Сярэдні рост жанчын прадпрыемства таксама не перавышаў паўтары мэтры. Гэта былі пахілыя істоты зь вечна апушчанымі галовамі, нібы кожная зь іх спадзявалася адшукаць у сьнезе згублены кімсьці кашалёк. Залатыя зубы, відаць, зьяўляліся тут асаблівым шыкам. Сонца нібыта дапамагала Стаху, выхопліваючы з ідучых насустрач яму людзей пераважна тых, хто вёў, шырока разяваючы рот, крыклівую гамонку, — золата ўспыхвала то тут, то там.
Прамінуўшы так пяць ці шэсьць скрыжаванняў, Стах вырашыў зьвярнуць з алеі направа. Тут сонца стала паменей, а сьнегу паболей. Двое мужчын прыбівалі да сцяны непаслухмяны белы транспарант, трэці з дыпляматам у руках стаяў трохі воддаль, заглынаючы ўласную пару. Транспарант складаўся з трох кавалкаў матэрыі, на кожным зь якіх было блакітнай фарбай выведзена па слову. З заключным рабочыя ўжо справіліся — зь нейкім анэкдатычным падкітайчваньнем ён абвяшчаў: «Чалавека». Чвякаючы, у сьцяну ўсмакталіся, дзіўным чынам не даючы вуліцы аніякага рэха, два цьвікі, потым яшчэ два. «От так,»— праскандаваў адзін з рабочых зь вясёлай злосьцю. — «Уейбожылі.» Чалавек з дыпляматам нецярпліва пагойдваўся на зьмерзлых нагах. Яшчэ чатыры цьвікі былі ўвагнаныя менш чым за адну сэкунду. «Уейбожылі, ят-табе кажу,»— прамовіў шчасьліва рабочы, падыхаўшы на пальцы і зьвяртаючыся хутчэй да сьцяны, чым да напарніка. Рабочыя селі на нешта чорнае, шурпатае, што валялася недалёка, пацягнуліся па цыгарэты. — Э-эй, — завішчаў чалавек з дыпляматам. — Тут яшчэ спачатку было слова!
Словы на транспаранце — «упрыгожвае чалавека»— сапраўды патрабавалі яшчэ аднаго. Рабочыя, не адляпляючы ад вуснаў цыгарэты, узяліся за працу. Стах прамінуў іх і пайшоў далей. «А вось і атрымаецца, што слова гэтае — зусім ня тое, якое тут просіцца,»— падумаў Стах, нібы пярэчачы камусьці. «А вось і станецца зараз так, што слова гэтае… ну, напрыклад, „сэкс“, або „опіюм“. Вось зараз абярнуся…» Стах абярнуўся й расчаравана ўздыхнуў.
Вакол па тонкім лёдзе сьлізгалі траскія жанчыны на электракарах, спрабавалі акапацца адзінарогія трактары. Над адчыненым люкам круцілася, марна намагаючыся ператварыцца ў джына ці хаця б у бабруйскі джын белая пара. Вецер гнаў яе аж да канца вулкі. За агароджаю ўзвышалася дыстрафічная арабіна — гронкі як казіны гарох. Засьнежаная лавачка.
Ля лавачкі стаяў чарговы рабочы й, са смакам зацягваючыся, паліў клясычную тугую беламорыну. Магутныя плечы падбіралі пад сябе марознае паветра, цешыліся, пераможна ружавеючы, вушы, рухалася пад брудным, зьдзервянелым швэдрам самадастатковая грудная клетка. Кожная з ног напірала сьнег спакойна й грунтоўна, паказваючы свету, што іхны ўладальнік прыйшоў сюды ўсур'ёз ды надоўга. «Які тыпаж,» — прыйшоў у захапленьне Стах. «Трэба загаварыць. Пара ўлівацца. А то стаю тут як…» Ён з зайздрасьцю акінуў вачыма кароткі вожык рабочага й падыйшоў бліжэй, дастаючы цыгарэты. На бяду, запальнічка ў замерзлых Стахавых руках аб'явіла страйк. Пакуль Стах выкалочваў зь яе хаця б каліўца вагню, рабочы з пагардаю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі і энэргічна распраўляўся з рэшткамі свайго перапынку.
— Даўно на прадпрыемстве? — нарэшце запаліўшы, спытаў сіпла Стах. Нічога лепшага яму ў галаву не прыйшло, а выведваць, што азначае надпіс па-над ганкам бліжэйшага будынку — ЦКіУ, яму падалося прыніжальным.
— Табе-та што? — прамовіў насьцярожана рабочы, не варухнуўшыся. — Ты з рэдзіва?
— Што? — Стах зразумеў, што зрабіў памылку. Колькі ён сёньня сустракаў людзей, якія лепш падыходзілі на ролю першага суразмоўцы.
— З радзіва, кажу?
— Не, я… — для свойскасьці чагосьці не ставала, і Стах уцяміў, чаго. — Я, бля, працаваць тут буду з заўтрашняга дня. Маляром, блядзь, узялі, грошы трэба. Ябаць! Ня думаў, што возьмуць. Як тут, бабла плоцяць троху?
Рабочы павольна павярнуў галаву.
— Я ў Кірылы… у Кірылы Антоныча буду працаваць, — сказаў пасьпешліва Стах, заклікаючы бога Дзядзьку ўзяць яго пад сваю абарону.
— У Антоныча? — пазяхнуў рабочы ва ўвесь рот, выставіўшы абломкі брунатых зубоў і белы язык. — Ну, Антоныч цябе хутка адвучыць мацюгацца. Я б сам павучыў цябе… троху, — дадаў ён зьдзекліва. — Але ў Антоныча лепей атрымаецца. Дзе вас бяруць такіх. Загадзілі прадпрыемства. Мазгі бы лепш гадаваў, а не валасы. Люмпэн-малалетка. Рым загубілі раскоша й разбэшчанасьць, а прадпрыемства зьнішчаць такія, як ты — асацыяльныя элемэнты, маргіналы, працоўная моладзь бяз клясавай свядомасці. Меў рацыю Зіневіч — на якім грунце могуць узьнікнуць сіндыкаты, калі прамысловая сфэра ператварылася ў прыстанішча самых неадукаваных слаёў. Пра авангард і галоўную сілу можна забыць…