Выбрать главу

Тая пайшла апранацца, наўмысна не закрыўшы шырму, каб падражніць Алу крыху. Тая была маленькая, і нават Ала, якая сядзела за сталом, была вышэй за яе, узвышалася, як настаўніца над пяціклясьнікамі. Але свой рост Тая цаніла. Прыемна быць дарагой лялькай, зробленай на адмысловую замову. Чыю замову? Юры, натуральна. У яе ж усё атрымалася як у сапліўчыках — прыйшоў ён, малады, багаты, разумны, вопытны, чароўны шпрыц… фу, прынц — проста ўсім сакурсьніцам на зайздрасьць, ды забраў яе з гэтага, бля, інстытуту, куды яна ўлезла пад націскам мамачкі. А Юра вось так прыехаў аднойчы, увайшоў у аўдыторыю, тыкнуў на Фельдмана, які адразу схаваўся ледзь не пад катэдру, вывеў пад руку зь смярдзючага, прапахлага калгаснікамі будынку й пасадзіў у машыну — яна нават не памахала рукой усім тым небаракам, якія стаўкліся ля вакна, — убоствам з прадвызначанымі лёсамі, таннымі гадзіньнікамі, недагледжанымі пазногцямі.

— Тая, я ж табе хацела футра паказаць, — Ала ўстала, прайшла міма Таі да гардэробнай шафы. Тая ўдала на твары крайнюю зацікаўленасьць, села на крэсла, узяла танюткія чорныя майткі, да таго прыемныя навобмацак, што можна проста сядзець і дакранацца, мацаць, гладзіць, да поўнае зьнямогі. Лёгкія, як суфле. Яе любімыя.

Але футра й насамрэч было някепскае. Нават — не было моцы ў гэтым прызнацца — выдатнае. Пясец. Пясец! Ала накінула яго на белы халат, прадэфілявала па кабінэце, з задавальненьнем заўважыўшы, што нос Таі задыхаў нечым падобным на зайздрасць. Не, у Таі дома таксама было падобнае футра, ня горшае за гэтае, але…

— Добрая рэч, — сказала Тая. — Плоціць вам Жаўткоў, я гляджу-у-у…

— Ну, Жаўткоў тут ні пры чым, — з асалодаю прамовіла Ала. — Каханак падарыў. На каханкаў мне шчасьціць, а вось замуж…

Яна паглядзела ў асьляпляльнае, нібы грэх, вакно.

— Так, — сказала Тая, нацягваючы калготкі. Каханак. Адкуль у Алы каханак? Нашто навогул камусьці каханак, калі можна вось гэтак, як яны зь Юрам. Ён жа ёй, дурань, Юрачка, кветкі дорыць штодня. Як даведаўся, што калы — яе любімыя, так і носіць пачкамі. Скалалазкай яе называе. Нясьмешна, але прыемна. — А колькі яму?

— Трыццаць, — адказала Ала, усё яшчэ ярка плямячыся пясцовым футрам. — Ды ён жанаты, дзяўчо нейкае акруціла…

— Трыццаць — зусім як Юры, — Тая ледзь не запляскала ў ладкі, але перадумала. Здраджваць. Вось гэтак. Казёл нейкі.

— Усё футры прымерваеце? — у кабінэт увайшла Жана. У Таі заўжды было падазрэньне, што Жана і Ала — адна істота. Асобна яны не існавалі. Папросту Жана — гэта прэлюдыя да Алы, а Ала — працяг Жаны. Жана адвеку папярэднічала Але, Ала выдавала поўны партрэт. Мэдычкі хрэнавы.

— Усё футры прымерваем, — прасьпявала Тая голасам пастушкі, якая толькі што прачнулася, і выцягнула перад сабой нагу. Нага была не падлеглая сумневу. — Але каханак падарыў, ён ня п'е, ня паліць, жанаты, любіць футбол і рыбныя катлеты.

— Не, да футболу ён абыякавы, — засьмяялася Ала. — Дзіўны, спосаб зарабляць грошы.

— Вось і Юра так кажа, — прамовіла Тая дзіцячым голасам. — Слова ў слова. Дзіўны спосаб зарабляць грошы.

Тая ўжо хацела апранаць спадніцу, але тут ёй прыйшло ў галаву, што ў прыёмным, мусіць, сядзіць якая-небудзь дура й чакае сваёй чаргі, і яна, пагладзіўшы сябе па каленях, адклала спадніцу ўбок.

— Мой таксама так кажа, — сказала Жана. — А шэф у сябе?

— А ты, Тая, сабе каханка пакуль не надыбала? — спытала Ала, хітра прымружыўшы надта ярка нафарбаванае правае вока.

— Навошта? — Тая нясьпешна ўзяла спадніцу, прымерыла. — Ну прыдбала, прыдбала, Юрай завуць. Самы лепшы ў сьвеце.

— Майго таксама Юрам завуць, — адгукнулася Жана, задумалася пра нешта, спахмурнела, але потым зноў прыняла аблічча ўступу да Алы, дзелавітага й ляканічнага, як інструкцыя па карыстанні прыборам, які не патрабуе асаблівых навыкаў.— Мы зь ім пасварыліся ўчора, дык ён мне кветак прыцягнуў, калы, цэлы букет. Па тэлефоне сварыцца зручна…

Прыемнае пачуцьцё гармоніі, знаёмае перш за ўсё шахматыстам і музыкам, прамільгнула раптам у Таі недзе пад маленькімі грудзьмі і схавала галаву ў зыбучы пясок, пакінуўшы на паверхні толькі тоненькі хвост. Быццам пазногцямі ўхапіўшы яго, адчуваючы, што ў любы момант можа выпусціць, Тая паглядзела на Жану. Раскаленыя вочы патрабавалі зьняць зь іх вільгаць.