Выбрать главу

Комплекс выгнаньніка акрэп на дарогах Эўропы, а потым Амэрыкі, што прынялі пад ахову, але не далі супакою. У якіх толькі метафарычных увасабленьнях не ўяўляецца У. Дудзіцкаму выгнанец: «Бяздомны сын», «як той колас, вятрамі падбіты», «зерне на таку», «як той колас у полі», «прывід у начы». Ды й як можа быць інакш, калі здаецца, што «у глыбокім моры нейкім ты жывеш адзін». Ці не таму так ня любіць У. Дудзіцкі вецер, звыклы персанаж сваёй паэзіі, што той лёгка гоніць «чалавека без каранёў».

Час як катэгорыя для шмат якіх эмігрантаў — разарваны. Яны ня проста жывуць у двух часавых прамежках — мінулым і сапраўдным (для большасьці паваенных эмігрантаў ня было ўсьведамленьня будучага). Мінулае ня сыходзіць у нябыт, а існуе ў сёньняшнім, прарастае ў ім. Павялічваецца часавая дыстанцыя, і жыцьцёвы пачатак усё больш абвострана ўяўляецца як адзінае сьветлае — вечнае і прыгожае. Сёньняшняе ня ўспрымаецца з-за яго чужасьці, а наступнае — безнадзейнае. Уладзімер Дудзіцкі неаднаразова зьвяртаецца ў вершах да гэтае тэмы — разарванасьці чалавечага лесу.

Перада мной — прастор нябёс, чужы, халодны і нялюбы. Які-ж вар’ят сюды прынёс мяне на зьдзек людскі, на згубу?      «Перада мной..» Кірунак захадні — зусім чужы, усходні гэтакі-ж. Усе чужыя. Над першым навальніца ўсё дрыжыць, па-над другім — зьвяр’ё начамі вые. «О родны край»      Мінуў усходнюю чуму — на сьцежках захадняя стала і сушыць косьці рук і ног.      «Матуля любая...»

Таму ня дзіўна, што часам паэты жывуць пераважна мінулым і ў вершах ажыўляюць яго. Бо сум па Беларусі — канкрэтны, як канкрэтныя для кожнага чалавека выявы Бацькаўшчыны, да якіх ён прыпадае у думках, быццам да крыніцы чароўнае вады: «туманы вільгаці балотнай», «рунь мурожная аселіц», «дзіўны россып песьняў салаўіных», «сьвяжуткі зары сьвітанак», «месяц ліпень і места Глыбокае». Так успаміналася паэту і Мекка беларусаў — Вільня:

Ў душы ня стлее ўцеха, не згарыць —      абудзіцца мацней і сьлед пакіне.      З драбніцай кажнаю ўраньні, уначы      маліўся срэбру зорнаму і небу.      І гэта быў душы мае спачын,      спачын душы, пітво і солад хлеба.      І ціш сівое Вільні і вятры,      густыя, кволыя заўжды такія,      усьцешаць прышласьць іншае пары      і сьлед у сэрцы, у душы пакінуць.           «Вільні»

Дудзіцкі востра адчувае важкасьць каранёў, першасных сямейных і чалавечых сувязяў, якія так балюча парываць. Вершы-лісты да маці, сястры, звароты да сваякоў — жывое дакументальнае сьведчаньне трывалай повязі паэта з родным гняздом, зьнітаванасьці з Бацькаўшчынай. У вершах-лістах найбольш выразна выяўляецца адна з адметных рыс паэзіі Дудзіцкага — яе дыялагічнасьць, адкрытасьць, акрэсьленасьць адрасата. Таму так частыя ў яго звароты да Краю, Жывога Роднага Слова, Нёмана, Пцічы, Неба, Годнасьці Чалавечай, Чалавека...

Матывы выпрабаваньня, цаны гісторыі, збавеньня натуральна аказаліся блізкімі большасьці паэтаў паваеннага часу. Разам з тым, прыйшло і асабістае асэнсаваньне трагічных падзеяў веку. Шалёны вецер сацыяльных зрухаў, вынішчэньне асноў чалавечага існаваньня пакінулі паэтаў сам-насам з рэальнасьцямі новага быцьця. У творах Дудзіцкага падзел між зямным і касьмічным, сапраўдным і ўяўным сьціраецца. Сучаснасьць нясе на сабе знак катаклізму.

Пачатак паэтычнай творчасьці У. Дудзіцкага супаў у часе з рэпрэсіямі Сталіна і нападам Гітлера, што выклікала ў сучасьнікаў шматлікія асацыяцыі з Апакаліпсісам. У шэрагу вершаў Дудзіцкага і ў паэме «Зьвер двухногі», адной з найбольш глыбокіх паэм у беларускай літаратуры, адлюстравана трагічнае ўспрыняцьце рэчаіснасьці, глыбокі душэўны разлом: «Зямлі і неба ня відно было ні сьледу, і дзесьці захлынаўся жвірам дзікі рогат... Уваччу снавалі здані гідкія»; «Белы сьвет зьмярцьвеў і стаўся пусткай нябывалай.. Чую плач, вар’яцкі, дзікі рогат... І пакутная, як пекла, ноч»; «Здань Дракона патушыла жыцьця прамень».

Адчуваньне паэтам часу, рэальнасьці, мастацкае адлюстраваньне іх супадае з карцінамі «Аб’яўленьня сьв. Яна»: «І гвёзды нябёсныя палі на зямлю, як фіга, трэсеная вялікім ветрам, страсае нясьпелыя фігі свае; і неба зьвілося, бы сувой зьвіваецца; і кажная гара й абток скрануліся зь месцаў сваіх».(6:13,14) «І чыне вялікія знакі, ажно агонь зводзе зь неба на зямлю перад людзьмі». (13:13) Карціна Апакаліпсісу ўзмацняецца прысутнасьцю вятроў — нябесных духаў, анёлаў чатырох бакоў сьвету, ідэнтычных коньнікам «Аб’яўленьня сьв. Яна». Яны апісаны ў кнізе Захары (1:8 і 6:1-7).