Першае, што ён убачыў на сваім участку, былі сьляды. Ахайна пакінутыя ў вязкай стэрылізаванай зямлі на тым месцы, дзе калісьці быў гарод, яны вялі да адзінага ў доме вакна. Само вакно пакрыўджана рыпела, скардзячыся Стаху на ўварванне. Нехта вырваў проста з драўняным белым мясам кручок з унутранага боку, які й так, па шчырасці, трымаўся на саплях, і безь перашкодаў прабраўся ў дом. Сьляды былі вельмі выразныя, нібы чужынец адчуваў сябе зоркаю, што пакідае адбіткі сваіх ступакоў у бэтоне Алеі Славы. Стах тупа разглядваў іх, круцячы ў руках цыгарэту. Яму і ў галаву не прыходзіла, што незнаёмы можа й зараз знаходзіцца ў доме. Урэшце ён адшукаў пад ганкам ключы і ўвайшоў.
Відаць, злодзею даўно не шанцавала на добрую здабычу. Мяркуючы па тым, што быў згрызены кавалачак хлебу, які валяўся на тумбачцы ўжо падчас мінулага Стахавага візыту, і па пустым слоічку ад гарчыцы, якую некалі, невядома навошта, прывозіла сюды маці, мяркуючы па апаленых фільтрах Стахавых недапаліў, па адсутнасці зьвязку сушаных грыбоў, што віселі ў мінулы раз на цьвіку ля дзьвярэй, па голым ложку, зь якога былі зьнесеныя і сырая коўдра, і прагнілая падушка, гэты няшчасны чалавек быў задаволены любой рэччу, якую яму пашчасціла тут ухапіць. Ягоныя сьляды былі відаць і ў доме — шырокія плямы бурай зямлі. Злодзей скраў і ўсе тыя часопісы, што ляжалі на тумбачцы. Зрэшты, Стах ня стаў удаваць зь сябе дэтэктыву й выйшаў на двор. Тут ён ужо амаль з усьмешкаю зразумеў, што таямнічы наведнік рупліва сабраў яблыкі й забраў іх з сабой. «Вось за гэта дзякуй,»— сказаў Стах у цёмны дзьвярны праём. Не туды ты ламануўся, дружа. Вось там, за чыгункаю…
Верны Стахаў заплечнік утульна ляжаў на падваконьні, дзе таксама нага злодзея засведчыла сваю прысутнасць. Стах весела падхапіў яго, узважыў на руках. У вапошні час ён адчуваў у сваіх членах дзіўную ўпэўненасьць, нейкае абнаўленьне крыві. Калі раней ён спрабаваў дыктаваць рукам дзеяньні, і праз кволасьць і дрыготку ўласнае волі рукі слухаліся Стаха нехаця, змушана, то цяпер, здавалася, надыйшоў час поўнай гармоніі: рукі пачалі дыктаваць Стаху, якое файнае ім можна знайсьці прымяненне, і Стах з радасьцю падпарадкаваўся ім. Усміхнуўшыся ў бок бязьлюднай суседзкай сядзібы, ён не спяшаючыся, смакуючы кожны рух дастаў з заплечніку вялікую бліскучую бляшанку фарбы й па-дзіцячаму прычасаны пэндзаль. На бляшанцы жоўты чалавечак у жоўтым камбінэзоне маляваў сонца, бок якога быў аздоблены надпісам ікарусавага колеру — GELB.
Глыбока ўздыхнуўшы й заплюшчыўшы вочы, Стах правёў пэндзлем па шурпатай сьцяне. Навакольле адгукнулася зьдзеклівым рогатам электрычкі. «На адзінаццаць,»— падумаў Стах міжволі і зноў лізнуў дом сваім новым, атрыманым у падарунак ад Кірылы Антоныча валасатым сябруком. «Зараз набягуць… І Дубраўскі прыпрэцца. І, можа быць, Вольва, — сіні, сіні.» Ён адплюшчыў вочы. На прагнілай, мокрай сьцяне, падобнай да параненага боку даўно затанулага карабля, гарэлі, пераплёўшы хвасты, дзьве ўзбуджаныя кобры. Ікарусавы колер — колер, які ніколі не забыць эмігрантам. Гэльб!
І Стах прыняўся за працу. Адразу ж дом з паважнага пэнсыянэру ператварыўся ў неданошанае гаротнае дзіцё. Фарба сьцякала па ім, як сьліна. Напачатку Стах вырашыў праверыць сябе на хуткасць. Неўзабаве празь неахайна нанесены макіяж пачаў прасьвечваць бруната-зялёны здрадніцкі тон. Хуткасьць не прыносіла плёну — дзе-нідзе фарба ператваралася ў засохлую корку, якая на некалькі сантымэтраў выступала з паверхні, а ў іншых месцах толькі некалькі кволых палосаў сарамліва, але беспасьпяхова хавалі марачную гніль. Але паступова Стах намацаў свой рытм, і вось ужо фарба клалася на сьцяну роўнымі пластамі, і не ўтварала больш лініяў, карункаў, малюнкаў, адвольных арнамэнтаў, а пакрывала старое дрэва неаспрэчным і суцэльным колерам. Стах разыйшоўся, ён пачаў выдзёўбваць невідушчай нагой траншэйку ў зямлі, прытанцоўваць, ён знаходзіў адмысловае задавальненьне ва ўключэньні гэтага вадкага экрану на дрымучай сьцяне. Вусны ягоныя ціха завяліся, забомкалі, пратарахцелі нешта бязладнае, настройваючыся, ніжнюю губу нецярпліва ўкусілі скачучыя ў роце як фальклорны ансамбль зубы, — і Стах нечакана для самога сябе прагнусавіў на матыў бетховэнскага «Сурка»: