Выбрать главу

Стах рушыў наперад па алеі. Хутка насустрач яму сталі трапляцца мясцовыя насельнікі. Ён, відаць, трапіў сюды ў самы разгар працы, так што на пляцы рабочым няма чаго было рабіць, а тут, на алеі, іх было досыць шмат. Адныя зь іх існавалі застылымі фотапартрэтамі, што ўсьмешлівай чарадою, бы помнікі на могілках, ціснуліся да ліпаў. Другія крычалі, рухаліся, тупалі, але амаль ніхто не ўсміхаўся. Многія грэлі рукі ў кішэнях рабочых куртак, іншыя былі апранутыя па-лецішчаваму, у ні да чаго ўжо не прыдатныя спартовыя трыко, швэдры, джынсы. Урэшце Стах знайшоў двух рабочых, якія нікуды не сьпяшаліся, проста стаялі й палілі каля голай сіняй сьцяны без намінкі на вокны або дзьверы. Ён прыпыніўся ля іх, упершыню бачачы работнікаў прадпрыемства прыкладна адных зь ім, Стахам, гадоў. Глядзеў Стах на іх, мусіць, залішне ўважліва, бо рабочыя заўважылі ягоны непрыхавана зацікаўлены позірк і пачалі нэрвова мясіць нагамі сьнег. Стах стаяў нібы зачараваны. Гнілазубыя маладзёвы ў лыжных каптурках спынілі лянотную размову і адвярнуліся. Адзін зь іх ня вытрымаў. — Чаго зырыш? Підар, ці што? — спытаў ён, высока загінаючы пасінелую верхнюю губу. — Хадзем, гэта карэспандэнт, відаць, — працэдзіў праз зубы ягоны таварыш і нечакана адчыніў у абсалютна голай сьцяне невялічкія дзьверы. Маладзёвы ўвайшлі ў цямрэчу й перад Стахам зноў весела засінела сьцяна.

Раз-пораз між людзей у спэцадзеньні трапляліся й людзі ў дублёнках і паліто. Чым далей ішоў Стах, тым больш сустракаў народу. Ён пачуваўся сярэдневечным рыцарам, што прыехаў у незнаёмы горад і цяпер, адклаўшы на потым пошукі пастаялага двара, з інтарэсам, але наўздагад прабіраецца па вулачках, назіраючы з вышыні за тубыльцамі.

Пра вышыню мы ўзгадалі невыпадкова. За пяцьдзесят гадоў існаваньня прадпрыемства здолела ўзгадаваць адмысловую пароду чалавека, якая паводле сваіх антрапамарфічных якасьцяў вылучалася з агульнай масы жыхароў места. Мужчыны тут былі пераважна нізкага росту, каржакаватыя, зь вялікімі прыплюснутымі галовамі, зь якіх, як наросты на бульбе, тырчэлі масіўныя сківіцы. Маленькія, амаль незаўважныя лбы, поўная адсутнасьць шыі, кароткія, але тоўстыя рукі з зеленаватымі абрубкамі пальцаў. Хада іх таксама была спэцыфічнай — яны рухаліся так, як быццам мелі паміж ног крывавую рану, пастаянна падскоквалі, шырока расстаўлялі свае дугападобныя ніжнія канечнасьці, крывілі рты ў грымасах болю ды агіды. Яны рана лыселі. Стах яшчэ не дайшоў да трэцяй вулкі, а ўжо сустрэў трох сваіх аднагодкаў, абыякавасць якіх да галаўных ўбораў дазваляла разгледзець выразныя пляшыны. У многіх, як кветкі з мудрагеліста змайстраваных гаршчкоў, расьлі з вушэй густыя рудыя валасы. Большасць мела смарагдавыя пракураныя вусы, у тон зубам. Размаўлялі тутэйшыя людзі гучна й рэзка, нават калі стаялі зусім блізка адно ад аднаго, і пара з іртоў зьмешвалася, клубілася, засланяючы твары суразмоўцаў, сімвалізуючы сяброўства й паразуменне, спрыяючы хлусьні. Улетку з гэтай задачай пасьпяхова спраўляўся тытунёвы дым.