Трываў-бы гэтакі стан цімала, каб не трагічнае «а-ай, а-ай, а-ай», што покатам кацілася аднекуль і, б’ючыся ў зьнітаваныя горам і бядою сьцены калідораў, рабілася яшчэ трагічнейшым.
Карчакаваты, чорны й калматы, як сібірскі мядзьведзь, вузкавокі камандант, пазіраючы ўпорыста ў масыўныя акуляры душы ў янотавым паліто, закрычаў:
— Убрать контрреволюцию!
На тварах «незразумелых далікатных арыгіналаў» мае вочы не спасьцераглі аніякага рэагаваньня, постраху. Павярнуліся моўчкі шырокімі сьпінамі да трох вартаўнікоў і схаваліся, напэўна, там, адкуль кацілася тое «а-ай, а-ай...»
Цішыню парушыла блішчастая скуранка, тая, што вартавала мяне:
— Товариo комендант: арестованный пойман за «Коминтерном»... Из]ятое налицо... Протокол обыска подписан на квартире...
«Сібірскі мядзьведзь» не сказаў ані слова вартавому. Штосьці пытаўся, штосьці запісваў і, нарэшце, загадаў падпісаць — не адзін раз, тройчы — нейкія паперы... Якія гэта былі паперы, ня помню і, відаць, ніколі ня прыпомню.
У той мамэнт, калі нейкі маладзюк у вайсковай форме перадаваў вузкавокаму каманданту выцягнутыя з маіх чаравікаў матузкі і зьняты з вышыванае каласкамі й васількамі кашулі шырокі слуцкі пояс, прывялі Сяргея Астрэйку й Васіля Гінтаўта.
Сяброў пакінулі, а мяне павялі...
Вадзілі доўга. Ішлі калідорамі, выходзілі ў нейкія закавулкі. Па вузюткай і вельмі-ж пакручастай, як той сьвярдзёлак, зялезнай драбіне лазілі і ўверх і ўніз, і не адзін раз, а некалькі, шмат разоў... Спыняліся ў паўцёмных закутках, адкуль тхло цёплым густым смуродам... Ціснуліся сьпінамі да сьцяны, зноў падымаліся ўверх і, помніцца, — не памыляюся — варочаліся назад. Нарэшце ўвайшлі ў вельмі-ж цёмны катух, а адтуль паволі, вобмацкам, ішлі наперад... Дзе былі — у будынку ці за будынкам — ня ведаю, ня відно было, хоць пальцам вока выкалі, але пад нагамі чулася штосьці мяккае: ні то зямля, ні то нейкая мурава. Нейчыя моцныя рукі ўхапілі мяне ўпол, паднялі й пусьцілі. Рукамі намацаў нешта сьлізкае, цьвёрдае. Да слыху даносілася прыкрае цёпканьне нейчых ног. Жудасная цішыня скавала, скамяніла цела. Не адчуваў ні рук, ні ног. Чуў адно-аднюткае тое, як шавяліліся мае валасы. Толькі тады, калі йзноў загрукацела зялезная брама й залапатаў матор, дагадаўся, што гэта зноў быў той самы «чорны воран». «Куды-ж гэта яны? — вырвалася страхам з халодных грудзей нясьведамае пытаньне. — Ці ня туды, адкуль ніхто й ніколі не варочаецца?»
«Воран» імчаўся нядоўга. Празь некалькі часінаў зноў пранізаў мяне знаёмы грукат брамаў. Зноў зашавяліліся валасы. У сярэдзіне, пад самым сэрцам, штосьці моцна ёкнула і гарачым варам разьлілося ў целе.
Перад вачыма, у цьмяным бляску ліхтароў, вырасла вялікая змрочная камяніца — вядомая менская турма...
Дзьверы ўпхнулі мяне ў камэру зь вялікімі натугамі і шчыльна паставілі перад мокраю касьцістаю сьпіною нейкага высачэзнага арыштанта. Гострыя, з лапцяватымі сінякамі, лапаткі незнаёмага мулялі твар. Салоны, сьмярдзючы пот зморшчанае патыліцы сьцякаў на вочы, на губы, плыў за каўнер. Чалавек не зварачаў ніякай увагі, наадварот, падаўся назад і моцна прыціснуў мяне да нечага вельмі цьвёрдага і яшчэ больш сьмярдзючага. Густая вільготная гарачыня, быццам нейкае ліпкае месіва, усё больш і больш сьціскала галаву, налягала на плечы. Адольваючы млосны стан ужо зусім мокрага, вялага цела, я пачаў шавяліцца і ўпірацца кулакамі ў калючыя косьці незнаёмага. Косьці крута павярнуліся, выхапілі з рук клунак і, недзе яго шпурнуўшы, заскрыпелі:
— Каб лягчэй было... Дахадзякаў паважаць навучыся!
Нада мною вісела жоўтая бязносая галава і, нешта гаворачы, моцна ціснула рукамі на плячукі.