— Ну калі ж ты ўцяміш, — казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту «Унівэрсальны сцэнарый камсамольскага свята на 1981–1999 год». — Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка — наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе — зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю!
Адначасова Багатыроў кідаў перад ёй на доўгі стол сукенкі ды кашулі, як нейкія доказы таго, што ён мае рацыю. Некаторыя строі ён, агледзеўшы, вешаў назад у шафу.
— Я ня маю такой магчымасці (сукенка), у мяне асабістае (кашуля) жыцьцё зьявілася — дарэчы! — амаль крычаў Багатыроў, утапаючы ў хэбэ. — Раней (боты) трэба было думаць (сукенка), Эла!
— Толькі на тыдзень, — казала, перабіваючы яго, Эла Сямёнаўна, якой у гэты момант больш за ўсё хацелася чаго-небудзь выпіць або плюнуць Багатырову проста на лысіну. — Багатыроў, ты ж ягоны бацька! Ты ж разумееш…
Яна зрабіла паўзу і без аніякае веры ў посьпех выдыхнула:
— …што такое гастролі.
— Але гэта твой клопат, — аднастайна, быццам на грузчыкаў, пакрыкваў Багатыроў.— У нас няма — няма (Багатыроў прымерыў на сябе кашулю з арнамэнтам у каўнера і барвовай плямаю ўнізе) агульных праблемаў. Ёсьць твае і мае, Эла. Адвязі яго да мамы… да Ганны Іванаўны.
— Яна хворая! — закрычала Эла Сямёнаўна, — Яна, можа, да Новага году не дажыве! І што ты мне суеш — тут жа на бірцы «Рускі народны касьцюм» напісана. Чытаць ня ўмееш?
— Хворая! — усклікнуў Багатыроў, паказаўшы вострыя пацучыныя зубы. — Яна ўсё жыцьцё хворая — на сквапнасьць ды тупасьць! Рускія, беларускія, гаўнарускія, хахляцкія — каму якая справа! Хто разьбярэ? Хоць у паранджы лявоніху танчы — ніхто слова ня скажа!
— Ды мне пофіг, — сказала Эла Сямёнаўна. — Толькі нас перад ад'ездам бэтэ здымаць будзе для нейкай підарачы. Трацімся на вочы якому-небудзь прафэсару…
…А чацьвертай Эла Сямёнаўна пабудзіла сваіх падначаленых, і «Яромка» рушыў у клуб. Усе пераапрануліся ў народныя строі, і Вікторчык, смокчучы абломак зуба, сеў заклейваць бас-балалайку. А пятай пачаў зьбірацца народ. Прыйшлі дырэктар, Анжэла, пэнсыянэр з фотаапаратам й трое маладых людзей дэгенэратыўнага выгляду. Ансамбль схаваўся ў пакойчыку за сцэнай. Празь некалькі хвілінаў туды завітаў пэнсыянэр. Высветлілася, што ён карэспандэнт раённай газэты й жадае ўзяць інтэрвію ў худрука.
— У народных традыцыях — мудрасьць пакаленьняў. Таленты нашых дзедаў й прадзедаў сканцэнтраваныя ў гэтых песьнях і танцах, — мармытала машынальна Эла Сямёнаўна, думаючы пра Лёшку — як ён там? — Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына. В условиях бездуховности и девальвации искусства она нам лаской матчынай. Аб ёй у СМІ нам баюць казкісны, а таксама вясеннія праталіны, якія, на жаль, предпочитают массовый ширпотреб таму, што прынята называць багацьцем народа, святыняй яго. Говорят, что народная культура исчезает, ёй зьнікнуць пара. Для ансамбля «Яромка» яна ж — вечна жывая. Як вада, як зямля, як зара.
Пэнсыянэр згодна хітаў галавою ды запісваў. У залі засьвісьцелі.
— Усё-ткі йдзе народ, — сказаў Мікола. — паслухайце, што ў залі крычаць.
Але ў залі клікалі нейкага Ромку. Урэшце ўсталявалася бурлівая цішыня, і са сцэны, быццам рапартуючы, загучаў узрушаны голас Анжэлы:
— Добры вечар, дарагія сябры! Сёньня ў нас у гасьцях — фальклорны ансамбль «Яромка», які прыехаў да нас са сталіцы нашай Радзімы. Сёлета «Яромку» спаўняецца 40 гадоў. За гэты час калектыў шматразова станавіўся лаўрэатам разнастайных конкурсаў, выязджаў на гастролі па рэспубліцы, а таксама за мяжой. «Яромка» унесла… унес… «Яромку» належыць неацэнны ўклад у захаваньне й разьвіцьцё нашай народнай культуры, у выхаваньне пакаленьняў людзей на вечных, спрадвечных узорах нашага фальклору, які заўжды ўяўляў сабой скарбніцу мудрасьці, здаровага гумару й служыў…
Голас Анжэлы раптам згубіўся ў аглушальным пульсуючым грукатаньні. Мікола вызірнуў у залю. У вакна пяцёра або шасьцёра падлеткаў хавалі магнітафон. На фоне вухаючага умца-умца пацёк, як расплаўлены чупа-чупс, салодкі вакал: «Дзевачька… Слаткаайя… Пацэллуй… Пацэллуй…» У залі ўхвальна заржалі. Там сядзела з паўсотні школьнікаў, цінэйджары разваліліся на крэслах, некаторыя старанна пісалі нешта на драўляных сьпінах тых, хто сядзеў наперадзе, іншыя імкнуліся наступіць на ногі суседзяў, правальваючыся пад сядзеньні. Заднія рады, не баючыся быць атакаванымі са сыпны, спрабавалі даплюнуць да пярэдніх радоў. Тыя ўставалі і ў сваю чаргу імкнуліся дамацюгацца да галёркі. Ля правай сьцяны, саставіўшы колам крэслы, сядзелі няпэўнага веку мужыкі й рэзаліся ў дурня. Ніна Саламонаўна віскнула на ўладальнікаў магнітафону, і тыя неахвотна прыглушылі гук.