— Ты што, Тая, ён не жанаты, — сказала Жана спалохана. Здагадалася пра такую салодкую, інтрыгуючую тэму, што выпіхнула са свайго чэрава размова, і Ала, якая зь дзіўнай пыхаю ўтаропілася ў пясцовую поўсьць.
— Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў? — прамовіла Тая, у сьвядомасьці якой зь неверагоднай хуткасьцю раскручваўся доўгі зьвітак, склеены з усіх кнігаў пра каханьне, якія яна калісьці чытала. — Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў?
— Ну, а што… Не крычыце на мяне! — залямантавала раптам Жана. — Ведаю. Сказаў. Табе што з гэтага?
— Можа й мой Юрачка — гэта… — сказала Ала. — Кіно-о-о…
— Як ён выглядае? — спытала Тая, ускочыўшы з крэсла. — Як? Гавары!
— Росту невысокага, моцны. Абязьян такі.
— Апранаецца як?
— Нармальна апранаецца. Куртка, джынсы, швэдар шэры… касьцюм зрэдку…
— З горлам швэдар? З горлам?
— Ну, пад горла. Тая…
— Майткі якія? Кажы, сука!
— Сінія ёсьць… з рыбамі… сямейнікі такія… Кітай яшчэ… там драконы сьпераду.
— Я ж заб'ю цябе, — як злы гном, Тая прабегла да століку ля сьцяны, схапіла мэдыцынскія нажніцы. «Яна зараз як афігелая бабулька,»— адзначыла пра сябе Ала, здымаючы футра — папсуе яшчэ, і павольна рушачы да кабінэту Жаўткова. — Я ж заб'ю цябе, — ціха паўтарыла Тая, падыходзячы да Жаны зусім блізка. Жана, вышэйшая за Таю на дзьве галавы, плакала, але ня рухалася зь мейсца. «Ратаваць,»— вырашыла Ала й крыкнула: «Я ж зь ім сплю таксама!» Тая азірнулася на яе, потым кінулася да шафы, дастала пад дружны звон падаючых флякончыкаў нейкую бутэлечку й вельмі трапна запусціла Але ў твар. Пакуль Ала, пратрубіўшы нешта нецэнзурнае, вызвалялася ад рэшткаў футра, Тая ткнула Жану нажніцамі ў жывот. Але ўдар быў слабы, лязо застрала ў Жанінай кофце, Жана адплюшчыла вочы й схавала галаву ў плечы. Тая сядзела на падлозе, уся ў ваконным яркім сьвятле, якое распадалася на геніяльна выяўленыя, зручныя для лоўлі маленькія вясёлкі. «Сукі, блядзі, посьцілкі, курвы… Я ж усё Юры распавяду, я Андатраву скажу, у яго пісталет,»— мармытала Тая, размазваючы па твары соплі.
— Ну-ну, — сказала Ала прымірэнчым голасам і падняла з падлогі бутэльку. — Адкуль жа мы ведалі…
— Гэта жыцьцё, Тая, зразумей, — сказала Жана. — Мы ж цябе ўсе любім. Ну падзялілі твайго мужыка, так ужо атрымалася. Цікава атрымалася. Ты ж сама баба, зразумей нас.
— А зь Юрачкам разьвесьціся трэба, — пагладзіла Ала Таю па валасах. — Дзяцей няма, нічога не трымае.
Яна прысела побач з Таяй на кукішкі, абняла.
— Не, я падумала, гэта ж трэба — усё складваецца… Усе яны кабялюгі, ёбары даўбаныя.
— Каб я… каб я паміж вамі яго падзяліла… — Тая была падобная на варанага пяцісотгадовага карузьліка.
— Гісторыя, вядома, — проста кіно здымай, — пагадзілася Ала. — Але сама падумай. Яму адно трэба — блядаваць. А ты, дзяўчо, памылілася адрэсаю. У свае дзьверы грукаць трэ было, а ня лезьці да бараноў гэтых.
— Вы, вы ва ўсім вінаватыя… — усхліпнула Тая.
— Таечка, не для цябе ён, — падсела да іх Жана. — Ня трэба ты яму.
— Я пра вас забыць хачу! Курвы! — зноў заравела Тая. — Вы ва ўсім вінаватыя.
Ала й Жана саркастычна пасьміхнуліся адна адной.
— Мы, мы вінаватыя, — сказала Ала, усаджваючы паслухмяную Таю на крэсла. Жана кінулася дапамагаць ёй апранаць спадніцу. — Мы, — паўтарыла Ала, дастаючы са стала «Клоназэпам». — Толькі супакойся. У таксі паплачаш.
— Я яго заб'ю, — прашаптала Тая. — Атручу… яйкі адрэжу… Ён жа й вас… гэтак прынізіў…
— Ты ж сама разумееш, што не заб'еш і не адрэжаш, — прыкрыўшы далоняй вочы, сказала Ала. Спадніца на Таю ўрэшце была апранутая. Жана глядзела на сябе ў люстэрка і адначасова мацала жывот. — Развадзіся.
— Што ж мне рабіць? — прамовіла Тая празь сьлёзы. Дзьверы ў суседні кабінэт расчыніліся, і адтуль паказалася паў-Жаўткова.
— Што за крыкі? — рыкнуў ён, але, убачыўшы Таю, палагаднеў.— Што здарылася? Па тэлефоне размаўляю, чую — крычаць.
— Палец дзьвярыма прышчаміла, — хутка сказала Ала й кінулася да дрыжачага таінага мезенца. — Усё, зараз усё будзе добра.
— А, — сказаў Жаўткоў і ператварыўся ў гладкія белыя дзьверы.
Тая, усё яшчэ румзаючы, накінула паліто, выйшла і тут жа вярнулася.
— Я прыдумала, — Тая ўсьміхнулася, мінулая Тая заплакала зноў, але шанцаў на перамогу ў яе ўжо не было. — Прыдумала. Дасканалая помста. Прыгожая, элегантная. Вы таксама ў гэтым возьмеце ўдзел.