Выбрать главу

І зноў новы жыцьця віток... Перад Уладзімерам Дудзіцкім паўстае пытанне:

Ісьці ці застацца? Пайду... Іду. Супыняюся і... застаюся. Што-ж цяпер мне,скажы, рабіць, аставацца ці зь імі разам?.. Заставацца — небясьпечна, а пайсьці — бліжэй да згіну. Сьмерць жыўцом хутае плечы, уціскае ў дамавіну...

Стаўленьне Дудзіцкага да неадваротнасьці эміграцыі, да адлучэньня ад Бацькаўшчыны — не ўспамін пра ранейшыя крыўды й шкадаваньне сябе, ня спроба неяк (і ў чым ?!) апраўдацца: «Гавару ўсім ім: "Не баюся пазіраць у вочы Беларусі"...»

Але што нясе заўтрашні дзень: Яшчэ адзін паставіў крок ты... Куды? — наперад ці назад? Скрыпяць пад дахам новым кроквы твайго прытулку, азіят. Мінецца хмель п’янкі удачы, бы хваль халодных пругкі бег. Пачаткам заўтрашняга плачу здаецца сяньняшні твой сьмех...

Пацягнуліся нялёгкія эмігранцкія шляхі — праз Эўропу, Паўднёвую і Паўночную Амэрыку... Лёс кідаў яго зь Беларусі ў Нямеччыну, Аўстрыю, Гішпанію, Вэнэцуэлю, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Мала ведама пра жыцьцё Дудзіцкага на эміграцыі. Вядома, што ён быў кіраўніком ініцыятыўнай беларускай нацыянальнай групы ў Вэнэцуэлі, потым — старшынём Часовае Ўправы Аб’яднаньня Беларусаў Вэнэцуэлі. Пэўны час працаваў у Беларускай Рэдакцыі Радыя «Вызваленьне». Пісаў вершы, мастацкую прозу, успаміны. Друкаваўся нячаста і нерэгулярна. І — вельмі сумаваў па Беларусі. Настолькі, што недзе ў 70-х паехаў на радзіму. І згінуў. А мо — загінуў?

Ва ўсякім выпадку, для чытачоў на Беларусі ён загінуў у 40-я. Бо савецкія ўлады рашуча, зь вялікім майстэрствам выкрэсьлівалі зь літаратуры і з памяці тых, хто адмаўляўся супрацоўнічаць зь імі, і ў першую чаргу пісьменьнікаў-эмігрантаў. Заслона сапраўды была жалезная.

Наша стагодзьдзе — стагодзьдзе выгнаньнікаў. Колькі таленавітых, выдатных пісьменьнікаў, вучоных, артыстаў, мастакоў вымушана было падацца на эміграцыю! Эміграцыя — заўсёды трагедыя, для пісьменьніка — трагедыя ўдвая. Яго страты самыя вялікія, бо ён губляе чытача. Аднак з часам адным удаецца прыняць чужую культуру, увайсьці ў яе, другія знаходзяць свайго чытача ў эміграцыйным асяродзьдзі, але большасьць пісьменьнікаў і ў думках, і сэрцам застаецца там, на Радзіме.

Аднак ня трэба паглыбляцца ў сугэстыўнасьць, каб, вымавіўшы «эміграцыя», адчуць — «настальгія». Сум па Бацькаўшчыне — цэнтральная тэма паэзіі замежжа. Натуральна, яна не выяўляецца — скрозь і толькі — у суме, успамінах, асабістым пачуцці страты. Яе голас мяняецца ад шчымліва-журботнага ў лірычных вершах, апісаньнях прыроды да зьдзеклівага — у сатырычнах і поўнага ўсьведамлення ўласнай годнасьці — у гістарычных. Настальгія — гэта і боль празь немагчымасьць вярнуцца, і няпрыняцьце ўлады, і самотнасьць у сьвеце, такім дзіўным і чужым, і — знойдзеныя ў маленстве суніцы, і парэпаныя ногі вясковай дзяўчыны.

Уладзімер Дудзіцкі пражыў на чужыне чвэрць века. Разам зь іншымі ён прайшоў усе этапы эмігранцкага быцьця. Але пачуцьцё выгнаньніка апанавала ім значна раней. Пачалося зь дзяцінства — раньняе сіроцтва, раньні арышт, турма і высылка: Марыінск, Новасібірск, Ташкент... Так рана, што паэту часам здавалася, быццам ён заўсёды ў выгнаньні:

Ня першы раз і не апошні, мусіць, баліць душа, і рады не дасі. Сьніцёся мне вы, рэкі Беларусі, і ты, журботная вазёраў сінь...

Так гаварыў паэт у 1933 годзе, і так — у 1945:

Са мною ты на яву і ў сьне, мой родны край, блізкі і блізка... Табой жыву. Малюся, як вясьне. Ты — песьняў-дум найлепшая калыска. Нідзе, я ведаю, сябры, нідзе ня знойдуць лепшага у сьвеце вочы...

Самотнасьць, маркота для Дудзіцкага — ня «модная» літаратурная тэма, не даніна літаратурнай традыцыі, а звычайны штодзённы духоўны стан чалавека. Ды і як можа быць інакш, калі вакол «каля сьценаў... цені — адзіноты і суму пакутнага звыклыя, блізкія госьці». Нездарма так часта бачым на старонках рукапісаў паэта накрэсьленае: «Адзін»...«Адзін»...«Адзін»...