Нарэшце Мурло пагадзіўся са сваім кампутарам, што чалавеку сапраўды не зашкодзіць зачыніць парачку вокнаў, зірнуў на Стаха й зрабіў да яго паварот на крэсьле-круцёлцы. Стах пастараўся надаць вачам багемнасьці. Мурло надзеў акуляры й глыбока ўздыхнуў, рыхтуючыся да ўсьмешкі.
— Значыць, працаваць.
— Працаваць. Я…
— У нас.
— Так. Мне каза…
— На прадпрыемстве.
— Кірыла Антоныч паведаміў мне, што вам трэба маляры.
— Маляры. Вы маляр?
Стах разгубіўся, і гэта было пагатоў крыўдна, бо яшчэ хвіліну таму ўпэўненасьцю сваёй ён думаў падзяліцца з Мурлом. Самае ж паганае было ў тым, што ён насамрэч ня ведаў, што адказаць. Атрымлівалася глупства, зусім невясёлае, немастацкае й несправядлівае. З аднаго боку, малярствам ён ніколі не займаўся, і, натуральна, маляром сябе назваць ня мог. З другога боку, ну што гэта за прафэсыя — маляр, тут што, дыплём трэба мець, або талент? З трэцяга, і самага неадольнага боку, раз ён не маляр, то нашто ўвогуле ён прыйшоў сюды і адымае час у чалавека — мурло мурлом, але гаспадар кабінэту быў на працы, прычым дзяржаўнай. Існаваў яшчэ й чацьверты бок: не казаць жа Мурлу, што ён, Стах, не маляр.
Мурло сядзеў, апусціўшы галаву, і з інтарэсам разглядваў пальцы, што нядаўна так спрытна перабіралі чоткі клавіятуры. Стаху падалося, што Мурлу нейкім фантастычным чынам усе ягоныя разважанні дасяжныя, і ён адчуў самы натуральны страх. Прычым гэта быў не высакародны страх мастака перад дзяржаваю, а дробненькі, і адтаго гнюсна-млосны страх школьніка, якога спаймалі на хлусьні.
— Маляр, — млява кінуў Стах пасьля недарэчна доўгай паўзы, каб хоць неяк падагнаць разьвіцьцё падзеяў.
— Цудоўна, — у тон Стаху прамовіў Мурло. — А дзе працавалі дагэтуль?
— Я мастак-канцэптуаліст, — заявіў Стах з выклікам. — У мяне было некалькі выставаў. Так што з фарбаю я знаёмы. Не па чутках. Калі мастака з вышэйшай адукацыяй вам ня трэба, калі вам патрэбны ўсяго толькі дасведчаны рамесьнік, то… Ня будзем марнаваць час і разьвітаемся. Я лічу, гаворка можа йсьці пра супрацоўніцтва мастака й прамысловага прадпрыемства. А калі не…
На апошніх словах голас Стаха сарваўся на прыцішаны віскат, як у падлетка, затрымцеў, і Стах адчуў з сорамам, як да шчокаў прылівае здрадніцкае цяпло. Мурло зноў апусьціў вочы і ўсміхнуўся:
— Ды не хвалюйцеся вы так. Усе творчыя асобы…
Пры гэтых словах Мурло выпрабавалі паглядзеў на Стаха — як падзейнічае на яго такая лабавая лісьлівасьць. Падзейнічала, Стах зразумеў, што творчая асоба, пад якой разумеўся ён, была ўведзеная наўмысля, дзеля тонкага садысцкага зьдзеку (Мурло паводле становішча свайго мусіў ненавідзець творчых асобаў за сваім сталом і любіць іх выключна ў тэлевізыйным выглядзе), але на шчацэ Стаха ледзь не зьявілася ўдзячная сьлязіна.
— …такія нэрвовыя. Што ж, я разумею, натхненне — бура, а не Чыжоўскае водасховішча. Проста Кірыла Антоныч не сказаў мне, што на прадпрыемства просіцца працаваць такі таленавіты чалавек. Даруем яму гэта. Не хвалюйцеся, прымем мы вас на працу. Пагатоў рэкамэндацыя ў вас маецца, і не ад каго-небудзь, а ад аднаго з нашых вэтэранаў. Кірыла Антоныч — вельмі паважаны на прадпрыемстве чалавек, да таго ж вайну прайшоў, заслужаны дабэрліншчык…
— Хто, даруйце? — не ўтрымаўся Стах. Яму падалося, што ён не дачуў, або… Або гэта сацыяльнасць нейкая. Тое, што адбывалася ў кабінэце, усе больш нагадвала тэатр абсурду, пофлую фепялявую кафку.
— Да Бэрліну дайшоў,— патлумачыў Мурло абсалютна спакойна. — А праца, можаце не сумнявацца, у вас у кішэні. Маляры, ды й мастакі, на прадпрыемстве заўсёды патрэбныя. Толькі вось… Хаця не, паспрабуем па-іншаму.
Мурло перагнуўся праз стол. За ягонай сьпінаю на экране манітору калыхаліся залатыя рыбкі.
— Скажыце мне, толькі шчыра — вы гатовыя тры месяцы працаваць на прадпрыемстве бясплатна, адмовіўшыся ад заробку?
— У вас што, несвоечасова выплочваюць заробак? — расчаравана прастагнаў Стах.
— Не, не, вы няправільна мяне зразумелі. Я прашу вас паразважаць выключна тэарэтычна. Прадпрыемства насамрэч выплочвае ўсім сваім работнікам грошы дакладна і ў поўным аб'ёме. Але ўявіце такую сітуацыю — пагадзіліся б?