Чуе Астап гамонку жанок у большай хаце, але не прыслухоўваецца. І толькі тады, калі ўшчаўся дзіцячы плач, яму здалося, што ў хаце не стае паветра. Адчыніў вакно й апёрся рукамі на падаконьнік.
— Колькі-ж табе давядзецца плакаць, дзіцятка, — сказаў, выразна пачуўшы сказанае.
— Ня дзіця гэта плача, Астап, а радасьць нараджэньня. Радасьць бязь сьлёз не нараджаецца. Яны йдуць упоруч, нітуюцца, жыць ня можа адно бяз другога, аж пакуль расхістанае імі цела ў труну не паложыцца. От што яно такое... — нехта, здавалася, сьціскаючы далонямі ягоную нячэсаную галаву, адказаў на самае вуха.
Пасьля чутага Астапу зрабілася яшчэ цяжэй. Ён закурыў трэцюю самакрутку махоркі й пачаў углядацца ў неба. Перад ягонымі вачыма, засланяючы сонца, стаялі густыя ліпы. Яны нагадвалі Астапу пазаўчарашнія хвоі і ўсё, што каля іх сталася. Цяпер ён ня думаў, ён гаварыў з сваімі ўласнымі думкамі й так, калі-б хто-небудзь стаяў паблізу, дык выразна пачуў-бы такое: «...Вырваліся з-пад шыбеніцы, прабіліся праз кулямётную аблогу, ішлі, не хаваючыся, пад нізкімі клінамі бамбавозаў і зьнішчальнікаў... Прайшлі. І каб ня тыя жанчыны зь дзецьмі, дык і ўсё-б яно было добра... А можа, і нядобра? Хіба-ж ня варта паміраць, ратуючы жыцьцё брата!? Варта й трэба! Найбольш, відаць, разумеў гэтую простую мудрасьць Раман Скрылевіч. Пажджы, як гэта яно было папарадку? Ага... Хаваючыся ад нямецкіх аўтаматчыкаў, мы занялі нашую абарону ў густой кроне трыкутніку асінаў, у дузе наступу аўтаматчыкаў знайшліся жанчыны з маленькімі дзецьмі. Пасьля другое чаргі яны паваліліся на гузастыя карані. І калі аўтаматчыкі былі ў нейкіх сарака кроках ад нас, Раман, як той разгневаны леў, рынуўся ўніз, каб ратаваць няшчаснае ў лесе дзіцётка. Вось ён засланяе яго сваімі плячыма«...»
Ранены Раман пахіснуўся, але падняўся, даў дзьве чаргі, і яны, перакрыжоўваючыся з маімі, перанялі апошніх аўтаматчыкаў. Ня маючы патронаў, Раман выхапіў апошнюю гранату й швыргануў яе ў залогу ворага. Празь нейкую часіну тыя зрэзалі Рамана. У дваццаці прыблізна кроках два ўжо раненыя аўтаматчыкі знайшлі сабе супачынак ад маіх апошніх куляў. І потым... Калі сьцішылася і відаць было — вораг пераможаны, кінуўся ратаваць Рамана... Цяжка раненага сябра й ледзьве жывое дзіцянё перанёс я да трох хвояў. Ратунку ня было. Перад скананьнем Раман Скрылевіч вельмі прасіў адведаць у Карэлічах ягоную, яшчэ бацькаўскую, хату й перадаць жонцы апошні яго паклон. От, здаецца, і ўсё збольшага...»
На падаконьніку ляжалі разьбітыя «ходзікі». Зірнуў на іх Астап, памацаў, перавярнуў на другі бок, зірнуў на пагнутыя колцы, потым — на падкоўку шчасьця... Павярнуўся паволі сьпіною да вакна й сеў на тым самым месцы, дзе сядзеў перад гэтым, гаворачы зь цёткаю Агапаю. Выняў скураны капшук, расшнураваў, расхінуў, аціснуў яго праваю даланёю, набраў трыма пальцамі махоркі, насыпаў на пакамечанае лапікла газэціны, скруціў, насьлініў, узяў у губы, каб запаліць запалку. Рабіў усё гэта быццам на нейкай рэпэтыцыі, думаючы й не адводзячы вачэй ад капшука. У пачку ня было ніводнае запалкі, і Астап, выняўшы з зубоў скрутку, палажыў яе на расхінены капшук. Робячы гэта, ён упёрся вачыма ў вугалькі на чарэні печы. Яны ачахлі, і толькі саўсім маленькі сінюткі ваганёк, шавелячыся, як прыцёрты матылёк, пакалыхваўся, асядаючы між імі.
— Дагараюць, як Раманава сэрца... — падумаў і скалануўся. Устаў і падышоў да печы прыкурыць.
— Дзе-ж ён пазнаў Рамана? — пачуў Астап, як пыталася Раманава жонка ў цёткі Агапы.
— Ведае, казаў, бачыўся. А от дзе й як — не сказаў, і я ў яго не перапытала.
— А не казаў, адкуль сам будзе?