— Значыцца, Раманава...
— Раманава, чалавеча. Самога от толькі нямашака ў хаце, — сказала, як і прышлы, думаючы, а пасля папыталася: — А вы хіба зналі Рамана?
— Знаць яго знаў... Бачыўся... — сказаўшы гэтак, чалавек ступіў яшчэ два крокі й папрасіў напіцца.
Агапа зачэрпала меднаю конаўкаю вады зь дзеравянага вядра з посілкаю, падала чалавеку й папрасіла сесьці, паказаўшы рукою на лаву каля стала.
Той, сеўшы, сказаў Агапе, што зайшоўся ня надаўга, бо ягоная дарога далёкая, і папытаўся, ці можна перабыць у хаце да зьмярканьня, каб ісьці далей пры цямне, як немцы ня бачаць.
— Чаму-ж не, хоць і цэлы тыдзень, хоць і яшчэ больш, і нам весялей і сьмялей будзе жыцца... — адказала й пайшла да печы адсунуць ад полымя гаршчок з капустай, якая, кіпячы, вылівалася на раскочанае вугальле, сыкала й вельмі смачна пахла.
Невядомы моцна ўдыхнуў пахучае паветра ды зачмякаў губамі, і Агапа здаўмелася, што гэты спакойны ветлівы чалавек вельмі галодны й што яму трэба даць есьці. Ставячы на стол вынятую з-пад прыпека вышчарбленую гліняную міску, кінула вокам на чалавека:
— От гэта і ўсё, што засталася на Раманавым грунце, рэшта, самі, уваходзячы, бачылі, дзе й што зь ім... Зьелі шэльмы, каб іх саміх шолудзі поедам елі.
— Набудзецца, цётачка, калі будзе суджана, кладучы на кавалак жоўтай газэціны махорку зь вялікага скуранога капшука, заўважыў незнаёмы і, помнячы сказанае добрай цёткай «і нам сьмялей і весялей будзе жыцца», пацікавіўся:
— Хіба-ж ня вы адны, ня самі жывяце ў Раманавай хаце?
— З пляменьніцай Марыляй, Раманавай жонкай. Сёньня Бог даў ёй дзіцятка на досьвітку, сынка, а бацька й ня ведае... Ваюе недзе... — Агапа прыняла з абруса падкоўку, патрымала ў руках, а потым начапіла яе на той самы цьвічок, дзе віселі «ходзікі», і ўздыхнула: — Кажуць, што падкоўка шчасьце людзям прыносіць... Можа, і вернецца, нядобра, што от «ходзікі» разьбіліся.
Незнаёмы слухаў Агапіну гаворку і ўсё нешта думаў. Калі-ж у большай хаце заплакала народжанае, чалавек усхапіўся, зірнуў на падкоўку, на пабітыя «ходзікі» на падаконьніку, нэрвова смакануў скрутку махоркі й гэтак-жа нэрвова выняў з кішані выкуцанай у гразь гімнасьцёркі велікаваты гадзіньнік.
— Другая папаўдні... — сказаў, гледзячы Агапе ў вочы.
— Можа, яно й праўда... — перастаўляючы на стале міску, быццам-бы не на сваім месцы стаяла, нахіліла да гадзіньніка галаву, зірнула, потым — на скураны капшук... — Дык яно-ж і ня позна яшчэ, — дадала, — я вам капусты пастаўлю. Пакурыце, а я тым часам...
Цётка Агапа ўзяла сухія полачкі й пайшла ў большую хату да Марылі з дзіцем.
_________
Хату Рамана Скрылевіча паказала Астапу Крыжаку бабка Прузына. Рымарава хата дажывала свой век пасярэдзіне сяла, каля Карчмішча, трэцяй ад месца, дзе стаяла некалі карчма. Дык от, каб людзі ня пыталіся, дзе яна была й што там рабіла, ды каб ня мець праз гэта лішніх нагавораў, Рымарыха не пайшла вуліцаю, выйшла гумном на загародзьдзе й адтуль кустамі нацянькі да Карчмішча. Бачыць, стаіць чалавек, грызучы рэпу, і пытаецца, ці ня ведае бабка, дзе будзе хата Рамана Скрылевіча. Яна паказала рукою на тры высокія ліпы і, каб яшчэ лягчэй пазнаць, сказала, што Раманава хата на высокім муры, а перад ёю, на другім баку вуліцы, — заваленая хлудам студня. Бабка сказала й тое, што самога Рамана дома нямашака, то ён недзе ваюе або ўжо й дадому йдзе, бо Марыля, ягоная жонка, значыцца, радзіла сына, і ёй, далікатнай і вучонай, было-б цяжка без чалавека сына выкачваць...
Цяпер, пагаварыўшы зь цёткаю Агапаю й спраўдзіўшы, што гаварыла яму бабка, Астап убачыў, што ён не памыліўся, трапіў якраз у хату свайго нядаўняга, але вельмі-ж добрага таварыша Рамана Скрылевіча. Блага толькі, што ў такую нязручную часіну немаведама, што яму рабіць: раскажа — гора вялікае чалавеку прычыніць, лёгка разьятрыць жывую рану, а загаіць яе вельмі трудна; ня скажа й пойдзе — ня выканае апошняе просьбы таварыша й граху нець якога набярэцца: будуць чакаць і ніколі не дачакаюцца, і ніхто ніколі ня скажа, бо толькі адзін-аднюткі Астап ведае, дзе, як і што... Напісаць, пакінуць, і бывайце здаровы — слабізна натуры, нястача адвагі, а ён-жа чалавек сьмелы й адважны; пакінуць на потым, каб тады, як скончыцца вайна, напісаць ці самому адведаць, няма пэўнасьці: а што, калі й сам ня дойдзе туды, дзе саўсім малым дзіцянём пакінулі яго бацькі ў першую вайну на чужыя рукі?..
Важачы ўсё гэта на сваёй душы, Астап бачыць, што яму ня трэба ўцякаць, калі людзі з хаты не праганяюць, пачакаць і, выбраўшы добрую часіну, як толькі палепшае Раманавай жонцы, сказаць і тым самым укараціць гора... Зрэшты, некуды й сьпяшацца. У яго-ж ні кала, ні двара, ні бацькоў, ні блізкіх крэўных, ні жонкі, якая-б думала й чакала на яго з дарогі. Дзяўчыны й тае дасюль ня мае на воку. А тая, да якое сэрца ягонае ляжала яшчэ ў тэхнікуме, як у ваду канула, ні слыху ні дыху. Хто ведае, можа й яна дзе-небудзь чакае на свайго ось так, як і Агапіна пляменьніца, мілуючы сваё першае, толькі што народжанае дзіцятка?.. Калі-б гэтакае самае сталася з Астапам і Раман, прыйшоўшы ў хату, утаіў і не памог жаночаму гору ў гэтакі трывожны час, дык сам ён не дараваў-бы ніколі таварышу й на тым сьвеце. Ці мала благога пакінулі па сабе хлопцы ў Астапавым дваццаціпяцігадовым веку, а ён, паспытаўшы свайго ўласнага гора, падаючы й цяжка падымаючыся на крутых ухабах дарогаў, мужны й чэсны, зь нікога ані накпіў, ані пакрыўдзіў нікога: вялікую меў ён абачлівасьць і бядзе чужой упору памагчы заўсёды ўмеў. Вось чаму й важыць ён асьцярожна на розуме й сэрцы ў маленькай хаце свайго таварыша маленькую часьцінку неасягнёнага людскога няшчасьця на тле крыві й пажараў, жыцьця й сьмерці.