Напачатку йшлі моўчкі. Ліхтарык, які Стах нёс у левай руцэ, марна спрабаваў падабраць ключ да густой цямрэчы, і адно ствараў непатрэбныя, аднак надзвычай актыўныя цені, што наступалі адзін адному на ногі і ўсё намагаліся рухацца паміж Стахам і Таяй. — Не баішся? — запытаўся Стах, назіраючы за тым, як па-насякомаму напаўзаюць на мазутнае неба зоркі. — Чаго? — паціснула яна плячыма, думаючы пра нешта сваё; Тая навогул стала з надыходам прыцемак нязвычна сур'ёзнай і раздражнёнай. — Я ж з мужчынам…
Яна памацала Стахаў біцэпс, ад чаго яму раптам стала козытна, і ён нечакана груба вырваўся, прыхлопваючы вуснамі вымушаную глупую ўсьмешку. Тая паглядзела на яго зь недаўменьнем і ўзяла пад руку. Лёд яе пальцаў у чорных пальчатках паласаваў локаць, студзіў кроў. Раззлаваны ліхтарык кідаўся ва ўсе бакі, падрубаў сваім промнем, нібы Лазарам, высокія шасты, на якіх перасоўваліся па навакольнай цемры загадкавыя волаты, на зямлю, да Таіных ног, валіліся бязгучна змрочныя платы і агароджы, буданчыкі ды кунгі, хаткі ды альтанкі; выплывалі шыфэрныя караблі ды дваровыя дрэвы на ланцугох.
— Я чаму пытаюся… — загаварыў Стах. — Адкуль ты ведаеш… можа, невядомы гвалтаўнік — гэта якраз ваш пакорны слуга?
— Які слуга? — падазрона паглядзела на Стаха Тая. — А, ты… Не. Для маньяка ты паводзіш сябе занадта ўжо па-маньяцку.
— Як гэта?
— Прыязджаеш сюды, як я бачу, без усялякае мэты, швэндаешся з дому ў сад, з саду ў дом. Нахабна глядзіш у двор да суседзяў. Бегаеш як дурны. Дом фарбуеш, калі зіма ўжо, і ўвогуле… Глядзіш пастаянна ў вадну кропку. Да мяне заляцаешся, прыстаеш.
— Я прыстаю?
— А вось вернемся дахаты, я пайду да Дубраўскае і распавяду, як ты мяне хацеў згвалціць… вунь за тым сараем. І ўсё — думаеш, табе хто паверыць? Маньяка шукалі — маньяка знайшлі. Ня можа ж такога быць, каб у вадным дачным пасёлку зьверствавала два маньякі. А?
Стах паглядзеў на яе ўважліва. Такая можа ўсё вытварыць.
— Да ладна, ня сцы. Ня выдам я цябе. Падатруся й паспрабую забыць. Хаця безумоўна, траўма на ўсё жыцьцё. Памятаеш, як заціскаў мне рот сваёй сьмярдзючай потнай далоняй? Як я абмякла ў тваіх грубых абдымках? Ах, гэта было так балюча, так брыдка!
— Тая… — прамовіў Стах з дакорам.
Яна тут жа спынілася й павольна-павольна, урачыста й да ачмурэньня спакойна паглядзела яму ў самыя зрэнкі. Стах адвёў вочы.
— А… а адкуль ты ведаеш, як мяне завуць?
— Ну, я ж быў на лецішчы ў мінулую суботу, і чуў, як ты размаўляла з мужам, і выпадкова…
Цікавасьць у яе вачох зноў прымусіла Стаха задрыжэць.
— Я ж кажу — псіх, — прамовіла яна супакоена. — Падслухвае чужыя размовы, лезе, блін, у асабістае жыцьцё… Папа Рацы, тата Карла!
Яны зноў пайшлі моўчкі. Урэшце дайшлі да таго сараю, за якім няісны Стах згвалціў няісную Таю. — А можа сапраўды… — мільганула. — Заваліць на замерзлы гной, скруціць рукі, зьняць зь яе гэткую тонкую на выгляд абгортку й… І потым зрабіць сабе сякераю харакіры. Затое, гледзячы на свой успораты жывот, буду згадваць, як… Наладзіць ёй такое вось спатканьне безвач. Файную ўсё ж кніжку напісаў той паляк. А пісаў жа пра нас, пра рускіх…
— Так, ну й сусед у нас, — загаварыла Тая ненатуральна гучна. — Дай і мне цыгарэту. Ну дай, дай. Што ты глядзіш, як паралітык? На суседзяў навогул шанцуе. Вось у нас у горадзе таксама сусед…
Так, за размоваю, пустой і дзіўнай, бо Тая, здавалася, зусім не магла размаўляць ні пра што, апрача свайго лялечнага жыцьця, і Стаха таксама прымала, мусіць, за аднаго з жыльцоў (не самага галоўнага) уласнага цацачнага доміку, а Стах баяўся сказаць што-небудзь ня тое й пазбавіць сябе шчасьця дрэйфаваць ля ейных бананавых берагоў, і прайшло першае Стахава дзяжурства. Яны ўжо падыходзілі да цаглянае сядзібы, дзе ля варотаў парадыраваў ліхтарык самаўпэўнены вольва, калі Тая нечакана запыталася, пазяхнуўшы:
— А цябе як зваць?
Стах вымавіў сваё ймя так, быццам гэта было мяно ягонага кроўнага ворага.
— Ты, відаць… Давай здагадаюся….
Яна пакруціла галавою, разьмінаючыся перад сустрэчай з мужам.
— Студэнт… а можа й не… ну, зьвязаны з… мэдыцынай… не, ты настаўнік! — усклікнула яна па-пракурорску. — Ты альбо настаўнік, альбо гэты… аспірант фільфаку! Угадала, а?
Стаху вельмі не хацелася яе расчароўваць.
— Амаль, — сказаў ён зьбянтэжана. — Я пісьменьнік… Паэт і празаік… Пішу эсэ, малюю… але гэта так, для сябе…
Такой рэакцыі на свае словы ён не чакаў. Яна спынілася, агаломшана адкрыла рот, пырснуўшы на Стаха каліўцам пахнучай кол-гейтам сьліны, правяла ўказальным пальцам па ягонай шэрай шчацэ.