— Дзе там той грамадзянін Пыжык, якому дадому зьбірацца кажуць?
А пазьней, зірнуўшы на галаногага, дадасьць скалячыся:
— Зь вяшчамі, прыказана.
А бедны Пыжык аблізьнецца як мыла зьеўшы й на ўкарочаныя «вешчы» пальцам сваім пакажа... І каля рашкі — «парашы», як тое ў каноплях пудзіла, ківацца будзе.
Гэта-ж ня жартачкі! Няшчасьце, дый годзе.
От і мусіў чалавек унурацца, усё гэта загадзя на рабаціньні маленькага востранькага носіка зарубіўшы. Балазе, што ўчарашняе сяк-так уціхамірылася ды без таго карцарнага пацукавіньня абышлося. Але-ж і гэта йшчэ віламі па вадзе пісана: можа, усё гэта яшчэ й ачнецца й прыкруціцца... Хто яго там ведае. «Сядзі й ня дыш, — думалася ўнуранаму Пыжыку, — бо як навярзецца новае, дык тады й старое клейка да яго прыпластуецца, каб яго, не пры мне кажучы, заўшыцай аблажыла, і пачне, падсудны Пыжык, твая справа пухнуць. Крый мяне, Божа...»
І гэтак Пыжыкавыя думкі за думкамі беглі наўздагонкі, навыперадкі, шараваліся, разьмінаючыся, і калі ўжо ад разьміну й шараваньня глухлі й шпакляваліся пакусаныя гладзюткімі й касмаценькімі «прах-вэсаравыя» чырвоныя вушы, шчуплацеламу рабілася зябка, яшчэ боязьней; ён тужэй заціскаў матузок на паясьніцы і, таўкучы зубамі дрыжыкі, сакатаў, заікаючыся, усьлед за Банісавым:
— Прах-вэс-сар-р Пып-пыж-жык... гыг-гій-га-а... Бір-ру-руль-ль-ка-а на-а-а твай-е ш-ш-тан-ны іг-ра-ец-ц-ца...
Бірулька спрытнела й пераходзіла да апошняга, да кірпаносага рагатуна й камэдыянта. Той не забыўся, і перад тым, як падкінуць гладзютка вышмараваныя паячныя палачкі-сколачкі, смаргануў носам і, кіснучы ад сьмеху, даймаў баязьліўца:
— Пан Баніс не жартуе, таварыш прах-вэсар Пыжык: извольте штанишки на бочку...
Ня суткамі й не гадзінамі, а часінамі турэмная сьціхата мераецца. І гэта ня то што ўдзень, і ўначы тое самае. Калі не адна трасца, дык другая — меншая ці большая — а такі возьме й прыкруціцца аднекуль і трасе табе людзьмі, як чорт лазою ці сухою асінаю на высокім буі, апошнія духі з-пад рэбраў выкалачваючы. Не скажу, аднак, каб тая трасца да ўсіх адразу чапалася: і чортава свой парадак мае, па чарзе трасца людзей перабірае й кожнаму чалавеку зь іншага капыла свой нораў паказвае. Кране двух-трох, а то й якіх пятнаццаць, пазьней яшчэ колькіх, і ў камяным мяшку, як у тым караніку: усе ўзалабкі з трасцаю бяруцца... Бараніцца-ж неяк трэба, бо ніхто-ж таго ня ведае, калі й за каго яна другім наваратам, унадзіўшыся, учэпіцца. А калі ўжо каго трасца ўзьлюбіць, дык не адкасьнешся, каб і хацеў. Заказырышся — з рэбрамі казыры твае выламіць, падасіся — на заверацень цябе скруціць, пабратаешся — наклёпу на самога сябе наклічаш. Адным словам, рада-б душа ў рай папасьці, ды грахі ня пушчаюць...
Не на вей-жа-вецер пушчана такое, што калі ў пекле не папячэшся, дык і ў тым раі ніколі табе месца твайго ня будзе. От і пякуцца людзі, і курчацца, як шкурат на вагні, свае ды чужыя грахі адмольваючы, каб ня то што ля парогу раю, а ля свае падваротні на скапытаваным двары прыперціся...
Цяперака, гледзячы на ўсё жытае й перажытае з далёкага водшыбу, і серабранскі разьнік Лаўрэн Пячонка ў маіх вачох не такім ужо дурным здаецца. Ён, бывала, дудукаючы з пудлівым Ярыкам Хітрыцкім, што «з панскага хамута ў савецкі рай ашалеўшы ўбіўся», гаварыў гэтакае:
— Пры дурных царох нашых дзядоў-невукаў памялом ад турмы адганялі, каб мужыкі-хамуты ў рай ня ўсунуліся. Адны цыганы-канакрады й вучоныя галовы ля «парашы» таўкліся. Цяперака, як сам пане-таварыш Ярык бачыць, калі ўсе панамі й вучонымі хітрунамі парабіліся, дык і швайкі ў разьнікоў з рук тыя канакрады павырывалі, каб з раю ня выламаліся...
Толькі малады настаўнік, нябожчык Якуб Церабелец ды Цімох Баравец разумелі «разьніковыя брэдні», а «пан-таварыш» Ярык Хітрыцкі тупымі шпылькамі бараніўся ад гострых Лаўрэнавых шваек:
— Бугаі забітыя праклялі пана Пячонку, калі такое ўсё пану разумнаму цёнгле вярзецца.
Жарты-жартамі, а праўда — чамярыца зь перцам: далёка даўнейшаму да нашага цяперашняга. Даўней (да слова прыйшлося) балацяная Ігуменшчына на пальцах сваіх рыштантаў лічыла, і ўсе брытыя ілбы нешта каля паўгода Кацярынінскім трактам у Сібір пхнуліся, а цяпер і хаты нямашака бяз рыштанта, і дарогі да пядзі ўкараціліся: на месцы людзі ў турэмны сацыялізм паволі ўрастаюць... А ўросшы й абыўшыся, чалавек і хвалёнай часіне не дае веры, пакуль добра ня выдыхае таго, што моцна ў знакі яму далося, і душою ня вычуе неспадзеўкі прышлага розьніва. І калі ўжо, ачухаўшыся, падыме вочы, каб таму рэдкаму дзіву соладка ўсьміхнуцца, дык і дзіва нямашака: новая трасца ў дзьверы пачынае стукацца. Гэтак яно й сьціхата сьціхаты ніколі ў турме не здаганяе.