— Ня губі мяне, Зьнябыціч! Я вырвана з тваіх грудзей... Бачыш родную кроў? Я-ж так хочу жыць... Не давайся ў рукі сьмерці!
Перамагаючы сілу густога ветру і зьмярцьвелы стан цела, узьняў я галаву да блакітнага неба і моцна-моцна, ад жаху, крыкнуў:
— Ратуй, Божа, душу грэшнага Зьнябыціча.
У глыбіні старадаўняй пушчы, каля вывернутага навальніцай магутнага дуба, пластам ляжаў чалавек. Ягоную галаву ахінала махрастае карэньне скалечанага дрэва. Зь вялікага насыпу тырчэў глыбока ўбіты асінавы кол, густа акручаны іржавым калючым дротам. На зямлі, каля самага кала, ляжала ўмітуські трынаццаць вехцяў чартапалоху...
Прачнуўшыся ў цяжкіх перадсьмяротных сударгах, чалавек ледзь-ледзь выказаў апошнія думкі:
— Гэта-ж... помнік злой сіле... нячыстаму духу... Бачыш... якія моцныя карані... ня выратавалі магутнага дрэва... А можа й я не памру, чалавеча?.. Праўда?..
— Не, не памрэш... — сказаў я не падумаўшы... І моцна сьціснуліся кулакі. А хіба сьмерцяй жыцьця не паправіш, калі сьмерці ня мінеш?..
Я ўкленчыў перад целам нябожчыка.
Перада мною ізноў зьявіўся вобраз Хрыста й моцная постаць прадзеда Лукаша.
— Бачу, праўнук, што сэрца тваё не апаганенае й душа не прадаецца д’яблу. Сад загоіць раны й зацьвіце яшчэ! Зацьвіце! Жыві, але помні сьвятыя словы і перадай братом: «Жыцьцё папраўляюць сьмерцяй».
Сказаў і зьнік. Я пачуў магутныя грымоты і ўбачыў чырвоныя языкі маланкі. Гэта пачыналася грозная навальніца. Але не яна прабудзіла мяне: я сам прачнуўся. Прачнуўся й пайшоў. І не адзін пайшоў — з братамі і сьцежкамі братоў...
_________
Цімох Баравец падняў апошні шматок паперы й сказаў:
— Бачыце, тут ёсьцека гэтакая дапіска: «Запісаў пакуты свае душы па наказу прадзеда Лукаша на памяць людзям беларус Віталі Зьнябыціч з-пад Пцічы».
— Прашу перахрысьціцца, — сказаў Баравец і сеў каля цёплага цела нябожчыка.
_________
З маленства меў я немаведама адкуль, як і калі прышлы й вычувальна ўрослы страх да нябожчыкаў. І жаль у сэрцы ня тоўпіўся ніколі. Быццам тая смаляная доўбня (няхай яно сабе катораму лёгкаму сьмяюну й сьмешна ад таго робіцца, а мяне самога й цяпер вусьціш праймае ад тамтаголешняга вычуваньня) стукнула ў маю патыліцу гаворка аб чалавеку, Богу душу аддаўшаму. Не бяруся й не скажу, што гэта ня йдзецца ад людзьмі казанага ці на свае вочы калі-небудзь бачанага... Гэтым разам, аднак, страху ня меў ніякага: ня то што на яго забыўся і ўжо не баяўся яго, не, ня меў і (думаецца гэтак цяперака) толькі праз тое, што ён не зь якога там водшыбу падпаўзаў і па чарзе ў сэрца цаляваўся, а ў заплечы мясьціўся ды з усімі, сьціснутымі камяным перавяслам, раўнёю надта братаўся...
Стаяў і пазіраў я на незаплюшчанае левае вока, цьмяна-сіняе й вільготнае, не раўнуючы як той кавалачак неба, што прабіваўся спадыспаду даўгіх цырубалак ды, разразаючыся замураванымі марозам кратамі, застываў і губляўся ў павольных сколыхах ліпкае па́ры, што выплывала яму насустрач, — зь сярэдзіны навонкі камяніцы. А вока нежывога Церабельца пазірала на мяне, на іншых і ўсё больш і больш журылася ды жмурылася памаленьку: на жывых наракала... і з жывымі разьвітвалася...
Няхай сабе й не дадуць веры, а я-ж праўду найпраўдзівейшую скажу: я выразна чуў мацерыну гамонку з суседкаю Цыцыляю Крэзіхай (яшчэ раз скажу, што толькі той ня дасьць веры, хто ніколі ня бачыў на вочы вачэй страхотнае жывое сьмерці за вачыма родных і блізкіх):
— Памрэм, Зенячка, і почату па сабе не пакінем, — уздыхала Крэзіха.
— Два ж вякі, Цыцылечка, каб і жыў, дык ня выжывеш... Малі Бога, каб сваёй гэта сьмерцяй памерці. Ось што, любенькая, — разважала маці суседку, — каб-жа яно ды ведана...
— Як тыя дубкі былі, не дасі зманіць, Зенячка, а сухоты салдацкія бедненькім вочы на сьвет зачынілі, — плакала шчупленькая Крэзіха, нідзе не забываючыся пра сыноў-дубкоў.
— То-ж бы яно то, любенькая... Якога насланьня нямашака толькі на таго чалавека, — яшчэ больш разважала Цыцылю маці. — Чапі яго, дык яно табе й пачне ўчашчаць. Не адкараскаешся, ні асінаю не заломіш. Ззамаладу сьсівелі, а дзецям, не сьвяціўшы, сьвет зачыняецца. Цяжанька маладому з жыцьцём без пары разьвітвацца.
_________
Гэтакая цішыня была ўладавалася, што калі-б і муха праляцела, дык шумам послух натрудзіла-б...
Адзін-аднюсенькі цыбаты рыштант, той, які трымаўся так, як-бы яно там нічога ніякага й ня сталася, ды ўвесь час лавіў шырокімі далонямі бурбалкі, што адрываліся ад мокрае столі, лежачы на купленым за дзьве пайкі-гарбушкі й адзін «беламорканал» месцы каля саменькага вакна, ня вытрымаў цішыні й неспадзеўкі, не паварочваючы квадратовае, нядаўна якімсьці цудам паголенае галавы, вымуляў сухім цагельным голасам: