Выбрать главу

У Стахавым жыцьці вулкана-халасьцяка былі, натуральна, нейкія жанчыны. Шчыра кажучы, іх было дзьве, хаця Стах і пашыраў дзеля ўзьняцьця ўласнага аўтарытэту гэтае кола аж да тых, хто ўсяго толькі пагладжваў яго калісьці па галаве са спачувальным: «Дзіва нейкае, а не мужык.» Першай была сакурсьніца, для якой Стах стаўся нечым кшталту экстрэмальнага экспэрымэнту й ня больш чым чарговым чэлясам у аб'ёмістай капілцы. Другая была тоўстай дзяўчынай з падбародзьдзем прапаршчыка й вачыма Мальвіны — Стах пазнаёміўся зь ёй на адной выставе мастака Вішнёва, адчуў хвалю рабскай падатлівасьці, якая йшла ад ейнага шэрага цела, зацягнуў да сябе (маці якраз была на працы) ды расправіўся проста ў калідоры, на мацярынскіх гумавых тапачках. «Ты куды канчаеш, прыдурак?»— пяшчотна шаптала яна яму пад паху, салодка заплюшчыўшы неглыбокія вочкі, пакуль Стах пераможна біў ва ўсе званы. Ён кінуў яе праз тры дні, выкарыстаўшы да поўнае зьнямогі й паслухаўшыся агіды, што няўхільна патрабавала разрыву ўсіх адносінаў. Стахава дохлая волі сьпявала гімн, калі Волька, падскокваючы як тэнісны мячык, спускалася па сходах уніз, паўтараючы ягоныя словы: «Ты мне не патрэбная. Ты ніжэй за ўзровень маіх патрабаванняў. Ты не прыходзь болей.» Пры гэтым прыгожых жанчын Стах баяўся. Іхныя доўгія ногі вымагалі, на ягоную думку, багатырскай моцы й нечалавечай мужнасьці. Такіх жанчын любяць толькі ў кіно. Дый тое зь цяжкасьцю. Іхныя грудзі былі занадта самадастатковымі, іхныя похвы мусілі не кахаць, а жэрці, іхныя ільняныя пасмы былі створаныя, каб кіраваць. Ад такіх Стах уцякаў. Але Тая — яна не падыходзіла ні пад якую катэгорыю. Яна была… яна была аскепкам іншага сусьвету. Тай-йя!

Стах скалануўся. Ён даўно ўжо ўпакаваў сьцяну ў цесны жоўты строй, і цяпер ягоная рука фарбавала дом па новай. Недзе ля станцыі гулялі, вецер разносіў п'яную песьню, фарбы ў бляшанцы значна паменела. Канец Стахаваму ачмурэньню паклала сям'я, якая праходзіла гідлівым крокам міма ягонага дому. Погляд бацькі, нагружанага разнастайнымі распухлымі валізамі і ў прыдачу да іх раскладным крэслам, выражаў пажаданне прымусіць пяць мільярдаў чалавек выкапаць агромністую яміну, легчы туды і ўласнаручна засыпацца. Жонка ягоная, якая несла на манэр чамадану абагравальнік, прычытала сабе пад нос, дробненька й сапліва: «Вось зараз дойдзем, авойцікі зараз прыйдзем, зараз мы дойдзем, ну калі ж мы, божачкі, прыйдзем.» Вольнай рукой яна цягнула за сабою малое дзяўчо, якое лямантавала, паказваючы ўсяму сьвету малінавыя дзёсны: «Я не хачу на дачу! Я хачу да Паўліка! Пусьці!» Мужчына мерна прашмякаў міма дома, абдаўшы яго хваляй нянавісьці. Жанчына, выбіраючы шлях пасушэй, зірнула на Стаха з сумесьсю гордасьці й пагарды. «Я хачу да Паўліка!»— енчыла малая. — «Пусьці мяне, сука старая, я да Паўліка хачу! А яшчэ я хачу какаць!» Урэшце сям'я зьнікла за домам, але голас малой яшчэ доўга чуўся ў рухавым зімным паветры.