Выбрать главу

Рабіць было няма чаго. Стах кінуў лісток у купу газэтаў. «Дэбютант хераў,»— сказаў ён напаўмасу. І дом, і сад, і нядаўняя мілая, мілая, мілая дзяўчынка — усё зараз страціла фарбы, скінула са сваіх чароўных плечукоў, якія насамрэч апынуліся кашчавымі, прагнілымі вешалкамі прызначаны шарм і абяцаньне бяздумнага, чыстага задавальненьня. Пацямнела, пашарэла, бухнулі раздражнёна дзьверы, дом зарыпеў; з гэткім гукам, нібыта іх ванітавала, крыкнулі за вакном вароны. Стах адчуў смурод нейкага далёкага туалету, як на злосьць прынесенага ветрам акурат на ягоны ўчастак. У выдуманым папом Гапонам Новасібірску палыселы, азызлы Аляксандр Ідыётавіч Казанкоў бяззуба й зласліва пасьміхаўся, кульнуўшы шклянку кедравай самагонкі.

Стах зноў кінуўся на ложак, зноў запаліў, шкадуючы пра выпушчанае на волю цяпло, потым рашуча ткнуў цыгарэту ў запляваную бляшанку. Падняўся пругка й спартыўка, хутка абуўся й выйшаў у сад. За плотам зноў чуўся сьмех маленькай жанчыны. Заела гэты дзень, ці што? Бакавым зрокам ён убачыў Таю, якая цяпер піла каву, цудоўна апякаючы сабе пальцы, — уся ў німбе з найтанчэйшае пары. Стах выйшаў на вуліцу, абыйшоў вольва, таямнічы напаўспалены дамок, каленку, кучу сьмецьця, на якой уладкавалася, бессаромна рассунуўшы ногі, лялька — фарбаваная бляндынка, доўга йшоў праз участкі — сямнаццаты, пятнаццаты, калючы дрот агрэсту, штабэлі шыфэру, блёкі яблыкаў, крыгі дроваў, грэбля грабляў, мокрыя кармушкі, хаўрусы друзу, рай сарайчыкаў, учадзелыя дачнікі, запахла чыгункай: «Дзе тут можна патэлефанаваць?»— «Ля станцыі, на другім участку». Дубраўскі капаўся ў гародзе й Стаха не заўважыў. Праз задратаваную агароджу была відаць электрычка, якая толькі што прыбыла — зь яе ніхто ня выйшаў. Стаху адчыніла шырокаротая дзяўчына. «Прабачце, можна патэлефанаваць,»— сказаў Стах цяжка, па-сабачаму дыхаючы, і ступіў у калідор. Роўна праз тры гудкі слухаўку зьнялі. «Кірылу Антоныча,»— сказаў Стах, усё яшчэ задыхаючыся. «Я Кірыла Антоныч,» — адказаў спакойны, як маць-сыра-зямля, голас. «Кірыла Антоныч, гэта Стах.» — «Ну.» «Гэта, Стах, мы з вамі пілі пазаўчора…»— «Гэта ты піў, а я дома зь сям'ёю адпачываў,»— запярэчыў Кірыла Антоныч — зрэшты, даволі паблажліва. «Так, вы памятаеце, вы казалі… пра прадпрыемства… туды яшчэ м-можна… уладкавацца?»— «Можна.» Стах нібыта ўбачыў перад сабою мудрую ўсьмешку дзядзькі і ўсміхнуўся сам, самому сабе палохаючыся. «Можна. Прыходзь заўтра а дзясятай. Да прахадной.»— «Дзякуй вам, Кірыла Антоныч.»— «Ну, бывай, Стасік,»— сказаў дзядзька й паклаў слухаўку.

— Плаціць, між іншым, трэба за тэлефон, — Дубраўскі стаяў у праёме, у галіфэ й мокрай майцы. Стах машынальна сунуў руку ў кішэнь. — Ну ды добра, — працягнуў Дубраўскі ды выйшаў. Стах выйшаў за ім. — Пра маньяка чулі? — спытала шэптам шырокаротая дзяўчына, зачыняючы за ім дзьверы, але ён утаропіўся на яе няўцямна, і тая, паціснуўшы плячыма, тарганула ручку дзьвераў на сябе.

Для чалавека, які сядзеў перад Стахам, працоўны кабінэт зьяўляўся, відавочна, нечым большым за памяшканьне для штодзённай работы. Лёгка было заўважыць, зь якой асалодаю ён браў у рукі пульт кіраваньня вэнтылятарам, зь якім кепска схаваным задавальненьнем гладзіў беласьнежнаю мышкаю ейны ж уласны дыванок, якім шчасьцем напаўняліся ягоныя вадзяністыя вочы, калі ён высоўваў шуфляды дабротнага, зручнага стала, выгляд якога незямнога раскашаваньня набываў ягоны нібы сплецены з сотняў выкшталцоных кароткіх рысачак твар, калі чалавек гэты закідваў нагу на нагу і аглядаў вялікі плякат зь лягатыпам прадпрыемства, што закрываў напаўпразрыстую сьцяну. Хаця гаспадар кабінэту быў Стаху прадстаўлены па ўсёй форме, і Стах нават мог даведацца, як завуць бацьку гэтага чалавека, тром простым словам так і не ўдалося замацавацца ў Стахавай памяці. Для сябе Стах вырашыў называць гэтага вялікага, як яму сказалі, начальніка, Мурло — падчас вандраваньня па паверху ён бачыў на адных зь дзьвярэй шыльдачку з такім прозьвішчам.

Напачатку Мурло не зьвяртаў на Стаха аніякае ўвагі, быццам знаходзіўся ў кабінэце адзін. Мурло сядзеў перад кампутарам, пальцы ягоныя заклапочана перабіралі плястмасавыя чоткі, зрэдку адцягваючыся на мыш, сьвятло манітора надавала вачам гэтага чалавека ўсялякія яркія ненатуральныя адценьні, проста не Мурло, а Кібэрмурло. Зрэдзьчас Мурло нават начэсваў нагу, какетліва прыпадымаючы калашыну нагавіцы ледзь не да калена. Стах сядзеў у вельмі ўтульным скураным крэсьле, азіраўся навокал. З плякату на яго наўскос глядзеў мужык, які настолькі нагадваў Кірылу Антоныча, што ў Стаха ўзьнікла падазрэньне, ці не займаецца гэты ягоны новы старэйшы сябра пазыраваньнем у вольны ад малярства час. Уласна кажучы, лягатыпам прадпрыемства зьяўляўся сам чалавек — паводле сьмелай задумы мастака анатамічныя асаблівасці мужыка на плякаце плаўна пераходзілі ў стылізаваныя літары. У кабінэце яшчэ пахла Кіры лаю Антонычам — часнок ды адэкалён, а можа, адэкалон «Часночны». Сам Кірыла Антоныч абмежаваўся прадстаўленьнем Стаха й Мурло аднаго адному й зьбег, спаслаўшыся на тэрміновую працу — «пасьля пажару ў агапэ работы проста нямерана».