў свае абыймы й вёў з-пад электрычных камінтэрнаўскіх слупоў да ціце́перся ўжо памерлага ў Савецкім Саюзе ратунку чалавечае душы. І мне стала вельмі шкада гэтага жывога, паточанага шашалямі слупка-чалавека... Каб мог, падышоў-бы блізенька дый сказаў-бы нешта мякуткае, цёплае — такое, як тыя сьняжынкі-пушынкі, што засыпалі мае сьляды за сьценамі «Камінтэрну». Але самым блізкім і дарагім ёй словам было-б, напэўна, вось гэтае:

— Пацярпі, ты-ж яшчэ ня зусім памерла, а ён прыйдзе, вернецца й пабачыцца з табою... І ты скажаш яму й пра сяньняшняе зладзейства... Пра выцягнутага з хаты «Маркса» і пра кражу маладое беларускае душы... Не забудзься, раскажы яму ўсё, а ён, твой родны Калоша, сустрэнецца з дрывасекам Сялівонам...

Сказалася-б і нешта большае і яшчэ шчырэйшае, калі-б ня гэтыя там тоўстыя скуранкі ды не падрэзаныя крылы...

«Амэрыканка»

У сярэдзіне «чорнага ворана» нікога ня было. Сам — і голыя рукі. Біся ілбом у сьцены, маліся, а хочаш — прасі ратунку, ня будзе табе радачкі. Няпрыемна і вельмі цяжка, аднак цешыла адно: і там я не адзін буду... У тым страшэнным згубішчы, куды імчаць мяне доўгія чорныя скуранкі, сустрэнуся — і гэта напэўна — зь сябрамі, з блізкімі, магчыма, з роднымі.

Сяньня, згадваючы пра жытае й перажытае, пачынаючы просты пераказ таго, што калісьці сталася ды што ніколі і нічым ня спляміцца, прыгадваю, як, пад’язджаючы да зялезнай брамы катавальні, пачаў моцна сьмяяцца.

Няхай сабе яно гэтага вялікага ці, як кажуць людзі, горкага гора й ня было яшчэ, але вырваны з гарачых грудзей халодны сьмех быў вельмі-ж горкі, бо гора звычайнае, калі льга гэтак выславіцца, і далёка ад камяных мяшкоў савецкіх катавальняў ціцеперся ўжо ў раскошных санях ёмка сядзела... Як тыя халодныя мармуровыя пліты, спорна слаявалася яно пад сэрцам і грудзі расьціскала. І от, калі тое слаяваньне завяршылася й падступіла пад самае горла, на канцы двух адцінкаў часу — звычайнага гора няволі на «волі» і «волі», прымкнутае перад пачаткам вялікага гора ў сутарэньнях ГПУ, — у чорнай, маўклівай пусьціні «чорнага ворана» грудзі ня вытрымалі нутранога ціску — паддаліся: з горла выкаціўся сьмех, закалыхаўся й захлынуўся... Ягоны сьлед, відаць, не адразу споўз з пакрыўленых лёсам вуснаў, бо, вылазячы з «ворана», што стаяў, упёршыся задам у нейкую жоўтую пазуху муру, чырвоная галава чорнае скуранкі, што ўвесь час мясьцілася паміж двума дзьвярыма, прызналася ўголас:

— Имей в виду, арестованный: мы шутить не умеем!..

Можа-б і не адказаў, каб не раптоўны голас другое галавы збоку:

— Посидит — узнает...

— Ведаю... Расказвалі... — Меў я неасьцярожнасьць, казаў той, выказацца.

Найноўшая скуранка (праўдзівей — наймалодшая, бо яна-ж была жывой) сказала коратка, упэўнена:

— Видно, видно... Не ошиблись...

Зялезныя дзьверы на рагу Савецкай і Урыцкага адчыніліся й зачыніліся... Зачыніліся не абы-як, а з мэталёвым звонам і грукатам — шчыльна й надаўга...

Далікатныя ў недалікатным месцы...

У каманданцкай было нешта каля сямі розных і вельмі адменных душаў: зусім маладыя, старэйшыя і стараватыя, ці, як кажуць прасьцей, ужо добра прытаптаныя жыцьцём, абдзёртыя й прыбраныя, не раўнуючы, як тыя кірмашовыя лялькі. Гарадскія...

Вырозьніваліся дзьве душы ўсяго: прыземістая, у белым кажусе воўнаю наверх, у валёнках і авечай шапцы-вушанцы, нагадвала белага палярнага мядзьведзя; танклявая й гонкая, маладзейшая, у янотавым футры, у новых унтах (сібірацкія ласёвыя боты, поўсьцю наверх), з капялюшом і пукатымі акулярамі ў тоўстых абадкох з шырокімі завушнікамі і надта-ж ужо вымілаванай бародкай, нагадвала ні то нейкага заморскага навукоўца, ні то галоўнага савецкага інспэктара нейкага, скажам, «зьверпуштрэсту»... Адным словам, ні разу не даводзілася мне сустракацца з гэткімі «арыгіналамі» на менскіх брукаваных вуліцах. Глядзеў і дзівіўся, бо выдаліся мне яны чымсьці незразумелым, загадкавым і, апрача ўсяго, нечым далікатным у недалікатныя сацыялістычныя часы ды яшчэ ў тым надта-ж ужо недалікатным месцы... Адразу набеглі на вум і старая Тэкля, жонка запраторанага немаведама дзе Калошы, і стары дрывасек Сялівон: гэта-ж, бадай што, і ці ня ёсьць праўдзівыя скурагноі, ці шашалі-валасацікі, што ад таго кораня пад кару точацца або зьверху, праз патыліцу, да нутра белага сьвідруюцца? «Убачымся, калі суджана будзе», - падумаў я, і думкі абарваліся, зьніклі... Спалох і моцнае дагэтуль хваляваньне таксама мінуліся. Вытварыўся стан крытычнае абыякавасьці, і зусім ня цікавіла мяне, ці застануся ў кутку каманданцкай, ці далей павязе «чорны воран», ці... Ніводнае і ніякае «ці» не турбавала больш мяне.