Выбрать главу

Гэтая працэсія адцягнула Стахавы думкі ад навязьлівага Таінага вобразу, які так настойліва малявала ягоная рука. Стах узгадаў пра калярыфэр, які быў схаваны ў адмысловым месцы й таму ня стаўся здабычаю злодзея, сагрэў крыху вогкі дом, зьеў пару бутэрбродаў з заплечніка, выпіў кавы, выпаліў пару цыгарэтаў. Дом ён дафарбоўваў ужо не спяшаючыся, з доўгімі цыгарэтнымі паўзамі. Фарбы ўсё адно засталося кот наплакаў. Прыйшоў Дубраўскі, з ухвалаю паглядзеў на Стахаву працу, нагадаў пра дзяжурства. — Памятаю, — зморана адказаў Стах. — Добра, пайду. Дубраўскі пачаў занудны інструктаж, Стах ня слухаў, намагаючыся сабраць рэшткі фарбы з самых далёкіх куткоў бляшанкі.— Зброю дасьцё? — спытаў ён між справаю. — Ну-у-у, зброю… — працягнуў Дубраўскі незадаволена. — Не паложана. Кожны з дзяжурных атрымлівае вось гэткі сьвісток. Ён міліцэйскі, вельмі надзейная штука. Калі што — сьвісьці, і я са сваёй стрэльбай — за пяць хвілінаў. Зразумела? Яшчэ пытаньні ёсьць?

Стах прамаўчаў. Урэшце няўрымслівы камітэтчык сыйшоў на свой участак, дзе ў яго быў абсталяваны, як ён сам выражаўся, «камандны пункт па затрыманні ды абясшкоджанні». Стах кінуў пустую бляшанку пад ганак і сабраўся паляжаць перад дзяжурствам.

— Хочаш кавы?

Яна зноў засьпела Стаха зьнянацку. Пара ад кубачку, які яна паставіла на плот, мяшалася з цыгарэтным дымам. Стах выцягнуў шыю, жадаючы паглядзець, ці стаіць вольва перад яе домам. Машыны не было.

— Муж дома застаўся, — прамовіла Тая абыякава, і шумна адпіла чорнага напою. — Я ўчора сюды на электрычцы рванула, на апошняй. Ледзь паспела. Дык хочаш кавы?

— Мне йсьці хутка… — нерашуча паглядзеў на яе Стах.

— Зьязджаеш?

— Ды не…

— Прагуляцца ахвота. Напрацаваўся, бедненькі хлопчык.

— Не, мне тут сёньня… Ну, карацей, на дзяжурства йсьці. Маньяк тут лютуе… Дык у пасёлку вырашылі патрулі арганізаваць. Ёсьць тут адзін… Дубраўскі. Дык ён і прыдумаў.

— Гэты лох у вайсковай форме?

— Ну. А твой муж, ён жа таксама будзе дзяжурыць…

Тая раптам зарагатала так, што скінула з плоту кубачак з каваю, а потым яшчэ расьціснула бедную плястмасу нагой.

— Хто — Юра? Ды ён гэтага Дурацкага нахер паслаў — і ўсе справы. Мы што — наняліся? А ты, як піянэр — дзяжурыць.

Яна выцерла з твару рэшткі сьмеху.

— Уяўляеш, я тут у часопісе такое прачытала — ёсьць дрэва, кара якога на смак — як хлеб. Адзін да аднаго.

Стах хмыкнуў, ня ведаючы, што сказаць.

— А яшчэ прачытала, што кожны мужык калі-небудзь здраджвае жонцы. Ну, што верных мужоў не бывае. Навогул.

Стах запаліў, прысеў на ганак.

— Слухай анэкдот, — сказаў ён, спадылба гледзячы на Таю й набіраючы ў грудзі паболей паветра. Яна не зьвярнула на ягоныя словы аніякае ўвагі.

— Гэта праўда? Што не бывае?

— Я не жанаты, — шчыра прызнаўся ён.

— Ну і што? Ты ж з мужыкамі жанатымі знаёмы? У піўнухах там, у лазьнях вы ж гутарыце.

— Ну… — закашляўся Стах. — Слухай, мне йсьці трэба.

Яна разьвярнулася й ні слова не сказаўшы пайшла да дому. Стах у роспачы глядзеў ёй усьлед. Але Стахавы кішэнныя багі на гэты раз праявілі літасьць. На паўшляху Тая спынілася, і яе мэлядычны голас ледзь дагнаў Стаха, якога дом ужо прымаў у свае спачувальныя абдымкі:

— А можа, мне з табой схадзіць? А?

Яны выправіліся патруляваць пасёлак, калі электрычка на сем трыццаць сем абвясьціла ўжо надыход шарае гадзіны. Паводле загаду Дубраўскага, Стаху ў дапамогу быў прызначаны яшчэ адзін дачнік — суханькі ватны прафэсар Ільля Раманыч. Таму вартаваць пасёлак ад невядомага вар'ята зусім не хацелася, і прафэсар уздыхнуў з палёгкаю, калі Стах і Тая хорам прапанавалі яму застацца дома, і, мітусьліва дзякуючы ім, пачаў здымаць толькі што з такою цяжкасьцю нацягнутыя боты. Прафэсар насыпаў Стаху халодных прышчавых яблыкаў і запрасіў наведваць ягонае лецішча ў любы час. Яблыкі Стах з маўклівай Таінай згоды выкінуў ля бліжэйшага павароту, што вёў праз статак недабудаваных катэджаў і нябачную ў цемры чыгунку да вялікага й дастаткова дзікага лесу. Тыя, хто ведаў геаграфію, маглі меркаваць пра ягоную велічыню — на хвост лесу за пятнаццаць кілямэтраў адсюль наступала сталіца. Мусіць, менавіта гэткі лес — зблытаны клубок зь лісьця, гальля, дрэваў, павуціньня, моху й папараць-кветак, у якім барахтаюцца прадстаўнікі зьвярыных ды птушыных нацменшасьцяў, а школьнікі раскопваюць муміі партызанаў ды іншых фрыцаў, і саступіў некалі месца льготніку па імені Прадпрыемства ў перапоўненым тралейбусе гісторыі.