Выбрать главу

Цяпер дачны пасёлак няўхільна прачынаўся. Стах ускіпяціў сабе гарбаты, намазаў маслам хлеб і пачаў распакоўваць заплечнік, які ўжо пасьпеў набыць пах нейкіх сутарэньняў ды прамокнуць зьнізу. Бутэрброд, які Стах зрэдку кусаў ды перакладваў з трумо на тумбачку, з тумбачкі на падваконьне, з падваконьня на стос старых газэтаў, стаў урэшце да агіды гнуткім, і Стах выкінуў яго ў вакно.

У юнацтве ўлюбёным заняткам Стаха было стварэнне тэкстаў. У нейкай меры гэта была самая арыгінальная літаратура на сьвеце. Стах пісаў артыкулы пра сябе для энцыкляпэдычных даведнікаў, якія стаялі на паліцы ў ягоным пакоі. Напрыклад, такія:

Аляксандр СТАХОЎСКІ (г.н. 1970) — выдатны — скі археоляг, доктар навук. Сярод ягоных заслуг — адкрыцьцё й вывучэнне знакамітага Стыр'еўскага кургану (1987), Пархоміцкай пячоры, Верхнекорчынскіх магільнікаў. Аўтар працаў «Быт усходніх Славянаў на аснове вывучэння Стыр'еўскага кургану», «Параўнальнае вывучэнне Стыр'еўскага кургану й паўночнаўкраінскіх магільнікаў», «Стыр'еўскі курган як сьведчаньне паходжаньня культу грыба ў паўднёвых плямёнаў Пакемоньня», «Верхнекорчынскія магільнікі й крах яраўлянскага паганства», навукова-папулярных кніг «Славянскія сталакціты», «Сталагміты клічуць» і «Легенды аб Верхнім Корчыне». Член-карэспандэнт Акадэміі навук і Ганаровы член сусьветнай асацыяцыі археолягаў.

Або такія:

Віктар СТАХОВІЧ (г.н. 1970) — вядомы — скі паэт, ляўрэат Маладзёжнай прэміі імя Ў. Дубатоўка, Дзяржаўнай прэміі БССР, італьянскай прэміі П. Пазаліні. Творчасьць спалучае ў сабе вострую актуальнасць, пранізьлівы псыхалягізм і своеасаблівую, пабудаваную на супярэчнасьцях, лірыку. Лёс В. С. трагічны. Прайшоўшы афганскую вайну, эміграцыю (з 1991 г. — у Кітаі, потым перабраўся ў Парагвай) і некалькі хваробаў 1-ай ступені, В. С. скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна сваёй сядзібы ў Асунсьёне. Позьняя творчасьць B.C. адзначаная несумненным уплывам старажытнакітайскай паэзіі. Аўтар паэтычных зборнікаў «Аслепленыя месяцам», «Хованкі», «Кола акрэсліць вораг», «Анёлы пужаюць мяне», «Парабала», «Выпрабавальнік сэрца», «Бывай, Гуарані!».

Ці яшчэ:

Алег СТАХАЎ (г.н. 1969) — знакаміты — скі інжынэр, вынаходнік Кантралятара (ем. Кантралятар). Нар. у — ску, скончыў Дзяржаўны політэхнічны інстытут па сацыяльнасці «Аўтаматызацыя кантрольных сістэмаў рэгуляцыі». Ганаровы рацыяналізатар — cii. Супрацоўнік Інстытута аўтаматызацыі імя Ф. Э. Шляпкова.

Ажыццяўлялася ўсё гэткім чынам. Той артыкул у энцыкляпэдыі, які меў няшчасьце пачынацца на Стах-, бязьлітасна, але ахайна выразаўся. На ягонае месца Стах уклейваў свой, аддрукаваны на пішучай машынцы, папярэдне наклеіўшы на зваротны бок перавернуты выразаны. Усе без выключэння таўстыя, цяжкія кнігі — спадчына вялікага бацькі — што сытымі прысяжнымі паселі на доўгую паліцу ў пакоі Стаха, падвергліся падобнай апэрацыі. У ва ўсіх цяпер быў ён, Стах, які ўвабраўся ў маналіт старонак і выдаваў сябе хіба што буйнейшым шрыфтам. Стах-вынаходнік, Стах-палітык, Стах-літаратар, Стах-археоляг, Стах-скульптар, Стах-касманаўт, не кажучы ўжо пра Стаха-урача.

Стах-Стах-Стах — мара, якая звычна ўяўляецца ў форме не каўбасы, але птушкі, уздымаецца ў паветра з падваконьня дзіцячага пакоя, ляпаючы вялізнымі крыламі, і зьнікае за сьцяной суседняга дзевяціпавярховіка. Тады ён напраўду хацеў стаць знакамітым, трэба толькі было абраць усё-ткі, да чаго прыкласці свае таленавітыя, у чым ён не сумняваўся, рукі. Вясёлае юнацтва, якое гэтак лёгка кідае водсьвет у будучыню — зманлівы водсьвет ад неіснуючага вагню. На якім стале, між якіх анкетаў і ведамасьцяў на заробак яно забытае, разам з асадкаю, якой ты падпісваў смяротны прысуд самому сабе. Птушка зьнікала, і вярталася, і глядзела праз ваконнае шкло ў дзіцячы пакой, што стаў ужо надта вузкім, і аднойчы зьнікла за дзевяціпавярховікам назаўжды. І паспрабуй параўнай мару з чым-небудзь іншым.