Выбрать главу

Пакуль Стаху праца ягоная была даспадобы. Ня столькі празь ейны аднастайны зьмест, колькі праз антураж: людзі, сытуацыі, архітэктура, стасункі. На цяперашні момант праца для Стаха была суцэльнымі «аднойчы», а не абрыдлымі «як заўжды». Аднойчы брыгада ў перадпрацоўныя хвіліны разгадвала крыжаванку, а Стах сядзеў на сагрэтым Каўкомычам месцы ды радасна жаваў хлеб з салам, зьдзіўляючыся, наколькі смачнымі апынуліся гэтыя на выгляд такія неэстэтычныя прадукты. Мурло з алоўкам нахіліўся над газэтаю, і ўсе маляры, апрача Стаха ды Кірылы Антоныча, бралі ў забаве пасільны ўдзел. Спачатку ўсё йшло гладка, Сатурн круціўся вакол сонца, Волга ўпадала ў Каспійскае мора, і Генры Форд шаргатаў навюткімі нарвэскімі кронамі.— Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыс-тэнцыя… тэнія… цыяналіст! — прачытаў Мурло. — Вось, ё, няма Антоныча, можа, ён бы й ведаў. Панапісваюць… Ну, хадзем далей. Васямнаццаць: правы прыток… даліся ім гэныя прытокі…

— Сартр, — сказаў гучна Стах.

Усе павярнуліся на ягонае жаваньне.

— Падавіўся, маленькі?

— Сартр. Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыстэнцыяліст.

— А ты адкуль ведаеш?

— Ну, чытаў… «Млосьць» там, і яшчэ… Карацей, экзістэнцыялізм — гэта гуманізм.

— Чаго? Ты што, вучоны? Можа яшчэ і ўнівэрсытэт скончыў? Што ж ты ў малярох тады робіш?

— Дык дацэнтам жа плоцяць з хера капеечку, — падаў голас Бурцэвіч. — Гэх, мой вунь зараз вучыцца, дык хоць вучыўся б, а то ўсё кніжкі чытае. Скончыць, дасьць бог, дык на прадпрыемстве здохнуць з голаду не дадуць.

— Ведалі б вы… — карыстаючыся ўсеагульнай увагаю да сваёй пэрсоны, сказаў ціха Стах, — Калі б мне падчас маёй вучобы ў інстытуце хто-небудзь сказаў, што я апынуся тут, я б таму…

Аднойчы, калі Стах вісеў у сваёй карзіне й паглядваў ужо на цэхавы гадзіннік, чакаючы на абед, яго зьнізу гучна паклікалі. Стах махнуў рукой: «Спускайце!» і хутка ўжо стаяў перад сутулым маладым чалавекам у чорным паношаным паліто, да якога там-сям прыляпіўся каціны волас. Чалавек палахліва азіраўся, часта круціў вялікімі ружовымі вушамі, баючыся, каб якая шальная кропля фарбы не пацэліла да яго на адзеньне. Гледзячы долу, чалавек зьбянтэжана прамармытаў:

— Добры дзень, я карэспандэнт заводзкай газэты… Алег Ждановіч… хачу напісаць пра вас… Калі ў вас ёсьць некалькі вольных хвілінаў…

Стаху стала шкада гэтага сарамлівага маладзёна, які, па ўсім відаць, на прадпрыемстве нядаўна. Ён хітнуў галавою ў знак згоды і яны адыйшлі да чырвонага кутка, дзе селі на вялікую драўляную лаву. Тут карэспандэнт стаў пачувацца вальней, закінуў нагу за нагу, вочы ягоныя фальшыва засьвяціліся, тоўстыя вусны скрывіліся ў лісьлівай усмешцы. Нейкім казачным чынам у руках карэспандэнта апынуліся зашмальцаваны блякнот і танная асадка.