Выбрать главу

На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.

Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.

— Яшчэ не маляр, ужо ня хлопчык, — так працэнтаваў сітуацыю Дзеленстап Каўкомавіч. Кірыла Антоныч жа выдастаў аднекуль з-пад стала алюміневую лыжку ды малянкоўскія шклянкі. Усе астатнія напружана маўчалі ў прадчуванні чагосьці важнага.

Стах пакрысе ачуняў. Ён нават здолеў правесьці аналіз зьмесьціва вядра й вызначыў, што ў ім утрымліваюцца фарба — на дне, і настой на фарбе — зьверху. Аналіз навакольля падказваў яму, што супраць яго задумваюць нешта нядобрае.

— Сябры мае! — сказаў Кірыла Антоныч так нечакана, што Стах здрыгануўся й ледзь ня ўпаў са стала. — Сябры мае маляры! Усе вы зьяўляецеся паважанымі й запатрабаванымі работнікамі нашага прадпрыемства. Усе вы ведаеце, які нялёгкі хлеб у чалавека нашай прафэсыі. Тым радасней сёньня нам усьведамляць, што ў шэрагі нашыя ўступае яшчэ адзін Адтулінец. Гэты чалавек пажадаў стаць членам нашай малярскай гільдыі, ён добраахвотна пагадзіўся дзяліць разам з намі ўсе цяжкасьці й радасці малярскае працы, пагадзіўся прыняць нашае сьветабачаньне, пагадзіўся служыць прадпрыемству верай і праўдай. Спытаем спачатку ў яго самога — ці йдзе ён у маляры добраахвотна, ці не абяцаўся ён іншай гільдыі?

Цыцка піхнуў Стаха ў бок і прашаптаў яму на вуха: «Кажы — добраахвотна, не абяцаўся». Стах машынальна паўтарыў, але потым спахапіўся й вырашыў у гэтай гульні болей не ўдзельнічаць. Аднак давялося — настолькі абсурдным было наступнае пытаньне.

— Ці не зьяўляешся ты карэспандэнтам якой-небудзь з цэнтральных газэтаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства з мэтаю напісаць пра яго паклёп?

— Не, — адказаў Стах неахвотна.

— Ці пагаджаешся ты ў такім выпадку аддаваць прадпрыемству ўсё, што маеш, працаваць у выпадку неабходнасьці бясплатна, падпарадкоўвацца любым загадам адміністрацыі, усведамляючы, што любая ўлада — ад бога, і не табе вырашаць, чарвяку й рабу, якія законы мусяць вызначаць нашае жыцьцё. Пагаджаешся? Цудоўна…

— Я не сказаў, што пагаджаюся! — ускрыкнуў Стах. — Я супраць. Я звальняюся зараз жа.

— Зваротнага шляху быць ня можа, — мякка сказаў брыгадзір. — Ты ўжо ведаеш надта шмат. Таму…

Стах зьлез са стала, да яго адразу ж падыйшлі Цыцка й Мурло.

— Але як жа так? — запытаўся Стах, краем вока ацэньваючы шанцы на ўцёкі.— Як жа я, чалавек, які вырашыў уступіць у слаўнае племя маляроў, магу быць адначасова рабом і чарвяком?

— Добрае пытаньне, — цярпліва адказаў Кірыла Антоныч. — Чамусьці ад часоў Пролава-дзеда яго ніхто не задаваў. Уся справа, Стасік, у тым, перад якім тварам ты паўстаеш на суд. Калі перад тымі людзьмі, што ніколі не працавалі на прадпрыемстве, то, вядома, ты слаўны маляр, які ў сілу свайго становішча й зьдзейсьненага працоўнага подзьвігу стаіць невымяральна вышэй за іх. Калі ж перад тварам генэральнага дырэктара Марлокіна або каго яшчэ вышэйшага, то ты раб і чарвяк. Бо мы ўсе маем зараз магчымасць мець кавалак хлеба толькі дзякуючы ім. Яны, паводле калектыўнае дамовы — наймальнікі. Выключна ад іх залежыць — караць нас або мілаваць.