Кот перастае крычаць і мякка ўскоквае да мяне на калені. І паступова ўвесь боль майго беднага, беднага, гэткага беднага цела сыходзіць кудысьці. Становіцца добра й сьветла, хочацца адплявацца й зубы пачысціць… І, відаць, у душ. Не, падымацца яшчэ зарана, але я папраўляюся. Кот сядзіць у мяне на каленях, погляд ягоны сур'ёзны, нібы ён заняты надзвычай важнай справаю. Поўсьць яго грэе мае зусім замерзлыя ногі. Кот маўчыць, толькі зрэдку мружыцца, пазіраючы на мой жывот у корцы засохлай гідоты. Коцік… Каты забіраюць у людзей боль… Калі нам балюча, да нас прыходзяць каты й праганяюць яго… а можа, прымаюць у сябе. А мы… мы нават не цікавімся, што адбываецца ў катох далей, куды яны дзяюць гэты боль, — магчыма, адчуваюць замест нас. О, мой гаючы, чароўны кот! Калі ў мяне забаліць душа, дазволь мне прыкласці цябе да яе.
2001
УСЁ, ШТО АД НАС ЗАСТАЛОСЯ
Кабінэт зьзяў адмысловай, стэрыльнай белатою. Толькі зрэдку па ўзбоччы шафаў, па роўнядзі апарату УЗІ, па гладкай — ні складкі — прасьціне на пустой кушэтцы, па акругленых кутох скрыні для інструмэнтаў, па бляску ўмывальніку, які густа мазаў вочы, праслізгвалі зігзагі ценяў. У вакно біла зімовае сонца.
— Апранайцеся, — прагудзеў доктар Жаўткоў у бараду. Барада ў яго была кучаравая й шырокая, ахоплівала шыю, як вялікае жабо. Ён зьняў пальчаткі й пайшоў мыць рукі.
Тая з палёгкаю пакінула гэтае жахлівае груваздкае прыстасаванне, якое нагадвала прыладу для катаваньня ведзьмаў. Адчула радасьць уласнай крыві, што адразу напоўніла цяплом і ўтульнасьцю яе замерзлыя, худыя, як у падлетка, ікры, прытопнула нават, вельмі непасрэдна, гарэзьлівай, загарэлай нагою — так, што доктар Жаўткоў павярнуўся да яе і ўсьміхнуўся ў бараду. Паправіла валасы, падстрыжаныя па модзе дваццатых, павяла зацёклымі плячыма, прыўзьняла швэдар, адкрыўшы кранальны, паголены лабок. Жаўткоў адвярнуўся й намыліў вялікія, валасатыя рукі.
— Так, эрозія ўсё-ткі ёсьць, — сказаў ён, хінуўшы галавою мэдсястры Але. — Але гэта нічога. Прыйдзеце да мяне ў ваўторак. Час — як вам будзе зручней. Усяго найлепшага, Тая.
Жаўткоў выйшаў у суседні кабінэт, асцярожна прычыніўшы за сабой дзьверы — ён заўсёды быццам бы баяўся зламаць што-небудзь, і таму рабіў уражаньне нязьменна зьбянтэжанага чалавека.
Тая пацягнулася ўсім целам, весела агледзелася вакол. Сьвет быў чароўны ў сваёй бесклапотнасьці, сьвет падпарадкоўваўся ёй, як закаханы ў шэфіню малады падначалены. Учора яна хацела сьнегу, і сьнег пайшоў, прычым, некалькі разоў за дзень відазьмяніўшыся, прыняў увечары тую форму, якой яна ад яго чакала — пухнатага, ціхмянага, перадкаляднага. Сёньня ёй з ранку хацелася сонца, і сонца зіхцела зараз у прастадушна-зьдзіўленых ад дасканаласці навакольля таіных аксамітна-зялёных зрэнках, і ўсё было такім белым, хоць акуляры цёмныя начапі — тыя, што Юра набыў ёй гэтым летам у Гішпаніі. Яна пагладзіла жывот. Як усё добра! І кашаль зусім зьнік, доктар Жаўткоў пастараўся, яшчэ некалькі працэдураў, і яна будзе спакойна спаць уначы, безумоўна, калі засьне раней за Юру.
— Я пачуваюся маленькім парнакапытным, якое выпусцілі пабегаць на лугавінку, — сказала яна мэдсястры Але, адзначыўшы з задавальненьнем, што прамаўляе поўную лухту, што не адпавядае зараз вобразу жонкі дзелавога, сур'ёзнага чалавека. Яна ўцягнула жывот, і той адказаў ёй добрай усмешкай. — Маленькай істотай на яшчэ не акрэплых ножках, якая бегае па вельмі-вельмі зялёнай траве.
Яе любілі ўсе — хмуры ад нараджэньня муж, бацькі мужа, якія мелі краму ля мэтро «Цэнтральная», любілі сустрэчныя на вуліцах, якія, убачыўшы Таю за вакном «Вольва», разумелі, што адзіны талент, якога ім не хапае — гэта талент радавацца Жыцьцю. Любілі, натуральна, яе ўласныя бацькі, якім яна набыла нядаўна новы, пляскаты, як карціна ў рамцы, тэлевізар, што вельмі ўдала ўладкаваўся між дарэвалюцыйнай працы шафаю і пісьмовым сталом. Любілі сябры Юры, мілыя, выхаваныя людзі, абазнаныя ў піве й паляваньні. Любілі люстэркі й люстры, якія яшчэ ніколі не давалі ёй нагоды сумнявацца ва ўласнай дасканаласьці. Любілі акварыюмныя рыбкі й камары, любілі сабакі (нават Фэлікс ніводнага разу ня ўбачыў у ёй чужую). Любілі кветкі, грошы, любілі натуральныя сокі, зіма, восень, вясна, лета. Любіў доктар Жаўткоў, які спытаў яе пры першай сустрэчы, якую клясу яна скончыла, а потым доўга ня мог нацягнуць пальчаткі. Любіла сакратарка Жана, якая сядзела за дзьвярыма ў прыёмным пакоі, любіў ахоўнік, які сёньня, як ёй падалося, глядзеў на яе зь яшчэ большай цікаўнасцю. Прыгожы, дарэчы, хлопчык. Любіла й мэдсястра Ала, яна цяпер пісала нешта, раз-пораз пазіраючы на Таю зь вясёлым недаўменьнем: ну адкуль узялася гэткая «прэлесьць»?